Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бушла́т, ‑а, М ‑лаце, м.

Суконная матроская куртка. Думамі кожны сваімі заняты Пра даўняе гора, пра блізкае свята, Толькі мужчыну, што ў флоцкім бушлаце, Не пазнае пасівелая маці. Грахоўскі. // Салдацкая куртка на ваце. Паношаны салдацкі бушлат ледзь не трашчаў на яго крутых плячах. Дамашэвіч.

бушме́н,

гл. Бушмены.

бушме́нка,

гл. Бушмены.

бушме́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бушменаў. Бушменская мова.

бушме́ны, ‑аў; адз. бушмен, ‑а, м.; бушменка, ‑і, ДМ ‑нцы; мн. бушменкі, ‑нак; ж.

Плямёны Паўднёвай і Усходняй Афрыкі, якія раней складалі яе карэннае насельніцтва.

бушпры́т, ‑а, М ‑рыце, м.

Гарызантальны або нахільны брус, які выступае ўперад з носа судна і служыць для вынясення ўперад насавых парусоў.

[Гал. boeg — пярэдняя частка карабля і spriet — шост.]

буякі́, ‑оў; адз. няма.

1. Кустовая нізкарослая ягадная расліна сямейства бруснічных, якая расце ў нізкіх лясных месцах. Святло выхоплівала з цемнаты мокрыя, сумнаватыя ствалы маладых хвоек, бліскучую, як слюда, кару бяроз, кусцікі буякоў і багунніку. Кудравец.

2. Цёмна-сінія з шызым налётам кіславатыя на смак ягады гэтай расліны. Роўнае, чыстае поле было і на лузе, дзе мы кідалі з бацькам стагі, на тых балотах, куды хадзілі з маткаю па журавіны, буякі... Сачанка.

буяко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да буякоў. // Прыгатаваны з буякоў. Буяковае варэнне.

буя́лы, ‑ая, ‑ае.

Пра расліну з занадта буйным націннем, зелянінай. На густым буялым мурагу гуляюць сонечныя зайчыкі. Каршукоў.

буя́н, ‑а, м.

Той, хто схільны буяніць; скандаліст. Яшчэ на рэпетыцыях Іван, гэты ўсяму інстытуту добра вядомы буян, калі трэба было цалавацца, чырванеў і адмаўляўся. Карпюк. Усё мяне здзіўляла. Жанчыны, не па-вясковаму баявыя і спрытныя на язык, мужчыны — маўклівыя ў працы і буяны, калі вып’юць. Асіпенка.