бу́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да буту; зроблены з буту. Бутавы камень. Бутавы фундамент.
бутаніза́цыя, ‑і, ж.
Фаза развіцця раслін, калі закладваюцца бутоны.
бутанье́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Уст. Кветка або букецік кветак, якія прышпільваюцца да жаночай сукенкі або прасоўваюцца ў пятліцу пінжака ў якасці ўпрыгожання.
[Ад фр. boutonnière.]
бутафо́р, ‑а, м.
Служачы тэатра, адказны за бутафорыю, а таксама майстар, які яе вырабляе. Рабочыя носяць і ўстанаўліваюць на сцэне драўляныя пляцоўкі, бутафоры лепяць з пап’е-машэ розныя архітэктурныя дэталі. Рамановіч.
[Ад іт. buttafuori.]
бутафо́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да бутафорыі; які з’яўляецца бутафорыяй.
бутафо́рскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае дачыненне да бутафорыі; нечым нагадвае бутафорыю. У пасажыра было нешта бутафорскае. На дварэ стаяла снежаньская сцюжа, а ён меў на сабе канфедэратку, пашытую са звычайнай... цыраты, якой накрываюць сталы. Карпюк.
2. перан. Несапраўдны, падробны. Бутафорская дзяржава.
бутафо́рыя, ‑і, ж.
1. Прадметы абстаноўкі ў спектаклі (мэбля, зброя, пасуда і інш.), а таксама штучныя прадметы, выстаўленыя на вітрынах магазінаў замест сапраўдных. [Артысты] самі майстравалі ўсю бутафорыю, дапамагалі шыць адзенне, развучвалі песні і танцы. Сяргейчык.
2. перан. Падман, бачнасць, фальш, разлічаныя на знешні эфект. Смешна цяпер Змітраку, што ён тры гады жыў марамі аб ёй, вучыўся лепш за ўсіх толькі дзеля яе, а яна [Іна] аказалася для яго бутафорыяй. Ваданосаў.
бу́тля, ж.
Вялікая бутэлька. Глынскі папрасіў гасцей садзіцца, а сам адамкнуў буфецік і дастаў ёмкую бутлю вішнёвай настойкі. Колас.
буто́н, ‑а, м.
Пупышка кветкі; кветка, якая яшчэ не распусцілася. Ты ведаеш апавяданне са школьнай хрэстаматыі, як хлопчык раскрываў пупышкі, бутоны кветак, каб яны хутчэй зацвілі на клумбе. Колас. Раптам Антосю кінуўся ў вочы цэлы рад яблынь, на якіх дзе-нідзе пачыналі раскрывацца ружовыя бутоны. Стаховіч.
[Фр. bouton.]