харчава́цца, ‑чуюся, ‑чуешся, ‑чуецца; незак.
1. Задавальняць патрэбу арганізма ў ежы; есці. Харчавацца малочнай ежай. □ Пакуль падрасла бульба, [Нямко] харчаваўся ягадамі і тым, што прыносілі яму з вёскі, а потым пачаў капаць скараспелку. Кулакоўскі. // Карміцца, жывіцца (пра жывёл). Харчуецца андатра галоўным чынам расліннай ежай, у меншай ступені — жывёльнай. «Весці».
2. Сталавацца дзе‑н. Харчавацца ў сталовай. □ І Адам астаўся адзін. Цяпер ён харчаваўся разам з адзінокімі парабкамі ў агульнай харчэўні, і гэта атручвала яго жыццё. Чарнышэвіч. [Дзяўчына] жыла ў інтэрнаце, харчавалася самастойна. Брыль.
харчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., каго-што.
Даваць, дастаўляць каму‑н. ежу; карміць. Харчаваць усю сям’ю. □ Тут кожны быў другому друг, Тут харчавалі партызанаў, Тут раздавалі сотням рук Вінтоўкі, кольты і паганы. Таўбін. Калі нас так увесь час будуць харчаваць, то мы за тры гады адгадуемся, як на курорце. Алешка.
харчаві́к, ‑а, м.
Работнік харчовай прамысловасці.
харчасма́кавы, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з прыгатаваннем прадуктаў харчавання. Харчасмакавая прамысловасць.
харчатра́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Харчовы атрад з рабочых і бедных сялян, які дзейнічаў у 1918–1921 гг. па выкананню харчразвёрсткі.
харчатрэ́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Харчовы трэст.
харчкамбіна́т, ‑а, М ‑наце, м.
Харчовы камбінат.
харчо́, нескл., н.
Каўказская страва з бараніны з вострымі прыправамі.
[Груз. charšo.]
харчо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да харчу, харчавання. Харчовыя адходы. Харчовы рацыён. // Які ідзе ў ежу. Харчовыя прадукты. Харчовая бульба.
2. Звязаны з вытворчасцю, захаваннем і размеркаваннем прадуктаў харчавання. Харчовая прамысловасць.
3. Які мае адносіны да харчоў, прадуктаў харчавання. Харчовыя тавары. Харчовыя запасы. □ Пасля полудня Супрун прынёс Максіму харчовую перадачу з дому. Машара. // Звязаны з нарыхтоўкай, захаваннем, размеркаваннем і пад. прадуктаў харчавання. Лясная плошча, патрэбная для нармальнага існавання зуброў, няўхільна змяншалася. Харчовая база знікала. В. Вольскі. На стале было ўсё лепшае, што знайшлі на харчовым складзе: сала, цыбуля, банка рыбных кансерваў. Шамякін.
•••
Харчовая праграма СССР — важнейшая састаўная частка сацыяльна-эканамічнай стратэгіі партыі, разлічаная на павелічэнне вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і хутчэйшае бесперабойнае забеспячэнне насельніцтва краіны прадуктамі харчавання.