Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бульбя́нік, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у, зб. Бацвінне бульбы, цяўнік. Выраслы бульбянік закрываў малога амаль да плеч. Мележ. Жалезнымі граблямі дзядзька Іван зграбае апалае лісце і прэлую траву і кідае на кучу сухога бульбяніку. Васілевіч.

2. ‑а. Аладка з дранай сырой бульбы; тое, што і дранік. З рук у рукі .. нам пачалі перадаваць ежу. Яйкі і хлеб, мяса і загорнутыя ў капуснае лісце бульбянікі. Мехаў.

3. толькі мн. (бульбя́нішчы, ‑аў). Беларуская страва, прыгатаваная з варанай тоўчанай бульбы ў выглядзе галушак.

4. ‑а. Разм. Пра таго, хто харчуецца пераважна бульбай. На снеданне — дранікі, Бабка — на абед. Называў бульбянікамі Магілёўцаў свет. Куляшоў.

бульбя́нішча, ‑а, н.

Поле, з якога сабраны ўраджай бульбы, на якім папярэдняй культурай была бульба. [Гаспадыня:] — Незадоўга перад тым [здарэннем] мы выбралі бульбу і гусі хадзілі па бульбянішчы. В. Вольскі.

бульбяны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да бульбы. Бульбяное поле. // Прыгатаваны з бульбы. Бульбяная каша. Бульбяны суп. □ [Аксіння] ўзяла .. малака, напякла наздраватых бульбяных аладак. Мележ.

2. у знач. наз. бульбяна́я, ‑ой. Кафэ, у меню якога пераважаюць стравы з бульбы.

бульва́р, ‑а, м.

Шырокія прысады на гарадской вуліцы, звычайна пасярэдзіне яе. Я ўсю Беларусь абышоў, Агледзеў яе гаспадарку: Ад шыры калгасных палёў Да мінскіх бульвараў і паркаў. Матэвушаў.

[Фр. boulevard.]

бульва́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да бульвара. Бульварны праезд. Бульварныя прысады.

2. перан. Разлічаны на абывацельскія, мяшчанскія густы; пошлы. Бульварны раман. Бульварная прэса.

бульва́ршчына, ‑ы, ж.

Разм. Пра што‑н. бульварнае (у 2 знач.).

бульдазеры́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто працуе на бульдозеры.

бульдо́г, ‑а, м.

Сабака з вялікай тупой мордай, шырокімі грудзямі, кароткімі лапамі.

[Англ. bulldog.]

бульдо́жы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бульдога. Бульдожая морда.

бульдо́зер, ‑а, м.

Трактар, абсталяваны навясным пярэднім адвалам для перамяшчэння, разраўноўвання грунту. Бульдозеры ссоўвалі з узгоркаў на насціл вялізныя груды пяску і раўнялі яго, а аўтамашыны падвозілі з гарэлага балота тарфяны попел і сыпалі паверх пяску. Новікаў. Паабапал грэблі, ля прарытых капаў, чарнелі нассованыя бульдозерам гурбы торфу. Пташнікаў.

[Англ. bulldozer.]