буксіро́вачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да буксіроўкі.
буксіро́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. буксіраваць.
буксо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. буксаваць.
бу́кта, ‑ы, ДМ ‑кце, ж.
Абл. Глыбокае месца, яма, вір у рацэ, возеры і пад. [Пракоп:] — Павінен жа я выказаць свае думкі, сваё разуменне, а не кідацца галавою ў букту, каб потым не бегаць, як кот з падсмаленым хвастом. Колас.
бу́ла, ‑ы, ж.
Гіст. Папская грамата, папскае пасланне.
[Лац. bulla.]
булава́, ‑ы; мн. булавы, ‑лаў; ж.
1. Гіст. Дубінка з патаўшчэннем на канцы ў выглядзе шара або васьмігранніка, якая служыла даўней зброяй; паліца. [Мікола:] — Гэта, брат, тая самая булава, з якой яшчэ асілак Машэка ваяваў з панамі. Брыль.
2. Гіст. Кароткая палка з шарападобным патаўшчэннем на канцы, якая ў казакоў, на Украіне і ў Польшчы служыла знакам вярхоўнай улады. Гетманская булава. □ І сказаў Багдан Хмяльніцкі, Узмахнуўшы булавой: — Слава рускаму народу, Шлях наш з роднаю Масквой. Астрэйка.
3. Гімнастычная прылада, якая мае выгляд бутэлькі з патаўшчэннем на вузкім канцы.
4. перан. Лаянк. Пра някемлівага, неразумнага чалавека. [Сымон:] — Малады Жук — булава, ды стары хадовы чалавек, з ім без суда не абыдзешся. Брыль.
булаве́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм.
1. Патаўшчэнне ў выглядзе шара, мнагагранніка і пад. на верхнім канцы палкі, кійка і пад.
2. Разм. Патаўшчэнне на стрыжні, на ствале; нараст.
була́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. ласк. Кабыла буланай масці. Асядлаўшы буланку, [брыгадзір] паставіў у стрэмя нагу, спрытным рыўком узняўся і лёгка сеў. Брыль.
була́нчык, ‑а, м.
Разм. ласк. Конь буланай масці. Рыгор пачаў выводзіць з стойлаў коней. Міхасю ён падвёў невялікага камлюкаватага буланчыка, самага рахманага ва ўсёй ферме. Якімовіч.
була́ны, ‑ая, ‑ае.
Жаўтаваты, палавы з чорным хвастом і чорнай грываю (пра масць коней). [Бацька:] — А пасецца .. [конь] у тых жа зялёных лугах, на шаўковых мурагах, і масці ён буланай. Якімовіч. / у знач. наз. була́ны, ‑ага, м. Конь буланай масці. — Гэй, пайшоў, малы-ы! — падбадзёрвае .. [Грамабой] і без таго рухавага буланага. Крапіва.