Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бу́дачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да будкі. Будачнае акенца.

бу́дзе,

1. 3 ас. буд. ад быць.

2. Разм. Хопіць, даволі, дастаткова. З’еў трохі і будзе.

бу́дзень, ‑дня; мн. будні, ‑дняў; м.

1. Будны, не святочны дзень. Ці то ў будзень, ці то ў свята, Як адчыніш толькі дзверы — У каго які занятак, Можна ведаць па кватэры. Непачаловіч.

2. перан. Штодзённае жыццё. Працоўныя будні. □ Мы ідзём з пуцёўкаю райкома праз гарачыя крутыя годы ў камунізма будзень, як дадому. Вялюгін. Не выгрызе сцежкі Асенняя злосць, Дзе творыцца новы І радасны будзень. Хадыка.

будзёнавец, ‑наўца, м.

Баец Першай Коннай арміі, якой камандаваў С.М. Будзённы ў гады грамадзянскай вайны. Сцёпа і цешыўся з жарэбчыка, і пяшчотна гладзіў па лысінцы, і называў яго самымі ласкавымі словамі. А гэта дзядзьку Мікалаю, старому будзёнаўцу, надта спадабалася. Якімовіч. Ішла будзёнаўцаў калона, Спынілася ля нашых хат. Бялевіч.

будзёнаўка, ‑і, ДМ ‑наўцы; Р мн. ‑навак, ж.

Шлем, які насілі чырвонаармейцы ў перыяд грамадзянскай вайны.

будзённасць, ‑і, ж.

Уласцівасць будзённага.

будзённы, ‑ая, ‑ае.

1. Не святочны, будны. Быў звычайны будзённы дзень, калі Паходны прынеслі з Лашыч паведамленне ад Ваўчка. Хадкевіч. // Прызначаны на штодзень. На сцяне вісела будзённая вопратка. Гартны. // Штодзённы, звычайны. Колькі радасці можна знайсці ў звычайным будзённым жыцці. Мурашка. А чым мяне сустрэне бераг новы — Будзённым тлумам, навізною спраў? Панчанка.

2. перан. Сумны, аднастайны. [Рыма:] — Ты таксама вершы пішаш? Люблю паэтаў, яны непасрэдныя, шчырыя, не такія, як усе, будзённыя. Сабаленка. Пытанняў.. нарадчыца чуе за дзяжурства дзесяткі, яны — самыя будзённыя, як і адказы на іх. Васілёнак.

будзёншчына, ‑ы, ж.

Штодзённыя клопаты; жыццё, нецікавае сваёй аднастайнасцю. [Клаўдзя:] — У жыцці ёсць праца, ёсць будзёншчына. І вельмі цяжка бывае заўважыць, памыліўся ты [ці] зрабіў правільна. Савіцкі. [Рыгор:] — Я радуюся, таварыш Міхась, што папаў у гэтыя ўмовы жыцця; я шчаслівы, што не закалыхала мяне мястэчка сваёю будзёншчынаю. Гартны.

будзі́льнік, ‑а, м.

Гадзіннік са спецыяльным заводам для падачы званка ў патрэбны час. Несцяровіч вярнуўся ў пакой. .. Павесіў трубку, навёў будзільнік на сем гадзін раніцы і кінуўся ў пасцель. Чорны.

будзі́цца, буджуся, будзішся, будзіцца; незак.

Прачынацца ад сну. Я разам прывык са світаннем Будзіцца і крочыць шляхамі. Танк. // перан. Узнікаць, з’яўляцца, праяўляцца. У .. душы [Юлькі] будзіцца разам і герой і артыстка. Бядуля. Нас вёў сам мастак, і разам рэхам будзіліся, ішлі ўспаміны. Ліс.