бу́гель, ‑я, м.
1. Жалезнае кольца, акоўка, якая служыць для ўмацавання мачтаў, сваяў або для сувязі іх састаўных частак.
2. Частка токапрыёмніка ў трамваі, тралейбусе, электрапоездзе, якая слізгае па кантактным провадзе.
[Гал. beugel.]
бу́гі-ву́гі, нескл., н.
Хуткі парны танец свабоднай кампазіцыі амерыканскага паходжання.
буго́р, ‑гра, м.
Невялікае ўзвышша, узгорачак на паверхні зямлі. Тадора Міронаўна садзілася на бугры за хатай і.. глядзела на лес. Брыль. Салдаты з аўтаматамі плюхаюцца па гразі, выганяюць усіх, і старых, і малых, на сухі бугор у канцы сяла. Кулакоўскі. // Няроўнасць, выпукласць на чым‑н. Твар.. [Рубчэні] быў увесь у маршчынах, нейкіх чорна-сініх парушынах і буграх. Лобан.
бугры́на, ‑ы, ж.
Сухое ўзвышанае месца. Сушылі [калгаснікі] сінюху, зносілі вязкамі, а дзе было можна — ссоўвалі коньмі копы да стажар’яў, на бугрыны, дзе сушэй. Пташнікаў.
бугры́сты, ‑ая, ‑ае.
Пакрыты буграмі. Бугрыстая дарога. Бугрыстае поле. □ Потым ўдарылі маразы, балота пакрылася тоўстай скарынкай каструбаватага, бугрыстага, з жоўтымі падцёкамі лёду. Дамашэвіч. // Няроўны, з буграмі. Стоячы пры лямпе, якая асвятляла бугрысты, з залысінамі лоб,.. [старшыня валвыканкама] моўчкі перагледзеў некалькі лісткоў. Мележ.
бугры́цца, бугрыцца; незак.
Разм. Узнімацца буграмі. Б’е з-пад нізу вада, нібы крыніца віруе там, ускіпае бурбалкамі, пенай, бугрыцца. Лынькоў.
буд...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «будаўнічы», напрыклад: будтрэст, будматэрыялы, будкантора.
бу́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
1. Верх, пакрыццё воза, брычкі, карэты і пад. [Сімон] ужо хацеў загадаць, каб закладалі фаэтон і ставілі буду. Самуйлёнак.
2. Крыты дарожны воз. Балаголаўская буда адляскала коламі па лясной дарозе, выехала на палявы прастор і ўжо набліжалася да маіх родных аселіц. Сабаленка.
3. Шалаш, будан. Іншы раз стаўлялі ў лесе свае буды цыганы. С. Александровіч.
будава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. будаваць, будавацца.
будава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад будаваць.