Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

харалагі́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да харалогіі.

харало́гія, ‑і, ж.

Навука, якая вывучае арэалы распаўсюджання асобных відаў раслін і жывёлін.

[Ад грэч. choros — месца і ...логія.]

хара́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да харала; у форме харала. Харальныя спевы. Харальная музыка.

хараство́, ‑а, н.

1. Сукупнасць якасцей, якія прыносяць задавальненне, асалоду зроку, слыху; усё прыгожае і прыемнае. Хараство беларускай прыроды. Хараство мора. □ Здаецца, дзеля таго толькі і сходзяць.. [летнія ночы] на зямлю, каб паказаць, што ў цёмнай цішыні ёсць і паэзія і хараство. Колас. Жніво для.. [Зіны] — гэта нават і не работа, а толькі асалода, не той занятак, ад якога баліць і ные спіна, а суцэльнае хараство і ўцеха. Кулакоўскі.

2. Краса, прыгажосць, чароўнасць. Хараства такога ў свеце Не было, не будзе; Аб ёй [Бандароўне] людзі гаварылі, Як аб нейкім цудзе. Купала.

•••

Не з хараства ваду піць гл. піць.

харашу́н, ‑а, м.

Разм. Тое, што і прыгажун. — Гатоў [заяц]! Ты бачыў, які харашун! Жук.

харашу́ха, ‑і, ДМ ‑шусе, ж.

Разм. Жан. да харашун.

харашы́цца, ‑рашуся, ‑рошышся, ‑рошыцца; незак.

Разм. Прыбірацца, прыхарошвацца. Сяргей раз-пораз паглядаў на Олю, якая харашылася за сталом, як пава, і давала волю свайму смеху. Пестрак.

харашы́ць, ‑рашу, ‑рошыш, ‑рошыць; незак., каго-што.

1. Разм. Надаваць больш прыгожы, прывабны выгляд. Раіса села напроці і маленькім напілачкам пачала харашыць пазногці. Лобан.

2. Абл. Чысціць; церабіць. Харашыць бульбу. □ Маня харашыла буракі, а .. [Тамаш] зайшоў з вуліцы ў двор.. Маня ўстала. Атрапала ад бацвіння падол спадніцы. Паўлаў.

харашэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Станавіцца больш прыгожым, прывабным. І харашэе з году ў год Мой родны, вольны край. Русак. Калі [Анатоль] усміхаўся, паказваючы свае прыгожыя белыя зубы, надта харашэў з твару. Адамчык.

харва́т,

гл. харваты.