хара́ктарны, ‑ая, ‑ае.
Які ўвасабляе пэўны псіхалагічны тып. Характарны акцёр. □ [Буйніцкі] быў тыповым акцёрам старога складу на так званыя характарныя, бытавыя ролі. «Полымя».
характарызава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад характарызаваць.
характарызава́цца, ‑зуюся, ‑зуешся, ‑зуецца; незак.
1. Мець якія‑н. адметныя рысы, вызначацца якімі‑н. асаблівасцямі. Якраз рамантызм характарызуецца павышанай увагай да ўнутранага свету чалавека. Каваленка.
2. Зал. да характарызаваць (у 1 знач.).
характарызава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., каго-што.
1. Даць (даваць) характарыстыку каму‑, чаму‑н., вызначыць (вызначаць) адметныя рысы, асаблівасці каго‑, чаго‑н. [Намеснік дырэктара:] — Мне цябе характарызавалі з самага лепшага боку. Грамовіч. — Яна ў цябе, як ведзьма, — характарызаваў Рыгор Петрусю яго гаспадыню. Гартны.
2. Выявіць (выяўляць) адметную рысу, асаблівасць каго‑, чаго‑н. Нашу [беларускую] раннюю прозу.. характарызуе глыбокая дэмакратычнасць. Пшыркоў.
характары́стыка, ‑і, ДМ ‑тыцы, ж.
1. Апісанне, вызначэнне істотных, адметных рыс, асаблівасцей, якасцей каго‑, чаго‑н. — Ну, а скажыце, як настроена сялянства? [Настаўнік:] — Розныя ў іх [сялян] бываюць настроі. Даць такую агульную характарыстыку досыць трудна. Колас. [Гаспадыня] падрабязна расказвала аб кожнай сваёй кватарантцы, давала ім дакладныя характарыстыкі, пераводзячы крывы палец дрыготкай рукі з адной фотакарткі на другую. Ракітны. // Апісанне характару, учынкаў і пад., якое даецца дзеючай асобе ў мастацкім творы. Трапная партрэтная характарыстыка герояў, як у люстры, адбівае іх унутраны свет. Майхровіч.
2. Афіцыйны дакумент, у якім змяшчаецца водзыў, заключэнне аб чыёй‑н. працоўнай і грамадскай дзейнасці. Характарыстыка з месца работы. □ Следам за мной з панямонскага пастарунка прыйшла мая характарыстыка. Брыль. [Анатоль Пятровіч:] — Ведайце: усякае парушэнне дысцыпліны будзе запісана ў характарыстыкі, якую я завёў на кожнага з вас. Нядзведскі.
3. У матэматыцы — цэлая частка дзесятковага лагарыфма.
4. Спец. Графічны наказ уласцівасцей чаго‑н. праз крывую; асноўны графічны паказчык чаго‑н. Характарыстыка магутнасці рухавіка. Характарыстыка турбіны.
характарысты́чнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць характарыстычнага. Моцная экспрэсіўнасць, дакладны сялянска-бытавы каларыт, наогул яркая характарыстычнасць уласцівы для мовы большасці герояў [М. Лобана]. Дзюбайла.
характарысты́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Тое, што і характэрны (у 1 знач.).
характэ́рнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць характэрнага (у 1, 2 знач.). Мне здаецца, што гэта была яшчэ адна яго [К. Чорнага] характэрнасць: слухаць, як з чужога голасу гучыць слова, гэтая найпершая акраса любога твора. Скрыган.
характэ́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адметныя, рэзка выяўленыя, своеасаблівыя рысы. Толькі ад вагранак і электраплавільнай печы далятала характэрнае патрэскванне ды прыглушана гула вентыляцыя. Карпаў. Пан быў вельмі абураны, задрыжаў яго характэрны падбародак. Бядуля.
2. Уласцівы пэўнай асобе, прадмету, з’яве. Характэрнаю рысаю стылю [Бядулі] з’яўляецца спалучэнне бытавізму з паэтычнасцю. Адамовіч. Трэба было ўнесці ў гэтую справу тую наладжанасць, тую празрыстую яснасць, якія былі характэрны для любой справы, за якую б ні браліся бальшавікі. Лынькоў.
3. У мастацтве — уласцівы пэўнаму народу, эпосе, грамадскаму асяроддзю. Характэрныя танцы. Характэрныя ролі.
хара́л, ‑а, м.
Рэлігійнае многагалосае песнапенне, якое атрымала асаблівае пашырэнне ў пратэстантаў і католікаў. А яшчэ праз хвіліну шматгалосы звонкі харал да самай столі напаўняў вялізную фізкультурную залу. Навуменка. // Музычная п’еса ў такой форме. Харалы Баха.
[Ад лац. (cantus) choralis — харавое (песнапенне).]