Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бра́тка, ‑і, м.

Разм. Ласкальная форма звароту да мужчыны. [Пніцкі:] — Яшчэ, братка дарагі, я.. пішу, што ў калгас я падаўся адразу пасля таго, як ты мне напісаў. Чорны.

бра́ткі, ‑так; адз. няма.

Травяністая расліна сямейства фіялкавых з фіялетавымі, радзей белымі або рознакаляровымі кветкамі. Ужо зазелянеў агарод. Цвілі браткі. Чорны. У мяне на стале стаіць букет веснавых кветак. .. Тут і сціплыя незабудкі, і канвалія, і браткі. Дубоўка. Цётка Броня нарвала з грады росных братак і панесла ў палату. Місько.

бра́тні, ‑яя, ‑яе.

1. Уласцівы брату (у 1 знач.), родны. Братняя любоў да сястры.

2. Таварыскі, сяброўскі. Мы — беларусы з братняю Руссю Разам шукалі к шчасцю дарог. Клімковіч. Колькі ёсць поглядаў свежых, Братніх працягнутых рук. Танк.

3. Тое, што і братаў. Братнія дзеці.

брато́к, ‑тка; мн. браткі; м.

Разм. ласк. Толькі ў форме звароту. Тое, што і брат (у 3 знач.), братка. [Мікола:] — Пагавары, браток, зрабі ласку. Я хачу сам напасці з партызанамі на чыгунку. Якімовіч. Тужыць, браток, не маем часу. Калі з клапотамі ідзе З палёў вільготных да калгаса Сяўбы вясковай рупны дзень. Панчанка.

бра́тчына, ‑ы, ж.

Гіст. Сялянская гулянка з пачастункам, якая арганізоўвалася ў складчыну пасля збору ўраджаю ці ў святочныя дні.

братэ́рскі, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і братні (у 2 знач.), брацкі (у 2 знач.). Але ёсць у вас [братоў] край, Ёсць радзіма на свеце, Дзе чакаюць вас маткі і дом, Дзе вы знойдзеце ласку Братэрскую ў сэрцах, хлеб і песню за кожным сталом. Танк. Мікалай быў хлопцам, які выклікаў у.. [Маі] братэрскія пачуцці. Карпюк.

братэ́рства, ‑а, н.

Братні саюз, братняя дружба. Першы фільм, які мы бачылі ў Празе, быў фільм пра баявое братэрства савецкіх і чэхаславацкіх танкістаў. Мележ.

брат-сястра́, брат-сястры, ж.

Травяністая расліна сямейства залознікавых, від братаўкі.

бра́ўнінг, ‑а, м.

Аўтаматычны пісталет асобай сістэмы. Нявідны выхапіў браўнінг і выстраліў не цэлячыся. Колас.

[Ад уласн. імя.]

браха́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. брахаць (у 1 знач.).