худне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Тое, што і худзець. [Сямён] марнеў ад рэўнасці, худнеў, рэдка на людзі паказваўся. Кавалёў. Нават кот Мурза — любімец усіх — худнеў і блукаў па пакоях, як нешта згубіўшы. Карпаў.
худо́ба, ‑ы, ж., зб.
Разм. Свойская жывёла. Бабка Наста, накінуўшы чырвоны кажушок, стаяла на дварэ, ламала рукі і галасіла: чым жа цяпер карміць худобу? Колас. Некалькі дзён худоба тут не хадзіла, дык усюды паднялася густая мяккая траўка. Кулакоўскі.
худо́біна, ‑ы, ж.
Разм. Пра адну свойскую жывёліну. — Ну, пайшла, пайшла, разбойніца рагатая, — ласкава падганяў Казімір худобіну. Сабаленка.
худы́ 1, ‑ая, ‑ое.
З тонкім, сухарлявым целам. — А худы які! — здзівіўся Іван, гледзячы на Міколу. — Чаго так выпетраў? Вобла, а не чалавек. Новікаў. Не захацелася крыўдзіць Чарнова, які, нібы зачараваны, не зводзіў вачэй з худога няўклюднага каня. Васілевіч. // Пра часткі цела. І з усяе шчырасці, колькі быць яе можа ў сына да маткі, цалаваць пачаў яе худыя, сухія рукі. Мурашка. У Леўкіна худы твар, запалыя шчокі, насцярожаныя вочы. Ці можа мне толькі здаецца? Дадзіёмаў.
худы́ 2, ‑ая, ‑ое.
Разм.
1. Дрэнны. — Цяжка мне, старому мікалаеўскаму артылерысту, да шаблі прызвычаіцца... Ці то шабля худая, ці то рукі аслаблі... — скардзіўся.. [дзед] часам на сваё няўмельства Міколку. Лынькоў. Паўтары дзесяціны худой зямлі. Яе не большала, а сям’і прыбывала. Таўлай. Маці худое жыта жне і спяшаецца, каб не адстаць ад іншых жанчын, каб хутчэй скончыць сваю палоску. Каваль.
2. Дзіравы; стары. — Хто такі? — спытаў Мсціслаў. — Ваўкалака, — ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. — Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню — з сабою вазьму. Караткевіч.