худне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.
Тое, што і худзець. [Сямён] марнеў ад рэўнасці, худнеў, рэдка на людзі паказваўся. Кавалёў. Нават кот Мурза — любімец усіх — худнеў і блукаў па пакоях, як нешта згубіўшы. Карпаў.
худо́ба, ‑ы, ж., зб.
Разм. Свойская жывёла. Бабка Наста, накінуўшы чырвоны кажушок, стаяла на дварэ, ламала рукі і галасіла: чым жа цяпер карміць худобу? Колас. Некалькі дзён худоба тут не хадзіла, дык усюды паднялася густая мяккая траўка. Кулакоўскі.
худо́біна, ‑ы, ж.
Разм. Пра адну свойскую жывёліну. — Ну, пайшла, пайшла, разбойніца рагатая, — ласкава падганяў Казімір худобіну. Сабаленка.
худы́ 1, ‑ая, ‑ое.
З тонкім, сухарлявым целам. — А худы які! — здзівіўся Іван, гледзячы на Міколу. — Чаго так выпетраў? Вобла, а не чалавек. Новікаў. Не захацелася крыўдзіць Чарнова, які, нібы зачараваны, не зводзіў вачэй з худога няўклюднага каня. Васілевіч. // Пра часткі цела. І з усяе шчырасці, колькі быць яе можа ў сына да маткі, цалаваць пачаў яе худыя, сухія рукі. Мурашка. У Леўкіна худы твар, запалыя шчокі, насцярожаныя вочы. Ці можа мне толькі здаецца? Дадзіёмаў.
худы́ 2, ‑ая, ‑ое.
Разм.
1. Дрэнны. — Цяжка мне, старому мікалаеўскаму артылерысту, да шаблі прызвычаіцца... Ці то шабля худая, ці то рукі аслаблі... — скардзіўся.. [дзед] часам на сваё няўмельства Міколку. Лынькоў. Паўтары дзесяціны худой зямлі. Яе не большала, а сям’і прыбывала. Таўлай. Маці худое жыта жне і спяшаецца, каб не адстаць ад іншых жанчын, каб хутчэй скончыць сваю палоску. Каваль.
2. Дзіравы; стары. — Хто такі? — спытаў Мсціслаў. — Ваўкалака, — ашчэрыўшы зубы, сказаў Кандрат. — Давайце дукаты ў худую суму, давайце княгіню — з сабою вазьму. Караткевіч.
ху́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., на каго-што, у што і без дап.
Выпускаць ротам струмень паветра, каб сагрэць, прыцішыць боль і пад. [Міканор] абціраў рукі аб палу світы, хукаў — грэў — і зноў з вясёлай ахвотаю пілаваў, абсякаў, валок да саней. Мележ. Нага апухла ад нечага, відаць, дужа баліць, і.. [хлапчук] увесь час згінаецца над ёю ды хукае на яе. Галавач. [Крук] даставаў пячатку, хукаў на яе, паднёсшы да самага рота, як усё роўна грэў пальцы ад холаду, тады стукаў па стале па сініх паперах — у адным месцы, у другім. Пташнікаў. / у перан. ужыв. Сапраўды, з гэтага нарыса.. [Марына] выглядала нейкай спешчанай матчынай дачкой, на якую ўсё жыццё хукалі. Сабаленка.
ху́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Аднакр. да хукаць.
хулаху́п, ‑а, м.
1. Гімнастычны абруч, які круцяць вакол тулава.
2. Фізічныя практыкаванні, кручэнне абруча вакол цела без дапамогі рук.
[Ад hula — назва палінезійскага народнага танца і англ. hoop — абруч.]
хуліга́н, ‑а, м.
Той, хто груба парушае грамадскі парадак; хто займаецца хуліганствам. П’яныя хуліганы ўзнялі на танцавальнай пляцоўцы дэбош. «Звязда». // Дзёрзкі свавольнік, гарэза. — Ты што гэта, хуліган, грады мне топчаш? — закрычала.. [цётка] на ўвесь голас. — Я ж табе пакажу! Якімовіч.
[Англ. hooligan.]
хуліга́ністы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Схільны да хуліганства. У яго ёсць свая кампанія з хлопцаў, сярод якіх — і асабісты непрыяцель Мішы з свайго ж двара, шасцікласнік-другагоднік Паўка, хлапец зухаваты, хуліганісты, задзірлівы. Хадкевіч.
2. Такі, як у хулігана. Хуліганісты выгляд.
хуліга́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак.
Груба парушаць грамадскі парадак; займацца хуліганствам. [Дырэктар:] — Учора ўночы, пасля вашай нарады, некалькі студэнтаў хуліганіла, не давала спаць выкладчыкам: набралі лыжы і з’язджалі з трэцяга паверха па сходах. Карпюк. // Дзёрзка свавольнічаць. Вам усё бясплатна і ўволю. Вы... вы дармаеды! Вось! І яшчэ хуліганіце. Нядзведскі.