се́йбіт, ‑а, М ‑біце, м.
Той, хто сее зерне, засявае зямлю насеннем. Прыйшла вясна, глушцы такуюць, Гукае сейбітаў зямля. Бялевіч. У глебу цёплую і мяккую, як пух, Насенне сейбіт радасна раскідаў. Пушча. // перан.; чаго. Той, хто распаўсюджвае сярод людзей веды і пад. Месца [Нявіднага] зоймуць тысячы новых сейбітаў буры і змагання. Колас.
ссы́пка, ‑і, ДМ ‑пцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. ссыпа́ць — ссы́паць (у 1 знач.).
2. Разм. Уст. Зерне, якое здавалі бацькі вучняў сельскіх школ на патрэбы школы. [Саханюк:] — Я грунтуюся на цыркуляры дырэкцыі народных вучылішчаў, які зазначае, што раз была пастанова валаснога сходу даваць ссыпку, дык ваша вёска не мае права яе адабраць. Вось чаму я і прыехаў забраць гэту ссыпку. Колас.
стаўчы́, стаўку, стаўчэш, стаўчэ; стаўчом, стаўчаце, стаўкуць; пр. стоўк, стаўкла, ‑ло; зак., каго-што.
1. Раздрабняючы, ператварыць у парашок, зрабіць мяккім. Стаўчы соль. □ [Ульяна] выцягнула з печы чыгун з бульбай, абхапіла яго анучай і вынесла ў сенцы. Потым вярнулася, узяла качаргу, пайшла таўчы тую бульбу. — Давай я — узяўся [Кастусь] за качаргу .. [Ульяна:] — Як стаўчэш, дык накрый карыта анучай. Гаўрылкін.
2. Ачысціўшы зерне ад шалупіння, перапрацаваць яго на крупы. Стаўчы ячмень.
3. Вытаптаць, здратаваць, змясіць нагамі. Каровы стаўклі авёс. // Разм. Давесці да беспарадку (пра пасцель). Дзеці стаўклі ложак.
4. Разм. Збіць, пабіць каго‑н. [Рыжы:] — Я цябе стаўку на горкі яблык, можаш быць пэўны! Карпюк.
5. Таўкучы, змяшаць што‑н. з чым‑н. Стаўчы каляндру з перцам для прыправы. □ Распаранае зерне жыта, аўса, пшаніцы, гароху, рысу стаўчыце ў драўлянай ступе і, прыправіўшы адной-дзвюма лыжкамі алею, перамяшайце з мукой або вотруб’ем. Матрунёнак.
ссы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. ссып; зак., што.
1. Сыплючы, сабраць разам (што‑н. дробнае або сыпкае). Пакуль Яўгена не было, мы старанна заслалі карычневымі коўдрамі ложкі, падмялі падлогу,.. а ўсё смецце ссыпалі ў скрынку. Савіцкі. Навыбірае сусед кашы тры бульбы, гладкай, жаўтавата-белай, і ссыпле ў мяшок. Кулакоўскі.
2. Скінуць уніз, заставіць упасці (што‑н. дробнае, сыпкае). Прыйшла машына, ссыпала зерне і паехала зноў у поле. Скрыган.
ссыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да ссы́паць.
сашні́к, ‑а, м.
1. Рабочая частка сахі, культыватара, сеялкі — востры жалезны нарог, які падразае пласт зямлі знізу. Ён [Вяль] для сахі зрабіў стальныя сашнікі, Каб у палях глыбейшымі былі барозны, І меч стальны для мужнае рукі, Каб бараніць свой край, Як час надыдзе грозны. Зарыцкі.
2. Рабочы орган сеялкі, які праводзіць у глебе баразёнку, высявае насенне і засыпае яго зямлёй. Да цямна будуць бегаць за трактарам дзве сеялкі, кладучы ў зямлю радкамі праз віхлястыя сашнікі зерне за зернем. Ермаловіч.
3. Металічная пласціна ў лафета гарматы, якая не дазваляе гармаце адкочвацца пасля выстралу.
4. Вертыкальная перагародка, якая падзяляе нос на дзве часткі.
се́яцца, сеецца; незак.
1. Ісці, падаць (пра дробны снег, дождж). Асенні дождж, нібы праз рэшата, сеяўся па гразкай вуліцы. Лынькоў. Бралася на зіму. Сеяўся мокры снег. Новікаў. // Рассявацца, ападаць (пра змрок). Паміж дрэў ужо сеяўся і астойваўся вячэрні змрок. Паслядовіч.
2. Разм. Сыпацца (пра што‑н. сыпкае, дробнае). Зерне сеецца і сеецца з мяшка. □ Ціха сеецца пясок. І не трэба ўжо шоргаць у адтуліне трэскай. Ваданосаў.
3. Разм. Засявацца стыхійна. Высякалі бярэзнік і ніцую лазу, што сеяліся і раслі тут на балоце разам з травой рабінкай. Пташнікаў. [Мак] цвіце вельмі прыгожымі кветкамі, каб прывабіць сяго-таго, а то і сам сеецца. Сачанка.
4. Зал. да сеяць (у 1, 2, 4 і 5 знач.).
сагрэ́ць, ‑грэю, ‑грэеш, ‑грэе; зак., каго-што.
1. Грэючы, зрабіць цёплым, гарачым; нагрэць. Вясной, толькі сонца сагрэла зямлю, Кінуў калгаснік зерне ў раллю. Кірэенка. Сонца вясны той усходы на нівах Сагрэла шчыра. Вялюгін. // Награваючы на агні, давесці да якой‑н. ступені цеплыні. Сагрэўшы чайнік, Ганна Сымонаўна запрасіла гасцей да стала. Дубоўка. // Вярнуць азябламу целу (рукам, нагам) страчаную цеплыню. Дзядзька .. стараўся сагрэць у рукавах мокрага палапленага кажушка набрынялыя сінія рукі. Брыль. // Выклікаць адчуванне цеплыні ў арганізме. Кроў сагрэе за сняданнем чарка. І. Калеснік.
2. перан. Суцешыць спагадлівым словам, падбадзёрыць праяўленнем клопатаў. Слова «мама» раптам сагрэла хлопчыка і ласкай і шчасцем. Якімовіч. Юзя пазней гаварыла, што дзед сваім прыходам нібы сагрэў дзядзьку Харытона шчырай чалавечай спагадай. Бажко. // Ажывіць, асвятліць якім‑н. радасным пачуццём, думкаю. Тут Райніс жыў і сэрцам вечна юным Сагрэў і асвяціў прасторы свайго краю. Шушкевіч.
сы́пкі, ‑ая, ‑ае.
1. Які складаецца з дробных цвёрдых часцінак, не счэпленых адна з адной; які мае ўласцівасць рассыпацца. Сыпкія рэчывы. □ Потым да камянёў .. [Інка і Юрка] прыходзілі .. пасля доўгай бязмэтнай хады па сыпкай рыпучай гальцы, вяртаючыся з падарожжаў на катэры. Карамазаў. // Які лёгка пераносіцца ветрам; рыхлы (пра пясок, снег і пад.). На дарозе — пясок, сынкі, непрытаптаны, але на ім расце трава. Пташнікаў. Паварочваючы галаву то ў адзін, то ў другі бок,.. [чарапаха] імкліва перабірае лапамі, грабецца, бы курыца, па сухім і сыпкім дарожным пыле. Сачанка. // Які асыпаецца (пра грунт, снег і пад.). Зямля .. сціналася, і асоўваліся сыпкія сцены акопа. Лобан. Тут мясціна была выдатная — на сыпкім пясчаным беразе пачыналася сухая звонкая дуброва. Кірэенка. Шумліва ідуць усе па сыпкім насыпе да маторкі. Шынклер.
2. Які выспявае і хутка асыпаецца, трацячы зерне. Помню: лета, авёс жалі сынкі. Серп зламаўся твой звонкі... Тарас.
скры́ня, ‑і, ж.
1. Вялікая чатырохвугольная (звычайна драўляная) пасудзіна для складвання ці ссыпання чаго‑н. Зерне высыпалі ў скрыню. □ [Лубяніха:] — А ўжо мукі гэтай пшанічнай — і ў мяхах, і ў кублах, і ў скрынях поўна насыпана... Ракітны.
2. Прадаўгаватая пасудзіна (звычайна з акенцам) для перавозкі сельскагаспадарчых матэрыялаў, прадуктаў і пад. Параконкі вязуць к бровару доўгія скрыні з бульбаю. Грахоўскі. Пачалася марудная праца — вылузванне рыбы з вочак сеткі ў скрыні: для адпраўкі, калі падыдзе рыбгасаўскі катэр. Брыль. // чаго. Колькасць грузу, якая можа змясціцца ў такой пасудзіне. Да абеду накапалі пяць скрынь [бульбы]. Навуменка.
3. Драўляная пасудзіна з вечкам і замком для захоўвання рэчаў, каштоўнасцей; куфар. Мар’я пакапалася на дне скрыні між сувояў палатна, дастала нешта загорнутае ў белы паркаль і падала старому. Сабаленка. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі сх[а]ваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас. Алеся засмяялася і пайшла да скрыні, што стаяла паміж ложкам і грубкай, падняла века. Шамякін.
стры́жань, ‑жня, м.
1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. У бярвенні, мабыць, адна абалонка, а стрыжань ужо спарахнеў. Сабаленка. Любіў сядзець .. і дзівіцца, як лоўка выкручвае дзед стрыжань зрэзанай на дудку хвойкі. Марціновіч. // Сярэдняя частка чаго‑н. у жывёльным або раслінным арганізмах. Стрыжань птушынага пяра.
2. Спец. Прадмет прадаўгаватай формы, які звычайна з’яўляецца воссю або апорай чаго‑н. Стрыжань поршня. // Унутраная частка электрамагніта з абмоткай з дроту.
3. Глыбокае месца ў рэчышчы ракі, месца з самым хуткім цячэннем у рацэ. Наперадзе заўжды ішоў Ціхан — брыгадзір лепшай у арцелі брыгады і Бамбалаў сусед. Ён першы садзіўся на вёслы і вёў свой баркас на самы стрыжань ракі. Карамазаў. Лодка ўвішна выкручвалася на быстрай плыні стрыжня. Брыль.
4. Разм. Цвёрды асяродак варыва. Стрыжань скулы.
5. перан.; чаго. Асноўная, галоўная, цэнтральная частка чаго‑н. Да лепшых [вершаў] трэба аднесці тыя, дзе аўтару ўдалося знайсці нейкае драматычнае зерне, нейкі канфліктны стрыжань. Бярозкін. // Тое, асноўнае, што характэрна каму‑, чаму‑н. Лірыка-інтанацыйны прынцып канчаткова аформіўся, стаў стрыжнем індывідуальнай манеры Я. Брыля ў рамане «Птушкі і гнёзды». У. Калеснік.