Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ха́нжаства, ‑а, н.

Прытворная, паказная набожнасць, дабрадзейнасць; крывадушша. [Гелена:] — Спадзяюся, вы не асудзіце мяне, калі даведаецеся, што кахала, кахаю і заўсёды буду кахаць яго. [Майка:] — Гэта было б ханжаства... Караткевіч. Думаць адно, а гаварыць вучням другое ён [Лабановіч] не можа. Ніякага ханжаства, крывадушша не дапусціць. Навуменка.

ха́ніха, ‑і, ДМ ‑нісе, ж.

Разм. Жонка хана.

ха́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хана, належыць хану. Ханскі тытул. Ханскія землі.

ха́нства, ‑а, н.

1. Званне, тытул хана.

2. Дзяржава, вобласць, якой правіць хан. Казанскае ханства.

ха́нты, нескл.; адз. ханты, м. і ж.

Народ, які жыве ў Ханты-Мансійскай і Ямала-Ненецкай аўтаномных акругах.

ханты́йскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да ханты, які належыць, уласцівы ім. Хантыйская мова.

хао́с, ‑у, м.

1. У старажытнагрэчаскай міфалогіі — бязмерная прастора, бязмежная першабытная маса, з якой утварылася пасля ўсё існуючае.

2. перан. Беспарадак, неразбярыха. Залп у цэнтры абозу падняў яшчэ большы перапалох і хаос. Колас. На падаконніку — хаос кніг, газет, канспектаў лекцый, на спінцы крэсла — мой гарнітур. Дуброўскі. // Бязладнае змяшэнне чаго‑н., блытаніна. Была.. [сцежка] не дужа прыкметная ў гэтым хаосе скал, але ўсё ж абое [Іван і Джулія] ураз заўважылі яе і прыемна здзівілася. Быкаў. Маладому паэту наогул цяжка было разабрацца ў хаосе групак і школ польскай літаратуры. У. Калеснік.

[Грэч. cháos.]

хап, выкл. у знач. вык.

Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. хапаць — хапнуць і хапануць, хапянуць. І Ягорка Ажывіўся, Хап цукерку З рук ды ў рот! Дзеружынскі. Хлапчук разявіў рот ад захаплення: — Вось гэта хараство! Вось гэта пекната! Не кветка — любата! І, не раздумваючы, — хап яе ў жменю... Валасевіч.

хапа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хапання. Хапальныя рухі. Хапальныя органы.

ха́панне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. ха́паць — ха́пнуць.

хапа́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. хапа́ць — хапану́ць.