Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бадзя́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бадзягі ​2, бадзяжніцтва; такі, як у бадзягі. Бадзяжніцкае жыццё. Бадзяжніцкая натура.

бадзя́жніцтва, ‑а, н.

Характар жыцця бадзягі ​2.

бадзя́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бадзягі ​2. Сюды, у Тураў, у яго прадмесці, .. збіраўся бадзяжны люд з усяго Палесся. Крывіцкі. / у перан. ужыв. Ні вецер бадзяжны не зможа, не скрышыць навала ніколі. Дубоўка.

бадзя́к, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з калючкамі на лісці і пурпуровымі кветкамі. [Байсак:] — А чаму да другога сляпіцаю лезеш, чэпішся, як бадзяк калючы? А чаго не падзялілі? Лынькоў.

бадзя́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзяцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. Тое, што і бадзяга ​2. Заўтра зноў прыходзь сюды, бадзяка, Каб песню даспяваць і скончыць казку. Дзяргай.

бадзякава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

Разм. Не займацца справай, ацірацца. — Што ж гэта вы, суседзі, тут бадзякуеце? — сказаў .. [Сахрон] да нас знарок весела і ўсміхнуўся ў свае густыя, парыжэлыя ад тытунёвага дыму вусы. Сачанка.

бадзя́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. бадзяцца.

бадзя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. У пошуках чаго‑н. весці вандроўнае, без пэўнага занятку і прыстанішча жыццё. Можна сабе ўявіць, якое шчасце мець свой кут і не мець вечнай патрэбы бадзяцца па свеце, каб зарабляць хлеб у чужых людзей! Чорны. Два гады бадзяўся Тодар па маёнтках, бяздомнік, беззямельнік. Чарнышэвіч.

2. Марна траціць час, сланяючыся без справы. Сын трымаўся адзін, нудзеў, бадзяўся з кута ў кут і да ўсяго быў халодны і абыякавы. Чорны. // Бязмэтна блукаць дзе‑н. Я прыйшоў у лес без якой там пэўнай мэты ці пільнай патрэбы. Проста бадзяўся па аглухлых палянах, дыхаў сыраватым паветрам. Ігнаценка. [Ігнат] бадзяўся то па агародзе, то па вуліцы, не знаходзячы месца. Мележ.

бадзя́чы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Уласцівы бадзяку (бадзяцы). [Патаповіч:] — Ты ў мяне, бадзячая душа, у два дні будзеш умець класці сцяну ў гладкі вугал. Чорны. Хто ж не ведаў у нас жабракоў? Былі гэта яны — не іначай, Доўгім, ціхім натоўпам ішлі, Па краіне хадою бадзячай. Пестрак.

бадлі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае звычку бадацца. Помню, быццам цяпер бачу, як маці доіць у хляве нашу бадлівую Красулю. Марціновіч.