бада́н, ‑у, м.
Шматгадовая травяністая расліна сямейства каменяломнікавых з лілова-чырвонымі кветкамі.
бадану́ць, ‑не; зак. аднакр.
Тое, што і баднуць.
бада́цца, ‑аецца; незак.
1. Быць бадлівым, мець прывычку бадаць. Асцярожна, гэта карова бадаецца.
2. Бадаць адзін аднаго.
бада́ць, ‑ае; незак., каго-што і чым.
Біць ілбом, калоць рагамі (пра жывёл).
бадзёрасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бадзёрага, жвавасць, энергічнасць. Я адчуваю, колькі радаснай сілы, бадзёрасці і ўпэўненасці далі мне вандроўкі па гэтых лясістых узгорках. В. Вольскі. Гэта ўласнае супакойванне кожны раз надавала Міхалу бадзёрасці, нібы сілы ўлівала ў яго. Васілевіч.
бадзёры, ‑ая, ‑ае; кар. ф. бадзёр, ‑а.
Поўны сіл, энергіі, жвавасці. Рыгор прачнуўся бадзёрым, свежым. Гартны. А ён, шальмец, бадзёр і гладак І пэўна спрытны баламут!.. Колас. // Жыццесцвярджальны, энергічны, дзейсны. У маладым калгасе адразу занялася жвавае, бадзёрае жыццё. Зарэцкі. // Які выяўляе здаровы, жыццярадасны стан. І гучаць тут песні, і цвітуць усмешкі На бадзёрых тварах шчырых змагароў. Журба. І сам голас бацькі Цімоха, бадзёры і звонкі, і тая ўпэўненасць, з якою ён гаварыў, радавалі Пецю. Сіняўскі. // Вясёлы, ажыўлены. Шумлівы, прыветны, вясёлы, бадзёры, Красуйся, жыццём неўгамонным бурлі, Абноўлены горад мой, сонечны горад — Адзін з прыгажэйшых на нашай зямлі. Гілевіч. У звонкую марозную раніцу ўварваўся вясёлы .. гоман гармоніка і бадзёры хор чыстых жаночых галасоў. Васілевіч. // Які надае сілы, ажыўляе. [Каліноўскі:] Трэба слова бадзёрае кінуць, Каб паднялі галовы вышэй. Танк.
бадзёрыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Імкнуцца захаваць бадзёры выгляд, стан. На людзях [Зіна] стрымлівалася, нават бадзёрылася, а дома дасць волю слязам. Васілёнак.
бадзёрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., каго-што і без дап.
Надаваць сілы, энергіі, бадзёрасці; ажыўляць. З халодным ветрам урываліся частыя каплі дажджу, адганялі сон, бадзёрылі. Лынькоў. Прыемна было адчуваць, як свежае, халаднаватае ад вільгаці паветра лілося за расшпілены каўнер касавароткі, астуджвала і бадзёрыла цела. Дуброўскі. // Натхняць. [Леся:] — Стаяць над табой неадступна, Бадзёрыць і клікаць да бою, Здабыць у баі перамогу, Ці пасці, дык побач з табой! Жычка.
бадзя́га 1, ‑і, ДМ ‑дзязе, ж.
Прэснаводная губка, якая ў высушаным стане выкарыстоўваецца ў медыцыне для лячэння рэўматызму. Сёлета нага паправілася — дала жонка рады, націраючы бадзягай. Чыгрынаў.
бадзя́га 2, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дзязе, Т ‑ай (‑аю), ж.
Бяздомны, незаняты працай чалавек. Жаласць да самога сябе агарнула Пракопа. Хто ён цяпер? Бадзяга, жабрак, бяздомнік! Колас. Моўчкі глядзіць беспрацоўны бадзяга На белакрылыя чайкі над морам. Танк. / Пра жывёл. Вунь — галаву падняў, глядзіць: вазьмі! Бадзяга-конь! Няма куды падзецца. Бялевіч. Зімою воўк есць усё, што трапіць яму на зуб. Выбіраць галоднаму бадзягу не прыходзіцца. В. Вольскі. // Пра чалавека, які ўвесь час вандруе, мяняе месцажыхарства.
бадзя́жка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑жцы, Т ‑ай (‑аю), ж.; Р мн. ‑жак.
Разм. Памянш.-ласк. да бадзяга 2.