Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ха́мства, ‑а, н.

1. Уст. зб. Хамы (у 1 знач.).

2. Разм. Грубасць, бесцырымоннасць, нахабнасць. Ад раптоўнага хамства Алесь заўсёды спачатку бянтэжыўся і нават чырванеў. Так было і тады. Брыль. [Інка:] — [Толя] бачыў маё каханне і думаў, што я ўсё сцярплю, дазволю яму ўсякае хамства. Карамазаў.

хаму́ла, ‑ы, м.

Разм. груб. Хам. [Ураднік:] — Маўчаць, хамула! Жыва адзявайся! Макар! Прыступай да справы! Чарнышэвіч.

хаму́т, ‑а, М ‑муце, м.

1. Частка вупражы, што складаецца з драўлянага каркаса (клешчаў), абкладзенага мяккім лямцам з унутранага боку (хамуцінай). — А конь на грэблі ў самай гразі распрогся: бацька гэтак засупоніў хамут, што супоня развязалася. Сабаленка. Спуджаны конь б’е ў хамут, прысядае на заднія ногі. Бажко.

2. перан. Разм. Пра якую‑н. абузу, клопаты, турботы. Карацей кажучы, [гаспадыня] прапануе мне зноў такі самы хамут, з такім самым, калі не большым, запасам смецця, бітай цэглы, рознага жалеззя... Дубоўка. [Гулякоў:] — Я паспытаў ужо. Жаніўся. Ведаю гэты мёд. Ведаю, што такое хамут на шыю. Кавалёў. // Прыгнёт, паднявольнае становішча. [Міхал:] — І гніся век, цярпі маўкліва, Пакінь ты ўсякую надзею Хамут з сябе зняць, дабрадзею! Колас.

3. Спец. Прыстасаванне кальцавой формы для змацоўвання, злучэння чаго‑н. Рысорны хамут.

4. Разм. груб. Некультурны, неадукаваны чалавек; хамула. Са мной Ігар нават гаварыць не хацеў — лічыў мяне проста вясковым хамутом. Сачанка.

•••

Біць у хамут гл. біць.

Запрэгчы ў хамут гл. запрэгчы.

хаму́тнік, ‑а, м.

Майстар, які вырабляе хамуты; рымар.

хаму́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хамута (у 1, 3 знач.). Хамутнае пакрыццё. Хамутнае злучэнне труб.

хаму́цік, ‑а, м.

1. Памянш. да хамут (у 1 знач.).

2. Спец. Злучальная дэталь кальцавой формы.

3. Спец. Заціскачка ў металарэзным станку, якая перадае вырабу вярчэнне ад патрона.

•••

Прыцэльны хамуцік — папярочная планка на рамцы вінтовачнага прыцэла.

хамуці́на, ‑ы, ж.

Мяккі валік з лямцу, які прымацоўваецца пад клешчы хамута, каб яны не націралі шыю каню. Крыху супакоіўшыся, .. [стары] падышоў да мокрага напалоханага каня, пагладзіў яго па шыі, потым выцягнуў з-пад хамуціны грыву, праверыў супоню, адпусціў церассядз[ёлак.] Ляўданскі.

хамя́к, ‑а, м.

Грызун сямейства мышыных, шкоднік палявых і агародных культур.

хамяко́ў, ‑ова.

Які належыць хамяку. Хамяковы лапы. Хамякова нара.

хамя́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да хамяка, належыць хамяку. Хамячыя сляды. Хамячая шкурка.