ба́гна, ‑ы, ж.
1. Нізкае топкае месца, грузкае балота; дрыгва. А ельнік, густы і цёмны, выцягваў свае лапы, нібы пераймаў чалавека, разрываўся пад нагамі мох, і гнеўна хлюпала чорная багна. Чарнышэвіч. Бегчы далей, відаць па ўсім, было небяспечна, — можна з галавою праваліцца ў багну. Пальчэўскі. // Пра што‑н. бяздоннае, бясконцае. І толькі ў небе ў сіняй багне Я бачу дзіўны ланцужок. Колас.
2. перан. Усё, што засмоктвае чалавека і цягне ў балота адсталасці, коснасці. Багна мяшчанства. □ Трэба адарваць Міхася ад Раманюка, выцягнуць яго з той уласніцкай багны... Савіцкі.
багнава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З некаторымі ўласцівасцямі багны. А тут, — багнаватая мяккасць, і не чуеш, як ўлазіць жалеза... Мележ.
ба́гнавы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Заняты багнай. Багнавыя абшары.
багні́стасць, ‑і, ж.
Уласцівасць багністага. Багністасць мясцовасці.
багні́сты, ‑ая, ‑ае.
З багнішчамі; балоцісты. Куды ні глянь — непраходныя багністыя балоты — вада і лаза. Сачанка. // Уласцівы багне. Тарфянішчаў багністы чад Змяёй у грудзі лез. Броўка.
ба́гнішча, ‑а, н.
Вялікая багна. Мы адгэтуль пачаць нашу бітву павінны, Цераз багнішчы рушыць уперад наўпрост. Зарыцкі. // Тэрыторыя, занятая багнай. Адвечных вогнішчаў абшары Сасноўцы выйшлі пакараць. Смагаровіч.
багно́ўка, ‑і, ДМ ‑ноўцы; Р мн. ‑новак; ж.
Шматгадовая нізкарослая балотная расліна сямейства багноўкавых з прадаўгаватым лісцем і дробнымі цёмна-чырвонымі кветкамі.
багно́ўкавыя, ‑ых.
Сямейства шматгадовых балотных раслін.
баго́р, ‑гра, м.
Жалезны крук на доўгай жэрдцы для расцягвання бярвенняў у час пажару, на сплаве лесу; бусак. Людзі не праяўлялі вялікай ахвоты ў тушэнні пажару. Марудна сноўдаліся з вёдрамі, з лапатамі, з пажарнымі баграмі. Лынькоў.
баго́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да багра. Багорны шост.