халу́й, ‑я, м.
Пагард.
1. Назва слугі, лакея. Халую важна было дагаджаць толькі свайму пану. Машара. Міхал, селянін па натуры, па выхаванню, пры гэтых, няхай сабе нячастых, наездах паноў «на глушцовыя токі» найбольш яскрава выступае ў ролі халуя, папіхача, і такая роля для яго глыбока абразлівая. Навуменка.
2. перан. Занадта паслужлівы, угодлівы чалавек; падхалім. Ад цяжкай не стагнаў работы, А халуём быць не магу. Валасевіч. Фашысты давяралі сваім халуям не толькі прымаць перадачы для зняволеных, але і гаспадарыць у камерах, тэрарызаваць непаслухмяных. Мяжэвіч. Два тыдні ў нашай вёсцы не было старасты, немцы не маглі знайсці халуя на гэты пост. Краўчанка.
халу́йскі, ‑ая, ‑ае.
Пагард. Які мае адносіны да халуя, уласцівы яму. [Камендант:] — Калі не задавішся сам, сабака, .. то нам давядзецца самім апаганіць свае рукі аб тваю халуйскую скуру. Лынькоў. Аўтар выкрывае ганебныя халуйскія рысы ў дачыненні да ляснічага ў некаторых леснікоў, але ўвогуле ён малюе вобразы сялян, як увасабленне розуму, працавітасці, сумленнасці. Клімковіч. // Рабалепны, угодлівы. Яму вельмі хацелася вызначыцца перад акупантамі сваёй паганай вынаходлівасцю і халуйскай адданасцю. Казлоў.
халу́йства, ‑а, н.
Пагард. Угодлівасць, рабалепства, падхалімства. Найбольшым халуйствам сярод.. [паноў] вызначаўся маркіз Аляксандр Беляпольскі. Якімовіч. На памылках ці трэба вучыцца? Імі трэба, як зеллем, лячыцца Ад зласлівасці, ганарлівасці, Ад халуйства і ад ліслівасці. Грачанікаў.
халу́йстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.
Пагард. Весці сябе па-халуйску, падхалімнічаць.
халу́па, ‑ы, ж.
Невялікая, несамавітая, бедная хата. Праз некаторы час замест старой Барысевічавай халупы.. [Тодар] паставіў новую хату, перасыпаў хлявы, гумно і пабудаваў свіран. Чарнышэвіч. [Стары:] — У людзей хаты як хаты, а ў яго [Атрохі] халупа: адну сцяну туды павяло, другую — туды. Ракітны.
[Польск. chałupa.]
халу́піна, ‑ы, ж.
Тое, што і халупа. Збудаваная за панам халупіна.. засталася цяпер Агею ва ўласнасць. Крапіва. — Чакай, чакай, а дзе ты спыніўся з сям’ёй? — спахапіўся Жыжанок. — Ды там у адной халупіне. Сабаленка.
халцэдо́н, ‑у, м.
Мінерал, разнавіднасць кварцу. На беразе.. [хлопец] назбіраў шмат бела-ружовых халцэдонаў і дымных агатаў. Караткевіч.
[Грэч. chalkēdōn.]
халцэдо́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да халцэдону; зроблены з халцэдону. Халцэдонавыя пароды. Халцэдонавы муштук.
хальказі́н, ‑у, м.
Мінерал класа сульфідаў; медны бляск.
халькапіры́т, ‑у, М ‑рыце, м.
Мінерал класа сульфідаў; медны калчадан.