хало́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Жан. да халоп.
хало́пнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Праяўляць халопства (у 3 знач.); рабалепстваваць.
хало́пскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да халопа (у 1 знач.). Халопскае жыццё.
2. Уласцівы халопу (у 2 знач.). Халопская натура.
хало́пства, ‑а, н.
1. У Старажытнай феадальнай Русі — форма феадальнай залежнасць, блізкая да рабства. Аддаць у халопства.
2. зб. Халопы. Халопства ўсхадзілася не на жарты.
3. перан. Паводзіны, уласцівыя халопу (у 2 знач.). Халімон паспрабаваў пагаліцца ў ногі. — Вось яно. Думкі — думкамі, а з халопства не вырас. Караткевіч.
халт, ‑а, М ‑лце, м.
У выразе: на адзін халт — на адзін глыток.
халту́ра, ‑ы, ж.
Разм. зневаж.
1. Пабочны, звычайна лёгкі заработак звыш асноўнага. У людзей як у людзей — ва ўсіх па два выхадных ужо, а ў .. [Аўсяніка] вечна гэта «налева», вечна халтура... Васілевіч.
2. Нядобрасумленная, неахайная, выкапаная без ведання справы работа. [Мікола:] — Халтура хутчэй за ўсё, а не вецер... Калі б мы так будавалі, што вецер, няхай і штармавы, у дзевяць балаў, можа бурыць, — грош нам цана была б. Хадкевіч. // Тое, што зроблена такім чынам, прадукт такой работы. Хаджу, разглядаю скульптуры. Мастак быў праўдзівы, Ні спешкі нідзе, ні халтуры! Гілевіч. «Бо пішаш, — заявіў Сівы, — халтуру. Што толку з колькасці, браток, Калі слабы любы радок». Корбан.
[Ад лац. chartularium — спіс нябожчыкаў, які чытаўся свяшчэннікам на дзень памінання памёршых.]
халту́рны, ‑ая, ‑ае.
Разм. зневаж.
1. Які мае адносіны да халтуры; які займаецца халтурай. Халтурны пераклад. □ Ішоў [Шапшон] халтурнаю дарогай: Дзе хату зробіць, а дзе хлеў. Смагаровіч.
2. Які з’яўляецца халтурай (у 2 знач.). Халтурны нарыс.
халту́ршчык, ‑а, м.
Разм. зневаж.
1. Той, хто займаецца халтурай (у 1 знач.). [Гаспадар:] — Мы вырашылі рабіць.. [рамонт кватэры] самі. Падлічылі, .. колькі на гэта пойдзе грошай. Аказалася, што ледзь не ў два разы дзешавей, чым здзіраюць халтуршчыкі. Паслядовіч.
2. Той, хто працуе або робіць што‑н. нядобрасумленна, неахайна. Халтуршчыкі здымаць не будуць фільмы, Бо іх саміх здымаць пачнуць у нас. Панчанка. Няможна, каб у чалавека аднолькава да ўсяго ляжала душа. Ён тады ці абыякавы рамеснік, ці безнадзейны халтуршчык. Сабаленка.
халту́ршчыца, ‑ы, ж.
Разм. зневаж. Жан. да халтуршчык.
халту́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
Разм. зневаж.
1. Займацца якой‑н. работай звыш асноўнай для пабочнага, звычайна лёгкага заробку. [Жыжка:] — За эканомію гарою стаяць шафёры. Напрыпісваюць кіламетраў, а тады халтураць. Мыслівец.
2. Нядобрасумленна працаваць, неахайна выконваць якую‑н. работу. [Шугаеў:] Завод толькі яшчэ ўступіў у строй, дзе ж тут даб’ешся, каб усё было на выдатна. [Страмілін:] Дык ты прапануеш халтурыць? Крапіва.