хале́ра, ‑ы, ж.
1. Вострая інфекцыйная кішэчная хвароба, якая суправаджаецца рвотай, паносам. // Эпідэмія гэтай хваробы. У вёску ўвалілася халера.
2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова. [Рыгор:] Шпіёна ловім. Мы стаім на сваім месцы, а ён не ідзе, халера. Чорны. [Клаўдзя:] — Прызнаюся, таіла тады думачку ў сабе, што Павел ужо мой будзе, а ён... да цябе [Дуняхі], халеры, прысох. Ракітны.
•••
Адна халера — тое самае, усё роўна.
Да халеры — вельмі многа.
Халера яго (цябе, яе, вас, іх) ведае — тое, што і бог яго (цябе, яе, вас, іх) ведае (гл. бог).
[Лац. choléra.]
хале́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да халеры (у 1 знач.). Халерны вібрыён. Халерная эпідэмія. // Які бывае пры халеры, выкліканы халерай. Халерны панос. // Звязаны з эпідэміяй халеры. Халерны год.
2. Які захварэў на халеру. Халерны хворы. / у знач. наз. хале́рны, ‑ага, м.; хале́рная, ‑ай, ж. Барак для халерных. // Прызначаны для хворых на халеру. Халерная бальніца.
3. Разм. груб. Вельмі дрэнны, непрыемны. [Павал:] — Я на цябе жаднае крыўды не маю. [Тамаш:] — Ну дык чаго ты звягаеш.. Што гэта за народ халерны. Чорны.
хале́рык, ‑а, м.
Тэмпераментны, неўраўнаважаны чалавек, які лёгка ўзбуджаецца пад уздзеяннем якіх‑н. уражанняў.
[Ад грэч. cholē — жоўць.]
халеры́на, ‑ы, ж.
Уст. Захворванне страўніка, якое сваімі сімптомамі нагадвае халеру, але менш небяспечнае.
халеры́чны, ‑ая, ‑ае.
Уласцівы халерыку. Халерычны тэмперамент.
халестэры́н, ‑у, м.
Арганічнае тлушчападобнае рэчыва, якое знаходзіцца ў нервовай і тлушчавай тканках, печані і інш., а таксама ў прадуктах харчавання і адыгрывае важную ролю ў жыццядзейнасці арганізма.
[Ад грэч. cholē — жоўць.]
халестэры́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да халестэрыну.
халецысты́т, ‑у, М ‑тыце, м.
Запаленне жоўцевага пузыра.
[Грэч. cholē — жоўць і kustis — пузыр.]
халі́ф, ‑а, м.
Гіст. Тытул вярхоўнага духоўнага і свецкага правіцеля мусульман, які меў уладу ў шэрагу краін мусульманскага Усходу. // Асоба, якая мела гэты тытул.
•••
Халіф на час — тое, што і каліф на час (гл. каліф).
[Араб.]
халіфа́т, ‑а, М ‑фаце, м.
Гіст.
1. Сістэма мусульманскага феадальнага кіравання, пры якой халіф спалучаў свецкую ўладу з духоўнай.
2. Феадальная дзяржава, створаная ў выніку арабскага заваявання, якую ўзначальваў халіф. Арабскі халіфат.