асы́пацца, ‑плецца; зак.
1. Адваліўшыся, разваліўшыся, асунуцца ўніз. Цяпер ён [мурашнік] даходзіў да другога сука. І раптам асыпаўся, аб’ехаў. Чорны. Толькі пабелка на ёй [вежы] з гадамі асыпалася, і вежа выглядае цяпер чырвонай. Краўчанка.
2. Апасці (пра лісце, зерне і пад.). Асыпаліся пялёсткі вяргіні. // Застацца без лісця, пялёстак; агаліцца. Пасох верас, парудзела папараць, не адскочыла нават ад зямлі, асыпаўся багун і ягаднік. Пташнікаў.
асыпа́цца, ‑а́ецца; незак.
1. Незак. да асы́пацца.
2. Зал. да асыпа́ць.
распа́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., каго-што.
1. Апрацаваць парай, варам для ачысткі, размякчэння і пад. Распарыць зерне. □ [Валодзя] выразаў кавалак дубовай кары і распарыў яго. Федасеенка. З грабу высек палазы Ды загнуў, як рожкі, Ды распарыў ён вязы, Выгабляваў дошкі. Бялевіч.
2. Моцна прагрэць, мыючы ў лазні з парай. Распарыць цела. // Разм. Разагрэць да поту; разгарачыць. Чарка гэта была не першая.. Капейка, відаць, і сам палічыў, што ўжо даволі распарыў мужыка. Брыль.
ссы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. ссып; зак., што.
1. Сыплючы, сабраць разам (што‑н. дробнае або сыпкае). Пакуль Яўгена не было, мы старанна заслалі карычневымі коўдрамі ложкі, падмялі падлогу,.. а ўсё смецце ссыпалі ў скрынку. Савіцкі. Навыбірае сусед кашы тры бульбы, гладкай, жаўтавата-белай, і ссыпле ў мяшок. Кулакоўскі.
2. Скінуць уніз, заставіць упасці (што‑н. дробнае, сыпкае). Прыйшла машына, ссыпала зерне і паехала зноў у поле. Скрыган.
ссыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да ссы́паць.
павысыпа́цца 1, ‑аецца; зак.
Высыпацца адкуль‑н. — пра ўсё, многае. Павысыпалася зерне з каласоў. □ Хлопчык павіс уніз галавой. Арэхі з яго кішэняў павысыпаліся на зямлю. Сіняўскі. // Разбіўшыся, выпасці ў многіх месцах, усюды. Выбухамі паадчыняла вокны, павысыпалася шкло, і было відаць, што кватэры пустыя. Арабей.
павысыпа́цца 2, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Выспацца — пра ўсіх, многіх. Дзяўчаты, што жывуць у дамку, скіданым з аполкаў на краю палянкі, дык не тое што павысыпаюцца, нават прыемных сноў не дасняць, калі яны каторым набрыдуць. Сабаленка.
плён, ‑у, м.
1. Тое, што вырашчана: садавіна, гародніна, зерне і пад.; ураджай. Не злічыць у ім [садзе] плёнаў: грушаў, яблыкаў, сліў. Машара. Не зробіш гэтага, не паставіш кій ці не нацягнеш нітку, па якіх бы фасоля магла віцца, — не чакай і плёну. Сачанка.
2. перан. Вынік старанняў; дасягненне. — У палку мне добра. Лятаю і лятаю. Адразу бачу плён сваёй работы... Алешка. Дапісана апошняя старонка, правераны разлікі, цытаты і формулы, прыведзены ў парадак чарцяжы, і — хораша бачыць плён сваіх пошукаў і пакут. Хадкевіч.
праду́кт, ‑у, М ‑кце, м.
1. Тое, што атрымліваецца ў выніку працы чалавека. У гэтай будыніне хаваліся галоўныя калгасныя прадукты: зерне, бульба і гародніна. Колас. // Вынік якой‑н. дзейнасці, вынік чаго‑н. Матэрыялам літаратурнага вобраза з’яўляецца слова, г. зн. прадукт чалавечай гісторыі. У. Калеснік.
2. Рэч, атрыманая з чаго‑н. або патрэбная для атрымання чаго‑н. Прадукты хімічнай перапрацоўкі дрэва.
3. звычайна мн. (праду́кты, ‑аў). Харчовыя прыпасы. На партах у мяшках былі прадукты: мяса, кансервы, сухары. Шамякін.
•••
Сукупны грамадскі прадукт — усе матэрыяльныя даброты, створаныя грамадствам за пэўны перыяд (звычайна за год).
[Ад лац. productus.]
сашні́к, ‑а, м.
1. Рабочая частка сахі, культыватара, сеялкі — востры жалезны нарог, які падразае пласт зямлі знізу. Ён [Вяль] для сахі зрабіў стальныя сашнікі, Каб у палях глыбейшымі былі барозны, І меч стальны для мужнае рукі, Каб бараніць свой край, Як час надыдзе грозны. Зарыцкі.
2. Рабочы орган сеялкі, які праводзіць у глебе баразёнку, высявае насенне і засыпае яго зямлёй. Да цямна будуць бегаць за трактарам дзве сеялкі, кладучы ў зямлю радкамі праз віхлястыя сашнікі зерне за зернем. Ермаловіч.
3. Металічная пласціна ў лафета гарматы, якая не дазваляе гармаце адкочвацца пасля выстралу.
4. Вертыкальная перагародка, якая падзяляе нос на дзве часткі.
мало́ць, мялю, мелеш, меле; незак., што і без дап.
1. Раздрабняць зерне, ператвараючы ў муку, парашок; размолваць. Малоць жыта. Малоць перац. □ [Мікіта:] — Чаго толькі [паравік] не рабіў! І малоў, і малаціў, і крупы драў, і паліваў. Ракітны. // Раздрабняць што‑н., ператвараючы ў дробную аднародную масу. Малоць руду.
2. перан. Разм. Балабоніць, балбатаць, гаварыць абы-што. Болесь завёў мяне ў свой пакой .. і бясконца малоў мне пра сябе самога і пра сваіх родных. Гарэцкі. [Таня:] — Знаеш жа, што твая гутарка пустая, а ўсё мелеш. Новікаў.
•••
Ваду малоць — займацца пустаслоўем, гаварыльняй.
Малоць лухту — тое, што і вярзці лухту (гл. вярзці).
Малоць языком — тое, што і малоць (у 2 знач.).
распа́раны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад распарыць.
2. у знач. прым. Які стаў мяккім пад уздзеяннем пары, гарачай вады і пад.; прыгатаваны параннем. Распараныя венікі. □ Многія рыбы ўлетку добра ловяцца на чорны і белы хлеб, на рознае распаранае зерне, гарох. Матрунёнак. На ферме, цёплай і чыстай, густа пахла варанай бульбай і распараным вотруб’ем — свіней нядаўна кармілі. Савіцкі.
3. у знач. прым. Разгарачаны, разамлелы (ад гарачыні, парання і пад.). Выходзячы з ванны ў паласатай піжаме, пачырванелы, распараны, Іван Трахімавіч сказаў жонцы: — Гануля! Зірні там у партфель. Я табе падарунак прывёз. Корбан. — Больш няма куды. Па завязку. — Дзмітрый высунуўся з люка, абцёр распараны твар. Беразняк.
расто́к, ‑тка і ‑тку, м.
1. ‑тку. Памянш. да рост (у 2 знач.). За малы расток яе і звалі Лукерка. Ракітны.
2. ‑тка. Сцябло расліны ў самым пачатку яго развіцця з семя, клубня, кораня і пад. Пахла саладкаватай прэллю — якраз пасярод хаты ляжала выграбеная з падполля бульба з доўгімі белымі расткамі. Навуменка. Над палямі ярчэй палае Неўміручай вясны агонь, І зерне растком прабівае Зямлі пасівелую скронь. Матэвушаў. // Парастак з пупышкамі для пасадкі; чаранок. [Мітрафан:] — Напачатку .. [грушцы] лімоначку прышчэпім, а праз годзік з другога боку — з сапяжанкі расток. Ракітны.
3. толькі мн. (расткі́, ‑оў); перан.; чаго або якія. Першыя прыкметы, рысы чаго‑н. новага; парасткі. Расткі сацыялізма падымаюцца ў вёсцы, памнажаецца колькасць калектыўных гаспадарак. «Беларусь».