*Сваясі, ст.-бел. своясы, своѧси: възвратишасѧ въ своѧси (Карскі, 1, 357; 2–3, 387, 456). Параўн. рус. ‑свояси ў восвоя́си ‘да сябе, дадому’, што з стараж.-рус. въ своя < Він. скл. мн. л. н. р. ад *свой і Д. скл. адз. л. си ‘сабе’ (Праабражэнскі, 2, 263; Фасмер, 3, 584). Параўн. савосы (гл.). Карскі (1, 357) бачыць у старабеларускіх формах украінскі і польскі ўплыў; Яновіч (Веснік БДУ, 1974, 3, 65–66) выводзіць са словазлучэння въ своя си мѣста з падвойным азначэннем.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Спра́ва ‘дзейнасць, занятак’, ‘абавязак’, ‘рэч, з’ява’ (ТСБМ, Байк. і Некр., ТС), ‘прадмет дзейнасці, справаздача, рашэнне’ (Нас.), ‘прадмет дзейнасці ці інтарэсу’ (Ласт., Бяльк., Касп.), ‘здарэнне’ (Сержп.), ‘набыццё адзення, абутку, абноўка’ (Нік. Очерки), ‘уборы, адзенне’ (ТС), ст.-бел. справа ‘дзейнасць (?)’ (Скарына). Параўн. укр. спра́ва, польск. sprawa, чэш. sprava ‘дзейнасць і яе мэта’, серб.-харв. спра̏ва ‘інструмент, прыбор, прыстасаванне’, балг. спра́ва ‘тс’, макед. справа ‘тс’; сюды ж, відаць, прыслоўе (XVI ст.) ст.-рус. справа: пришли къ государю справа воеводы его (Яновіч, Наречие, 54). Дэрываты ад справіць ‘зрабіць, выканаць, ажыццявіць’, што да правіць, правы (гл.), якія, відаць, няма падстаў адносіць да праславянскіх утварэнняў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апра́ва ’рамка, аклад абраза; пераплёт кніжкі’. Рус. оправа ’рамка, аклад’, укр. оправа ’пераплёт; рамка, аклад’, польск. oprawa ’пераплёт, рамка’. Да апраўляць ’апрацоўваць, прыводзіць у адпаведны выгляд’, адкуль і ’ўстаўляць у аправу’. Значэнні ’рамка’ і ’аправа абраза’ адносна новыя з больш старога аправа ’рамка’. Ст.-бел. оправа ’паправа, наладка’ (магчыма, з чэшскай, сустракаецца ў Скарыны, хаця вядома і ў старапольскай); ’дакумент на права карыстання маёмасцю’ і ’маёмасць, запісаная на чыёсьці імя’ (Юрэвіч–Яновіч, Бел. мова, 97), звязана са старапольскім значэннем дзеяслова oprawić ’забяспечыць’, ст.-бел. оправити ’ўнагародзіць’ (Гарб.). Семантычны пераход у дзеяслове, магчыма, такі: ’паправіць, прывесці ў адпаведны выгляд, зрабіць аправу’ і ’паправіць (матэрыяльнае становішча), запісаць маёмасць, узнагародзіць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лан ’старажытная мера зямлі (ад 10 да 30 дзесяцін)’ (Гарб., Гарэц.), кобр. ’вялікае поле’ (Выг.), ’панскае поле’ (Бес.), ’поле’ (Федар. 1, КТС), ’мера зямлі ў тры валокі’ (Бяльк.). Ст.-бел. ланъ (з XIV ст.) ’мера зямлі’, укр. лан ’мера раллі да 30 дзесяцін’, ’поле, ніва’, рус. лан ’ніва’, ’участак поля’. Запазычана з польск. łan ’тс’ — пераважна (каля 17 га) у малапольскіх гаворках; чэш., славац. lȧn, ст.-чэш. lán, н.-луж., в.-луж. łan ’мера поля, зямлі’ — усе з с.-в.-ням. lehen, lein ’тс’ (параўн. лен ’спадчыннае зямельнае ўладанне ў эпоху феадалізму’) (Міклашыч, 160; Голуб-Копечны, 129; Праабражэнскі, 1, 433; Брукнер, 306; Фасмер, 2, 456; Слаўскі, 4, 457). Нельга прыняць меркаванне Бернекера (1, 689) і Бугі (РФВ, 71, 56) аб запазычанні і роднасці з лат. lāns ’пушча’, lāma ’лагчына’. Таксама наўрад ці слав. lanъ (?) з’яўляецца роднасным да ланита, як мяркуе Ягіч (AfslPh, 3, 751). Недакладна ў Юрэвіч–Яновіч (Зб. Крапіве, 291). С.-лац. laneus (Праабражэнскі, 1, 433; Карскі, Труды, 378) утворана са слав. lán/lan.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Морда1 ’пярэдняя частка галавы жывёлы’ (ТСБМ, Шат., Бяльк.; лід., Сл. ПЗБ), ’твар чалавека’ (Нас., Бес., Яруш., Шат., Сл. Брэс.; Бяльк., Растарг., Сл. ПЗБ; хойн., капыл., КЭС), ’шчака’ (ТС; пін., Сл. Брэс.), марда́ць ’надзяваць наморднік’ (Крыў., Дзіс.), марда́чы ’мардаты’ (лід., Сл. ПЗБ), мардач ’удар па твары’ (Растарг.), мардахлы́ст ’п’яніца’, марда́сты ’таўстагубы, таўстаморды’ (Нас.), мардагля́д ’люстэрка’ (Сцяшк. Сл.). Укр. морда, рус. морда, усх.-польск., мазавецк., паўн.-малапольск. morda ’морда свойскіх жывёл’. Паводле Бартоламэ (440), запазычана з іран. мовы (параўн. авест. ka‑mərəδa ’агідная галава’) і з’яўляецца роднасным да ст.-інд. mūrdhán‑ ’лоб, галава, вяршыня’, англасакс. molda ’галава’, ст.-грэч. βλωθρόσ ’які высока падняўся’ (Фасмер, 2, 652–653); Пізані (Paideia, 9 (4–5), 1954, 312) дапускае роднаснасць слав. морда з лац. mordēre ’кусаць, грызці, есці, жэрці’ і інш. Курціна (ОЛА–1972, 215–217), прымаючы пад увагу семантычныя адносіны рада слоў у зах. і паўд.-слав. мовах з асновай mъrd‑ ’хутка рухацца’ → ’крыўляцца’ → ’грымаса’, а таксама сінанімію ст.-рус. мордати і моркати ’крыўляцца’, выказвае дапушчэнне аб роднаснасці ўсх.-слав. морда і славен. mȓd ’грымаса’ і аб спрадвечнай агульнасці асноў mъrk‑/mъrd‑/mъrg‑, якія развіліся з кораня mъr‑ < і.-е. *mer‑ (Покарны, 1, 733). Яшчэ раней Краўчук (БЛ, 6, 79) выказаў меркаванне, што слав. морда не іранізм, а слав. пеяратыўнае ўтварэнне ад дзеяслова тыпу славен. mrdati ’махаць, варушыць’ > mrda ’грымаса’ > ’скрыўленая фізіяномія’. Сюды ж ст.-бел. мордка ’грашовая адзінка’ (Юрэвіч–Яновіч, Зб. Крапіве, 297).

Морда2 ’лазовы кош для лоўлі рыбы’ (гродз., Сцяшк. Сл.), брэсц. ’аднагорлавы буч з дубцоў або з дранак’ (Браім, 61). Рус. паўн. мо́рда, морда́ ’нерат, венцер, буч’, а таксама ме́рда, мерёда, якія з уграфінскіх моў, параўн. карэльск. merta, эст. mōrd, ліўск. mørda ’буч’ (Праабражэнскі, 1, 556; Каліма, 164; Фасмер, 2, 601 і 653).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)