Ты́паць (ты́пъць) ‘ісці (пра маленькіх дзяцей)’ (мёрск., Нар. лекс.), ‘ісці, лёгка ступаючы (пра дзяцей, старых)’ (лаг., Стан.), сюды ж ты́птацца (тыптъцца) ‘хадзіць вельмі ціха’ (мёрск., Нар. лекс.), тыпты́сь ‘дрыжэць, трэсціся’ (драг., Жыв. НС). Параўн. укр. ти́пати ‘павольна ісці’, рус. ти́пать ‘хадзіць на дыбачках (на пальчыках)’, польск. cipać ‘ісці ціха, несупынна (пра дождж)’, н.-луж. typotaś ‘дробненька тупаць’, славен. típati ‘дакранацца, кранаць’, харв. tipati ‘тс’. Прасл. *tipati ‘ціха пастукваць, ціха ісці’, магчыма, анаматапеічнага паходжання, суадноснае з прасл. *tъpati ‘тупаць’, *te(p)ti ‘біць’, *tъpъtati ‘таптаць’ (Фасмер, 4, 60; ЕСУМ, 5, 570). Стой (Бязлай, 4, 182) параўноўвае з літ. tipénti ‘хадзіць на пальчыках, на дыбачках (у тым ліку пра дзяцей, якія вучацца хадзіць)’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тыня́цца ‘шкандыбаць, кульгаць’ (Аніч., Вопыт), тыня́тысь ‘чыкільгаць’ (Клім.), тинʼатис’ ‘блытацца, перашкаджаць’ (Горбач, Зах.-пол. гов.). Параўн. укр. ти́нятися, тиня́тись ‘соўгацца’, ‘сноўдацца, бадзяцца, валэндацца’, ‘штурхацца (сярод натоўпу)’, ‘блукаць, вандраваць’. Экспрэсіўнае арэальнае ўтварэнне няяснага паходжання. Паводле ЕСУМ (5, 570) — гэта відазмененая форма *тинутися ‘ціха хадзіць, сноўдацца’, якая ўзнікла з прасл. *ti(p)nǫti ‘ўдарыць’, ‘ціхенька хадзіць’ і звязана з *te(p)ti: рус. ти́пать ‘злёгку удараць’, ‘ісці, крадучыся’, н.-луж. typotaś ‘чыкільгаць’, ‘дробненька ступаць’, польск. ciepnąć, ciepać ‘удараць’, cipać ‘ісці ціха, але без перапынку (пра дождж)’, серб. те̏псти се ‘бадзяцца, блукаць’. Магчыма, можа выводзіцца з прасл. *tynʼati ‘быць ціхім, мірным’, якое Сной (у Бязлай, 4, 181) параўноўвае са ст.-прус. tusnan ‘ціхі’, ст.-інд. tūṣṇī́m ‘ціха, моўчкі’. Гл. таксама тыпаць.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тэ́паць ‘ісці, тупаць’, ‘хадзіць няпэўна (пра дзіця і старых)’ (ТСБМ, Янк. 2, Яўс.). Параўн. польск. tępać ‘тупаць’ (Борысь, 654: з другасным насавым), н.-луж. tepaś ‘тс’, балг. дыял. те́пам ‘ісці марудна ад старасці ці па-дзіцячы’. Гл. тупаць; форма з экспрэсіўным або варыянтным вакалізмам, што можа ўзыходзіць да прасл. *tъpati, параўн. тыпаць, гл. Аднак большасць даследчыкаў звязваюць яе з прасл. *tepti, роднасным з літ. tèpti ‘мазаць’, лат. tept ‘тс’ з асноўным значэннем ‘біць, стукаць’, да якога праз чаргаванне ўзыходзяць і тупаць, тупат, гл. (Фасмер, 4, 45; Шустар-Шэўц, 1504; ЕСУМ, 5, 548; ВЕР, 7, 949). Гл. наступнае слова. Сюды ж тэ́пало ‘той, хто тэпае’ (Янк. 2), тэ́паць ‘лапаць, сандаля’ (Яўс.), тэ́пці ‘хатні абутак’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ), тэ́пкацца ‘дыбаць, ісці’ (Кал.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)