Ту́нна ‘дарэмна, дарма, марна’ (Нас., Гарэц. 1.), ‘бясплатна’, ‘без пакарання’: гэта табе тунна ня пройдзець; ту́нны ‘марны, дарэмны’, ‘бескарысны (пра працу)’ (Нас.), ст.-бел. туне ‘дарма, марна’ (ГСБМ). Укр. ту́нний, ту́ній ‘танны, даступны’, рус. ту́но ‘дарма, дарэмна, упустую’, ту́нный ‘дармавы’, ‘марны’, рус. і стараж.-рус. туне ‘дарэмна’, польск. усх. tuni, сілез. tůńi, каш. tóni, tóńi ‘танны’, н.-, в.-луж. tuni, славац. tuni, tuný, славен. tônj ‘тс’, zastóņj ‘дарэмна’, ст.-харв. ostunj, stunj, stunje ‘задарма, бясплатна, дарма’, балг. ту́на ў выразе: ту́ня беда ‘вялікая бяда’, ‘беспадстаўнае абвінавачанне’, макед. туне беда ‘тс’, ст.-слав. туне ‘дарэмна, бясплатна’. Прасл. *tuńь ‘дарэмны’ (Борысь, 626) ці *tunь‑jь ‘танны, даступны, дарэмны, бясплатны’ (ЕСУМ, 5, 676) узыходзіць да і.-е. *teu̯n‑. З іншым вакалізмам кораня на польскай моўнай тэрыторыі (другасная назалізацыя) прасл. *tanьjь, *tonьjь > та́нны (гл.). У якасці роднасных падаюцца: лат. taúņa ‘гультай’, taūņât ‘бадзяцца, хадзіць без справы, не брацца за работу’, ст.-в.-ням. dunni, ст.-н.-ням. thunni, ст.-ісл. þunnr ‘тонкі’. Развіццё індаеўрапейскай семантыкі ішло ад ‘тонкі, доўгі, выцягнуты’ > ‘невялікай вартасці’ > ‘танны’ (Шустар-Шэўц, 1558; (гл. таксама: Этимология–1967, 74; Зб. Бернштэйну, 474–480), чаму пярэчаць Фасмер, 4, 121; Сной у Бязлай, 4, 393. Адсутнічае пераканальная этымалогія (ESJSt, 17, 998).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туняя́д (тунея́дъ) ‘дармаед’, ‘ненадзейны член сям’і’ (Нас.). Утворана на базе рус. тунея́дец ‘лайдак’ шляхам адсячэння суф. ‑ец або непасрэдна ад ту́не ‘дарма’ (гл. тунна) і ст.-слав. ꙗдь ‘ежа’ < ꙗстн ‘есці’ (КЭСРЯ); канец слова, магчыма, пад уплывам яд ‘атрута’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Туніня́ць ‘гнісці’ (слаўг., Яшкін, вусн. паведамл.). Мяркуецца, што ўтворана ад назоўніка *туніня ‘гніль’. Апошняе мае паралелі ў балг. дыял. туне́ ‘плесня’ або тунъ́ ‘плесня; смурод’, туня́съм ‘пакрывацца плесняй’, макед. дыял. тунясва ‘тс’, якія Рачава (Этимология-2003–2005, 185) разглядае як «утварэнні праславянскага тыпу», звязаныя з балг. то́на ‘ўсмоктваць, убіраць’, што фанетычна і семантычна цяжка давесці. Хутчэй з улікам беларускага матэрыялу, да прасл. *tunʼa ‘гніль, плесня’ ад прасл. *tuxnǫti/*tǫxnǫti ‘псавацца, пратухаць’, параўн. укр. тухи́ня ‘гнілое балота’, гл. тухнуць. Параўн. туняшка, тунець (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)