су́д

‘думка’

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. су́д
Р. су́ду
Д. су́ду
В. су́д
Т. су́дам
М. су́дзе

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

су́д

‘установа’

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. су́д суды́
Р. суда́ судо́ў
Д. суду́ суда́м
В. су́д суды́
Т. судо́м суда́мі
М. судзе́ суда́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

суд, -а́ і -у, М -дзе́ і -дзе, мн. -ы́, -о́ў, м.

1. -а́, М -дзе́. Дзяржаўны орган, які разглядае і вырашае грамадзянскія спрэчкі і крымінальныя справы.

Народны с.

Вярхоўны с.

2. -а́, М -дзе́. Судовы працэс, разбор грамадзянскай або крымінальнай справы.

Выступіць на судзе.

Павестка на с.

4. -у, М -дзе. Думка, меркаванне аб чым-н.

С. гісторыі (ацэнкі і думкі будучых пакаленняў; высок.).

|| прым. судо́вы, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

суд

1. род. суда́ м.;

Верхо́вный Суд Респу́блики Белару́сь Вярхо́ўны Суд Рэспу́блікі Белару́сь;

Междунаро́дный суд ОО́Н Міжнаро́дны суд АА́Н;

находи́ться под судо́м быць пад судо́м;

предава́ть суду́ аддава́ць пад суд (суду́);

в день суда́ у дзень суда́;

суд че́сти суд го́нару;

това́рищеский суд тавары́скі суд;

2. (мнение, заключение) суд, род. су́ду м.;

вы́нести на суд обще́ственности вы́несці на суд грама́дскасці;

на нет и суда́ нет посл. як няма́, то й дарма́; як няма́, дык няма́.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

суд м.

1. род. суда́ суд;

Вярхо́ўны С. — Верхо́вный Суд;

с. ідзе́!суд идёт!;

адда́ць пад с. — отда́ть под суд; преда́ть суду́;

быць пад судо́м — быть под судо́м;

2. род. су́ду (мнение, заключение) суд;

с. гісто́рыісуд исто́рии;

сваі́м судо́м — свое́й вла́стью;

паку́ль с. ды спра́ва — пока́ суд да де́ло;

чыні́ць с. і распра́ву — твори́ть суд и распра́ву;

на няма́ і су́ду няма́посл. на нет и суда́ нет

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

суд, ‑а і ‑у, М ‑дзе і ‑дзе, м.

1. ‑а, М ‑дзе. Дзяржаўны орган, які разглядае і вырашае грамадзянскія спрэчкі і крымінальныя справы. Народны суд. Прыгавор суда. // Памяшканне, у якім знаходзіцца такі орган. У судзе свецяцца вокны. // зб. Суддзі. Нарада суда. □ І кідае [Варывода] строга свой зрок. — Суд ідзе! — грыміць урачыста! І вочы скіроўвае ўбок, Пранізвае імі фашыста. Колас. — Што вы маўчыце? — пытаецца суддзя. — У вас заўвагі да складу суда ёсць? Адводы, прапановы? Дадзіёмаў.

2. ‑а, М ‑дзе. Судовы працэс, разбор грамадзянскай або крымінальнай справы. Выступаць на судзе. □ Паведамілі, што пракурор патрабуе тэрміновага суда над браканьерам .. і хоча зрабіць гэты суд паказальным на ўвесь раён. Краўчанка. Суд цягнуўся два гады. Выйграў пан. Бядуля. Жук атрымаў учора павестку на суд з Мікітам за Марылін пасаг. Брыль. [Зося:] — На судзе мне трэба было ўсё, як было, расказаць. Чорны. / У складзе некаторых устойлівых выразаў. Папасці пад суд. Чыніць суд. // Пакаранне каго‑н., кара. Павел зразумеў, што няма больш страшнага суда, чым суд уласнае памяці. Васілёнак. [Міхалка:] — Мы .. [Ігналю] лепей сваім судом, — адсцёбаем гэтымі лейцамі і годзе. Ён болей красці не будзе. Бядуля.

3. ‑а, М ‑дзе; чаго або які. Грамадскі орган, які выбіраецца з членаў якога‑н. калектыву для разгляду спраў, звязаных з непрыстойнымі паводзінамі каго‑н. Суд гонару. Грамадскі суд. □ Праўленне вырашыла ўчыніць таварыскі суд над тымі, каго злавілі за руку. Дуброўскі.

4. ‑у, М ‑дзе. Думка, меркаванне аб кім‑, чым‑н.; ацэнка каго‑, чаго‑н. Суд гісторыі. □ Мінаў час, старое забывалася, яно з-за даўнасці не падлягала і суду Андрэевага сумлення. Шахавец.

•••

Вярхоўны суд БССР — найвышэйшы судовы орган БССР.

Надворны суд — судовы орган дваран у Расіі 18–19 стст.

Страшны суд — паводле рэлігійных уяўленняў — божы суд пад усімі людзьмі, калі наступіць «канец свету».

Суд Лінча — у ЗША жорсткая расправа з актыўнымі дзеячамі прафсаюзнага, негрыцянскага. антыімперыялістычнага і камуністычнага руху; лінчаванне.

Суд прысяжныхсуд з удзелам прысяжных засядацеляў.

Таварыскі суд — грамадскі суд, утвораны на прадпрыемствах, ва ўстановах для разгляду спраў, звязаных з парушэннем працоўнай дысцыпліны або грамадскага парадку.

Трацейскі суд — разбор якога‑н. канфлікту кім‑н. трэцім, не зацікаўленым у гэтай справе.

Шамякаў суд — несправядлівы, прадузяты суд (ад імя суддзі Шамякі з старой рускай аповесці).

Аддаць на суд каму гл. аддаць.

Аддаць пад суд гл. аддаць.

Ісці пад суд гл. ісці.

Пакуль суд ды справа — пакуль адбываецца, робіцца што‑н. Загоншчыкі падаліся ў абход. А мы, стралкі, пакуль суд ды справа, на прасецы ў лінію пасталі. Ракітны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суд ’орган для разгляду судовых спраў’, ’судовы працэс’, ’думка, меркаванне’ (ТСБМ, Пас., Байк. і Некр.), ’суд (судовы орган і працэс)’ (Сл. ПЗБ, Бяльк.), ’лёс, наканаванне’: nie toj ŭmiraje chto chud, da toj kamu sud (Пятк. 2), ст.-бел. судъ ’судовая ўстанова, інстанцыя’, ’судовы акт, прысуд’, ’судовы працэс’, ’цяжба’ (Сташайтэне, Абстр. лекс.), ’тс’, ’меркаванне’ (Альтбаўэр). Укр., рус. суд, стараж.-рус. судъ, польск. sąd, в.-луж., н.-луж. sud, чэш. soud, славац. súd, серб.-харв. су̑д, славен. sọ́dсуд, прыгавор’. балг. съд, макед. сад, ст.-слав. сѫдъсуд, судовы працэс, прыгавор, рашэнне, справядлівасць’. Прасл. *sǫdъ, якое з *som‑ і і.-е. кораня *dhē‑ ’класці, ставіць’ (гл. дзеяць), параўн. блізкае ст.-інд. samḍhiṣ, samdhā́ ’дагавор, сувязь, аб’яднанне’, літ. samdà ’найманне, арэнда’, samdýti, sámdaũ ’наймаць’, гл. Мее, 162, 234; Траўтман, 48; Фасмер, 3, 794. З першаснага значэння ’складанне, злучэнне’, відаць, развілася далей ’складанне думак, унясенне прапаноў, устанаўленне думак, ацэнак, і г. д.’, адкуль з’явілася спецыялізаванае значэнне ’асуджэнне каго-небудзь, судовы працэс’ → ’тыя, хто вядзе судовы працэс, вырашае спрэчкі, суд’; гл. Борысь, 539. Іншая словаўтваральная мадэль у Бязлая (3, 283- 284): ад прасл. *sъ‑děti ’саставіць, злажыць’, параўн. славен. zdẹ́ti ’злажыць’, ст.-чэш. sdieti ’тс’. Шустар-Шэўц (1376) мяркуе, што корань ‑dъ у славянскім слове меў і значэнне ’гаварыць’, параўн. в.-луж. стар. dzieć, н.-луж. źaś, чэш. díti ’гаварыць’, адкуль *sǫdъ ’прыгавор’ з ’што-небудзь сумесна абмеркаванае і аб’яўленае (выказанае)’. Менш верагодная версія Семерэньі (гл. Шустар-Шэўц, там жа) аб сувязі *sǫdъ з лат. censeo < і.-е. *kendh‑ ’судзіць, даваць ацэнку’, што падтрымлівае Махэк₂ (568); супраць Трубачоў (Ремесл. терм., 236), які падкрэслівае адзіную крыніцу паходжання *sǫdъсуд’ і *sǫdъсу́д(ы)’. Варбат (Слав. языкозн., IX, 64–66) звязвае з асновай прасл. *sědti, *sędǫ ’сесці’; таксама Ондруш, Этимология–1984, 178. Гл. яшчэ Сной, 590; ЕСУМ, 5, 467; ESJSt, 14, 861–862.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

суд; трыбунал (вайск.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

Траце́йскі судсуд, выбраны па ўзгадненні старон для вырашэння паміж імі спрэчак цывільна-прававога характару’ (ТСБМ). З рус. третейский (суд), якое ўтворана ад парадкавага лічэбніка *tretьjь пры дапамозе суф. *‑sk‑ъjь‑ > ‑скі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

шамя́каў, -ава.

У выразе: шамякаў суд (разм.) — несправядлівы, прадузяты суд, разбор.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)