стрыгану́ць

‘укалоць намёкам (без прамога дапаўнення): стрыгануць вачамі на каго-небудзь; стрыгануць вушамі’

дзеяслоў, непераходны, закончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Будучы час
адз. мн.
1-я ас. стрыгану́ стрыганё́м
2-я ас. стрыгане́ш стрыганяце́
3-я ас. стрыгане́ стрыгану́ць
Прошлы час
м. стрыгану́ў стрыгану́лі
ж. стрыгану́ла
н. стрыгану́ла
Загадны лад
2-я ас. стрыгані́ стрыгані́це
Дзеепрыслоўе
прош. час стрыгану́ўшы

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

Стры́гнуць ‘торгнуць’ (ТС), стрыгну́ць ‘пайсці’ (Шымк. Собр.), стрыгу́ць, стрыгану́ць ‘уцячы’, ‘упікнуць’ (Нас.), стрыгану́ць ‘сказаць грубасць рэзка’ (Бяльк.), ‘укалоць намёкам’ (Байк. і Некр.), стрыга́ць ‘упікаць’ (Нас., Жд. 2), стры́гаць ‘наразаць; часта бегаць’ (Нас.), ‘паводзіць вушамі, прыслухоўвацца’ (полац., Жыв. св.); сюды ж, відаць, стрыжкі́ ‘тонкія папрокі, зласлівыя напамінкі’ (Нас.), стру́жыць ‘стрыгчы вушамі (пра каня)’ (ТС). Параўн. укр. стригну́ти ‘скокнуць’, якое разглядаецца як вынік кантамінацыі стри́бну́ти (гл. стрыбаць) і плигну́ти ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 440), што на фоне беларускіх фактаў не пераконвае; славен. strígati, strígniti ‘стрыгчы’, што разглядаюцца як вытворныя ад stríči ‘тс’ (Сной у Бязлай, 3, 329), а таксама славен. striči z ušesi ‘паводзіць вушамі’, серб.-харв. стри̏чи ушима, чэш. stříhati ušima, польск. strzyć uszami ‘тс’, у аснове якіх, відаць, ляжыць імітатыў, што абазначае рэзкі рух, параўн. стрыкаць (гл.). Сюды ж таксама стрыгма́нка ‘быстрая, шустрая, ухвацістая дзяўчына або жанчына’ (Барад.). Гл. стрыгчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́каць ‘утвараць нажніцамі гук стрыгання’, ‘рабіць рэзкія папрокі’, ‘рабіць непрыемныя выхадкі, дабівацца чаго-небудзь’ (Нас.), ‘пстрыкаць’ (ТС), стры́кнуцьстрыгануць, выцяць; зрабіць рэзкі папрок’ (Нас.), стрык ‘пстрычка’ (Нас.). Борысь (584) адрознівае прасл. *strěkati ‘калоць; пячы крапівою’ (гл. стрыка́ць) і прасл. дыял. *strikati, якое працягваюць укр. дыял. стри́кати ‘скакаць; пырскаць’, польск. strzykać ‘выцякаць; цячы перарывістым моцным струменем, пырскаць’, в.-луж. třikać ‘кідаць’, чэш. střikat ‘пырскаць’, славац. дыял. strihac ‘балець з перапынкамі; торгаць’, а таксама, відаць, серб.-харв. stȑcati, štrcati ‘пырскаць’, балг. щра́кам ‘пстрыкаць, стукаць’, макед. штрака ‘шчоўкаць’; сюды ж ён уключае і беларускае стры́каць (гл.). Далей этымалогія няясная. Стры́кнуць, магчыма, звязана з стры́гнуць (гл.) як “глухі” варыянт з гукапераймальнай (імітацыйнай) асновай.

Стрыка́ць ‘апякаць крапівою’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Касп., Бяльк., Байк. і Некр., Др.-Падб., Янк. 3.), ‘кусаць, джыгаць’ (Нас.), стрыкну́ць ‘апячы крапівою, джыгнуць; узбудзіць, падбухторыць’ (Нас., Гарэц.), стрыка́цца ‘пячыся (аб крапіве)’ (Жд. 2, Мат. Гом.). Укр. стрика́ти, рус. стрека́ть, стараж.-рус. стрѣкати ‘калоць, джаліць’, ц.-слав. стрѣкаты ‘калоць’, польск. strzykać ‘калоць’, серб. дыял. стре́кнути ‘укалоць’, макед. штрекне ‘кальнуць’, ст.-слав. стрѣкати ‘калоць, джаліць’. Прасл. *strěkati; звязана чаргаваннем галосных з страка́, стро́кі (Траўтман, 289; Фасмер, 3, 773). Адносна фанетыкі беларускіх слоў (ы < е) гл. Карскі, 1, 188. Бязлай (3, 326) аб’ядноўвае папярэдні дзеяслоў і *strěkati у адной праформе *strḗk‑ і адносіць да і.-е. базы *ster‑k‑ ‘зацвярдзець’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)