Стры́баць ‘скакаць’ (Ласт.), стрыбуля́ць ‘ісці падскокваючы’ (хойн., Шатал.); сюды ж стрыбо́к ‘скок, скачок’, стры́баўка, стры́бля ‘страказа’ (Ласт.), стрыбутне́йшы ‘здаравейшы, мацнейшы’ (Ян.). Параўн. укр. стриба́ти ‘скакаць’, стрибо́к ‘скачок’. Прасл. дыял. *stribati ‘скакаць’, роднаснае літ. stribuliúoti ‘падскокваць, скакаць’ (ЕСУМ, 5, 439), якое Лаўчутэ (Балтизмы, 132) лічыць крыніцай запазычання аднаго з дзеясловаў. Параўн. таксама літ. stripuliúoti, strãpaliuoti ‘тс’, звязаныя з strapulnė́ti ‘стукаць нагамі’ (Куркіна, Этимология–1974, 52), што дазваляе ў аснове названых слоў бачыць гукаперайманне, параўн. стропаць, тро́паць ‘стукаць нагамі’ (гл.), дры́паць ‘часта пераступаць нагамі’ (Скарбы) і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́балкі ‘тонкія ногі’ (стаўб., З нар. сл.). Параўн. рус. дан. стри́балка ‘гульня, вяровачка для скакання’. Вытворнае ад стрыба́ць ‘скакаць’, гл. наступнае слова.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стры́гнуць ‘торгнуць’ (ТС), стрыгну́ць ‘пайсці’ (Шымк. Собр.), стрыгу́ць, стрыгану́ць ‘уцячы’, ‘упікнуць’ (Нас.), стрыгану́ць ‘сказаць грубасць рэзка’ (Бяльк.), ‘укалоць намёкам’ (Байк. і Некр.), стрыга́ць ‘упікаць’ (Нас., Жд. 2), стры́гаць ‘наразаць; часта бегаць’ (Нас.), ‘паводзіць вушамі, прыслухоўвацца’ (полац., Жыв. св.); сюды ж, відаць, стрыжкі́ ‘тонкія папрокі, зласлівыя напамінкі’ (Нас.), стру́жыць ‘стрыгчы вушамі (пра каня)’ (ТС). Параўн. укр. стригну́ти ‘скокнуць’, якое разглядаецца як вынік кантамінацыі стри́бну́ти (гл. стрыбаць) і плигну́ти ‘тс’ (ЕСУМ, 5, 440), што на фоне беларускіх фактаў не пераконвае; славен. strígati, strígniti ‘стрыгчы’, што разглядаюцца як вытворныя ад stríči ‘тс’ (Сной у Бязлай, 3, 329), а таксама славен. striči z ušesi ‘паводзіць вушамі’, серб.-харв. стри̏чи ушима, чэш. stříhati ušima, польск. strzyć uszami ‘тс’, у аснове якіх, відаць, ляжыць імітатыў, што абазначае рэзкі рух, параўн. стрыкаць (гл.). Сюды ж таксама стрыгма́нка ‘быстрая, шустрая, ухвацістая дзяўчына або жанчына’ (Барад.). Гл. стрыгчы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Стрыбо́г ‘уладар зямных і нябесных вод (атаясамліваўся з Міколам Вясеннім або Лысым)’ (Жлоба, Народная педагогика Полесья: по материалам этнографических исследований, Брест, 2002, 182–183), страж.-рус. Стрибогъ ‘бог вятроў’, параўн. вѣітри, Стрибожи внуци ў “Слове пра паход Ігаравы”. Лічыцца запазычаннем з ст.-іран. *Srībaɣa; паводле Мартынава (Этнагенез, 6–7), ‘добры бог’, супрацьпастаўлены *Dužbaɣa ‘злы бог’, суадносным з стараж.-рус. Дажьбогъ (< прасл. *dъžbogъ). Гл. таксама Фасмер, 3, 777 (з аглядам версій і літ-ры). Трубачоў (Этногенез₂, 197–198) лічыць прасл. *stribogъ і *da(djь)bogъ культурнымі інавацыямі славян, а не індаеўрапейскімі архаізмамі, першае з якіх уяўляе кампазіт з імператыўнай формай дзеяслова *sterti ‘распаўсюджваць, распасціраць’ у спалучэнні з іменем *bogъ ‘бог’; гл. яшчэ Праабражэнскі, 2, 398; Якабсон, IJSLP, 1959, 1–2, 272; Тапароў, СБЯ, 1983, 120; Жураўлёў, Язык и миф, 171–172. Сувязь з стрыбаць (гл.) і ням. streben ‘прагнуць, імкнуцца’ (Брукнер, KZ, 50, 195) малаверагодная, паколькі гэта быў бы просты аддзеяслоўны дэрыват, параўн. стрыбок ‘скачок’. Гл. яшчэ Зайкоўскі, Бел. міф.₂, 492–493; ЕСУМ, 5, 439–440.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)