рэ́шата

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. рэ́шата рашо́ты
рэ́шаты
Р. рэ́шата рашэ́т
рашо́т
рашо́таў
Д. рэ́шату рашо́там
В. рэ́шата рашо́ты
рэ́шаты
Т. рэ́шатам рашо́тамі
М. рэ́шаце рашо́тах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

рэ́шата, -а, М -шаце, мн. рашо́ты і (з ліч. 2, 3, 4) рэ́шаты, рашо́т і рашо́таў, н.

1. Рэч хатняга ўжытку — нацягнутая на шырокі абруч густая сетка для прасейвання мукі і інш.

Прасеяць муку на р.

У рэшаце ваду насіць (перан.: займацца чым-н. бескарысным, пустой справай; разм.). Галава як р. ў каго-н. (пра таго, хто ўсё забывае, у каго дрэнная памяць; разм.).

2. Прасейвальнае прыстасаванне ў зернеачышчальных, сартавальных і іншых машынах.

Рашоты ў камбайне.

◊

Цуды ў рэшаце (разм., жарт.) — пра што-н. незвычайнае або незразумелае.

|| прым. рашо́тны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рэ́шата ср. (мн. рашо́ты, род. рашо́т) решето́;

◊ галава́ як р. — дыря́вая голова́;

цу́ды ў рэ́шаце — чудеса́ в решете́;

насі́ць ваду́ рэ́шатам (у рэ́шаце) — погов. носи́ть во́ду решето́м

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

рэ́шата, ‑а, М ‑шаце; мн. рашо́ты (з ліч. 2, 3, 4 рэ́шаты), рашо́таў; н.

1. Рэч хатняга ўжытку для прасейвання мукі і пад. у выглядзе шырокага абруча з сеткай. У сенцах Мацвей падсяваў у рэшаце жыта. Чорны. Дзесяткі людзей лавілі рыбу кошыкамі, торбамі, рашотамі. Бядуля.

2. Агульная назва прыстасаванняў у зернеачышчальных, сартавальных і пад. машынах.

•••

Галава як рэшата гл. галава.

Насіць ваду ў рэшаце гл. насіць.

Цуды ў рэшаце гл. цуд.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рэ́шата 1 ’прылада для прасейвання мукі ў выглядзе шырокага абруча з сеткай’ (ТСБМ, Бяльк., Касп., Сл. ПЗБ), ’надзвычай рэдкае сіта’ (Янк. Мат.), рэ́шато ’рэшата’ (Сцяшк.), рэшэто, рышыто ’тс’ (Сл. Брэс.), рэшота, рэшото, рэшэто ’тс’ (ТС); сюды ж рэшатнік ’хто вырабляе рашоты’ (Сл. ПЗБ). Укр. ре́шето, рус. решето, польск. rzeszoto, палаб. rîsetü, в.-луж. ŕešo, чэш. řešeto, славац. rešeto, славен. rešétọ, серб., харв. решѐто, макед. решето, балг. реше́то. Прасл. *rešeto. Паводле асноўнай семантычнай прыметы (’рэдкае перапляценне’) часта звязваюць з асновай *rěch‑ (параўн. рус. прореха, бел. прарэх) < *rěd‑ch < rědъkъ ’рэдкі’ (Праабражэнскі, 2, 237; Брукнер, 476; Чарных, 2, 115). На карысць гэтай версіі можна прывесці літ. rẽtis ’рэдкасць; рэшата’. Але Фасмер, прымаючы гэтую версію ў семантычных адносінах, лічыць неверагодным вывядзенне прасл. *rešeto ад *rědъkъ, паколькі давялося б прымаць чаргаванне галосных у першым складзе. Паводле іншай версіі, прасл. *rešeto суадносяць з літ. rezgu, regti ’плесці, вязаць’, лат. režģis ’сетка; краты’ (Махэк₂, 530). Фасмер лічыць такое параўнанне неапраўданым фанетычна (Фасмер, 3, 479). А паводле Куркінай, на славянскай глебе і.-е. корань *rezg‑ перанёс некаторыя змены, пры якіх меў месца пераход zg > sk > x/š (Куркіна, Этимология–1974, 54).

Рэ́шата 2 рэшота, рэшото, рэшэто ’стаўная рыбалоўная пастка’ (ТС). Да рэшата 1 (гл.) паводле знешняга падабенства, паколькі гэтая прылада мае выгляд рэдкай сеткі з абручамі.

Рэ́шата 3 (рэшэто) ’рашэтнік, падрашэтнік (грыб)’ (ТС). Гл. рашэтнік.

Рэ́шата 4 (рэшэто) ’гульня, падобная да гульні ў класы’ (ТС). Да рэшата 1 (гл.), паколькі для гэтай гульні на зямлі крэсляць лініі, якія утвараюць рэдкую сетку.

Рэ́шата 5 астр. ’сітцо (Вялікая Мядзведзіца)’ (Сл. ПЗБ), астрав. ’Пляяды’ (Федар., 1, 150). Паводле легенды, тры каралі пакінулі сіта, з якога сыпалі авёс сваім коням, разам з дарункамі для Ісуса. Гэтым сітам карысталася Божая Маці, а пасля ўзнясення на неба, павесіла яго сярод зорак. Паводле Купішэўскага ў балтаў і фінаў назва гэтага сузор’я мае семантыку ’сіта’ (Władysław Kupiszewski. Polskie słownictwo z zakresu astronomii i miar czasu. Warszawa, 1974. S. 99).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рэшата / з дробнаю сеткай: сіта, падсітак

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

рашо́тны гл. рэшата.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гро́хат

‘рэшата’

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. гро́хат гро́хаты
Р. гро́хата гро́хатаў
Д. гро́хату гро́хатам
В. гро́хат гро́хаты
Т. гро́хатам гро́хатамі
М. гро́хаце гро́хатах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

зрашэ́ціць, -э́чу, -э́ціш, -э́ціць; -э́ць; -э́чаны; зак., каго-што.

Пакрыць скрозь дзіркамі, зрабіць падобным на рэшата.

З. кулямі сцяну.

|| незак. зрашэ́чваць, -аю, -аеш, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

гро́хат, -а, М -хаце, мн. -ы, -аў, м. (спец.).

1. Вялікае рэшата для прасейвання сыпкіх матэрыялаў і сарціроўкі іх па велічыні.

2. Машына для прасейвання з такімі рашотамі.

Валковы г.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)