ро́спуст

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. ро́спуст ро́спусты
Р. ро́спуста ро́спустаў
Д. ро́спусту ро́спустам
В. ро́спуста ро́спустаў
Т. ро́спустам ро́спустамі
М. ро́спусце ро́спустах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

Распу́ста ’свавольны, раздураны, разбэшчаны, амаральны спосаб жыцця’ (ТСБМ, Нас., Бяльк., Шат., Варл., Сл. ПЗБ), ’той, хто распусціўся, свавольнік’ (ТСБМ, Нас., Бяльк.), роспу́ста ’тс’ (ТС); распу́ства ’распусны спосаб жыцця’ (смарг., Сл. ПЗБ), сюды ж распу́ставаць ’сваволіць’ (Сцяшк. Сл.), разпустава́цца ’рассваволіцца’ (Растарг.). Дэвербатыў ад распусціцца ’паводзіць сябе непрыстойна, разбэсціцца’ (Бяльк.), што са спалучэнняў тыпу пусці́цца ў блуд ’пайсці ў блуд’, пусці́цца сарама́ ’згубіць сорам’ і пад. Гл. пусціць, першаснае значэнне якога ’зрабіць вольным, вызваліць’ захавалася ў ст.-бел. распусты ’адпушчаныя або збеглыя сяляне’ (Гарб.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ро́спуск1 і ро́спуст ’развод, скасаванне шлюбу’ (Гарэц., Др.-Падб., Бяльк., Банк і Некр.), ’нястрыманы чалавек’ (іўеў., Сцяшк. Сл.), ’распушчаны чалавек’ (клец., Нар. лекс.). Укр. ро́спуск ’роспуск, канікулы’, ро́спуста ’свавольства, непадпарадкаванне’, рус. старое ро́спуск і ро́спуст ’развод’, ст.-рус. роспускъ ’тс’ (XV ст.), стараж.-рус. роспустъ ’тс’ (1150 г.), рос‑/распускатися ’разводзіцца’ (1156 г.); польск. rozpustny, rozpusta, ’незвязаны, вызвалены’, ст.-польск. rozpust ’распуста, разбэшчанасць’, н.-луж. rozpušćeńc, в.-луж. rozpušćenc ’распуснік’, ст.-чэш. rozpuščenie ’гарэзлівасць, свавольства, развязнасць’, чэш. дыял. v rozpust (jísti, píti) ’вельмі многа (есці, піць)’, ’без межаў’, чэш. rozpust(i)lý, rozpustilec, славац. rozpustený ’гарэзлівы, свавольны’, славен. rásputni ’распушчаны’, razpuščati ’распускаць’, серб. ра́спустан, распу̀ститисе ’распусціць’ (на канікулы), ’развесціся (аб сужэнстве)’, харв. ráspust ’роспуск’, ’канікулы’, ràspusta ’распуста’, raspuštènik ’разведзены’, макед. распуштеник ’тс’, балг. разпуштам ’разводзіць сужэнцаў’, ст.-слав. кънигы распоустьны ’ліст аб скасаванні шлюбу’. Прасл. *orz‑pustъ, утворанае ад *orz‑ ’раз-/рас-’ і *pustъ > пусты́. Гэтыя формы трэба разумець як “свабодны”, “вызвалены”, “не абавязаны”. Формы з ‑sk‑ узніклі ў выніку адваротнай аналогіі з формаў, якія маюць ‑šč‑ (Махэк₂, 501). Гл. таксама распуста.

Ро́спуск2 ’вясенняе бездарожжа’ (ТС), рус. арханг. ро́спуск ’адліга, бездараж’. Утвораны ад роспуст (гл.) пад уплывам параўнальна новага (Махэк₂, 501) дзеяслова распускаць ’аслабляць’. Фанетычная блізкасць з роспуст прывяла да змешвання лексічнага значэння.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)