пруто́к

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. пруто́к пруткі́
Р. прутка́ прутко́ў
Д. прутку́ прутка́м
В. пруто́к пруткі́
Т. прутко́м прутка́мі
М. прутку́ прутка́х

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

рашо́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж.

Загарадка, прыстасаванне з планак, металічных пруткоў, дроту і пад. (якія звычайна пераплятаюцца).

Аконная р.

Паддувальная р.

За рашотку садзіць (у турму).

Крышталічная рашотка — размяшчэнне атамаў і іонаў у крышталі, якое паўтараецца.

|| прым. рашо́тачны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

рашо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

1. Загарадка з пераплеценых радоў драўляных ці металічных пруткоў, палосак і пад. Рашотка, што прыкрывала ўваход у падвал, адкінута ад сцяны дома. Гарбук. Пачнём новае жыццё ладзіць, — адказвае Дзямід. — Пакуль тое новае, — гаворыць бацька і прымайстроўвае да перадка выразаную з ліпавай дошкі рашотку. Асіпенка.

2. Абл. Агароджа з пруткоў, планак. Садовая рашотка. □ Потым праз некалькі мінут.. [Тамара] выйшла вунь на той балкон з пагнутай рашоткай. Я яшчэ хацеў выправіць. Не давялося. Пінчук.

3. Частка топкі, прызначаная для спальвання на ёй цвёрдага паліва; каласнік.

•••

За рашотку — у турму (сесці, пасадзіць і пад.).

За рашоткай — у турме (сядзець, апынуцца і пад.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наніза́ць, ‑ніжу, ‑ніжаш, ‑ніжа; зак., што і каго-чаго.

Пратыкаючы, надзець, насадзіць на нітку, дрот і пад. Нанізаць вясло абаранкаў. □ Нанізаў [Косцік ляшчоў] на лазіну з сучком на канцы, закінуў на плечы і ідзе. Ваданосаў. [Настаўнік] выразаў некалькі бярозавых пруткоў, звязаў іх тонкімі канцамі і нанізаў цэлыя тры маністы грыбоў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Рашо́тка1 ’загарадка, агароджа з пераплеценых пруткоў, планак’ (ТСБМ), сюды ж ’сані з задком, спінкаю’ (Бяльк.), ’грэбень для часання’, ’частка грабляў з зубамі’, ’зазубень’. Параўн. рус. реше́тка ’тс’, укр. реші́тка, решо́тка ’арнамент’, ’грабёнка для збору чарніц’, ’паліца з планак’, славен. rešetka ’клетка, загон для жывёлы’, балг. реше́тка ’агароджа, рашотка’. Да рэшата1 (гл.). Сюды ж рашо́тка ’сузор’е Плеяды’ (Касп.), іншая назва сітца (гл.).

Рашо́тка2 ’ядомы грыб, казляк’ (дзятл., Сл. ПЗБ). Да рашэтнік (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Не́рат ’рыбалоўная прылада з лазовых дубцоў або сеткі’ (Нас., Гарэц., Маш.; бых., Рам.; бабр., Шн., Анік., Бяльк., Шат., Сцяшк., Сл. ПЗБ), ’рыбалоўнае начынне звычайна з лазовых пруткоў у выглядзе доўгага кошыка з лейкападобнай адтулінай і без крылляў’ (Яшкін, З жыцця, 128), ’жак без крылляў’ (Дэмб.), нерат альбо норат ’спецыяльнае рыбалоўнае прыстасаванне, звязанае з шнуркоў з гнутымі драўлянымі рабрынамі ўсярэдзіне, з адтулінай спераду, што звужаецца ў адну кропку’ (Мядзв.), не́рэт, неро́та ’рыбалоўная стаўная пастка з адным глухім заходам (з нітак або лазовая)’ (Крыв.), няро́та ’тс’ (Сержп. Грам., 51), неро́та ’сплеценая з лазы снасць на ўюноў’ (ТС), не́рат ’спецыяльная сетка для лоўлі рыбы і птушак’ (Шат.), но́рат ’рыбалоўная прылада’ (полац., Шн.), ’від рыбалоўнай прылады; вераўчаная сетка браць сена ў дарогу’ (Касп.), на́рат, нарот, нярот, но́рат ’тс’ (Сл. ПЗБ), нераток ’вяровачны мяшок для сена каню ў дарогу’ (Сцяшк. Сл.), укр. не́рет ’від рыбалоўнай сеткі’, рус. не́рот, неред, нерёд, нереда, нерёда, нерёто, норот ’тс’. Звязваюць з літ. nérti ’вязаць, плесці’, nerinỹs ’вяроўка, сетка’, лат. nor̂ts ’від сеткі’ (параўн. Буга, 2, 503; Бязлай, 2, 227), пра што сведчыць і семантыка беларускіх слоў, у тым ліку ’прыстасаванне для сушкі снапоў’ (Нар. сельскагасп. тэхн. беларусаў. Мн., 1974, 60); параўн. це́нято ’рыбалоўная сетка’ (*tęti ’вязаць’); у сувязі з гэтым, відаць, больш аддаленая сувязь з укр. не́рти, нру ’даваць нырца’, рус., ц.-слав. поньрѣти, поньру ’апускацца ў ваду’ і пад., гл. Фасмер, 3, 65, хаця ў літ. nérti аб’яднаны абодва значэнні: ’вязаць’ і ’даваць нырца’. Гл. таксама Варбат, ОЛА, 1975, 132–136.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Леса1 ’тоўстая жэрдка ў хляве пад вышкамі, у каморы, дзе клалі лён’ (луп., жытк., Нар. сл.), лёска ’клінападобны папярочны драўляны брусок для замацоўвання і ўцягілення дзвярэй’ (бяроз., Шатал.), тонкія жэрдкі для агароджы’ (Ян.), ’агароджа з тонкіх пруткоў’ (Юрч., Бяльк.; светлаг., Мат. Гом., ТС), ’агароджа з тонкай ляшчыны, асінніка ці бярэзіна, пераплётнага ў станчым становішчы’ (Нас., Федар. Дад.), ц.-пал. ’плот’ (Нар. сл.), ’кій’ (бяроз., Сл. паўн.-зах.), ’насціл з дубцоў у санях’ (ТС), леса ’пляцень’ (паўдн.-усх., КЭС), леска ’агароджа’, ’сукі елкі для агароджы’ (Мат. Маг.). Укр. ліса, ліса, ліска, рус. леса, польск. łasa, laska, луж. lesa, leska, чэш. lisa, ст.-чэш. lesa, славац. lesa, ляш. Vaska, славен. lesa, серб.-харв. ље̏са, макед. леса, балг. леса, ласа, леса, ст.-слав. лѣса — з падобнымі ці блізкімі значэннямі. Прасл. lesa — ж. р. ад lesъ. Семантычнае напаўненне лексемы lesa ’будаўнічы матэрыял у выглядзе (гнуткіх) галін, тонкіх ствалоў, з якога рабіліся прымітыўныя буданы, хаціны, стрэхі’. Пазней канкрэтызаваўшыся, лексема ў адных гаворках стала называць ’галіны арэшніку, ляшчыны’ > ’ляшчыну© З другога боку, розныя перапляценні, рашоткі пераўтварыліся ў прылады для лоўлі рыбы, канчатковым вынікам гэтага развіцця, прыкладам можа служыць віц., гом. лёска ’лёска’ (Касп., Мат. Гом.) або леска ’плот’ (І. Чыгрынаў. Ішоў чалавек…). Іншыя версіі гл. Фасмер, 2, 485, 486; Слаўскі, 4, 56–60. Тое ж і ў іншых славян: балг. леса ’рашотка’, серб.-харв. ље̏са ’нары’, чэш. lisa ’верша’, ’паліца з жэрдак’, польск. łasa ’рашотка’.

Ле́са2 ’лесвіца, па якой лазяць да коміна, да пчол на дрэве’ (ТС; браг., хойн., Мат. Гом.), лёска ’лесвіца’ (браг., Мат. Гом.; браг., Нар. словатв., Ян., ТС; ц.-палес., Нар. сл.; уздз., Жд. 2, Сцяшк. Сл., Шат.), лескі, ліёскі ’тс’ (ганц., бярэз., круп., Сл. паўн.-зах.), ’прыстаўная лесвіца’ (Мал.; ляхав., Янк. Мат.: круп., Жд. 2), ’лесвіца з шырокімі прыступкамі’ (Некр.), ’прыстасаванне, каб лазіць на дрэва’ (слуц., КЭС). Да лёса© (гл.). Семантычна гэтыя лексемы можна звесці да ’астрова, лесвіца ў выглядзе ствала дрэва з адсечанымі галінамі’ — яе коса прыстаўлялі да дрэва і лазілі да борці на дрэве’. Генетычна узыходзіць да прасл. lesa. Іншыя версіі гл. Слаўскі, 4, 60–61.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

зна́чыць 1, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак., каго-што.

1. Памячаць, ставячы знак, метку і пад. Кастусь нарыхтаваў альховых пруткоў, і яны пачалі адбіраць і значыць кусты. Дубоўка. Авечку латкамі, бывае, значаць, каб распазнаць у табуне лягчэй. Таўлай.

2. Вызначаць, указваць сабой шлях, дарогу і пад. Твой сын болей гора не ўбачыць, Што зведалі маці і бацька, Бо сцяг яму Леніна значыць Дарогу ў заўтра, у вякі. Прыходзька. Дарогу значаць рэк і рэчак Ступені стромкія плацін. Гаўрусёў.

зна́чыць 2, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

1. Мець той ці іншы сэнс, азначаць (пра словы, знакі, жэсты і пад.). Так, звузіла сваё значэнне слова бульба, якое ў лацінскай мове значыла клубень, караняплод (лац. bulbus — «клубень»), а ў беларускай толькі пэўны від караняплодаў. Юргелевіч. Калі дзед бярэцца за бараду, гэта значыць, што ён узрушаны, узлаваны. Лынькоў. // Сведчыць аб чым‑н. Цётка маўчала, а гэта значыла: жыць было можна. Ракітны.

2. Мець значэнне, вагу, быць істотным; адыгрываць ролю. Цяпер Бондар рэдка думае пра Гэлю, а яшчэ чатыры, нават тры гады назад яна значыла для яго вельмі многа. Навуменка. У руках сініца значыць Больш за жураўля ў блакіце. Маляўка.

3. у знач. пабочн. Такім чынам, выходзіць. Удзень з дрэў капала. Надвячоркам жа на галінах выраслі тонкія ледзяшы. Значыць, пачало падмарожваць. Бяспалы. Раптам, схамянуўшыся, Максім устае: над галавой чутна тупаніна. Значыць, параход пад’язджае да чарговага прыпынку. Каршукоў.

•••

Нічога не значыць — не мець значэння, быць неістотным; не адыгрываць ролі. Коска для .. [Мікалая] нічога не значыла — нуль, не больш. Якімовіч.

Што значыць хто ці што — пры ўказанні на асаблівасць каго‑, чаго‑н., пры жаданні растлумачыць што‑н. уласцівымі каму‑, чаму‑н. якасцямі. — Вось што значыць Савецкая ўлада, — задаволена гаварыў Лазавік. — Папы і тыя стрыгуцца, ідуць нам служыць. Хомчанка.

значы́ць, ‑чы́ць; незак.

Абл. Паказваць на цельнасць (звычайна пра карову). Наста думае, што карова будзе цяліцца толькі ў канцы месяца, а можа аж пасля каляд, нядаўна значыць пачала. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)