Паплі́ска ’(плоская) палка’ (Сл. ПЗБ, Мат. Гом., Сцяшк., Сержп.), ’тонкія жэрдкі, якімі прывязваецца салома на страсе’ (Янк. 1), ’палкі, якімі ўвязваюць дровы на возе’ (Некр.), паплі́цка ’палка, дручок’ (Янк., Мат. Гом.). Хутчэй за ўсё, звязана з пляскаць, як пліска (гл.). Параўн. яшчэ ўкр. поплі́сок ’вялікая лужа, якая засталася пасля паводкі або вялікага дажджу на месцы, пакрытым травой’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

По́пліска, по́плеска, по́плюска, по́пляска ’кій, палка’ (ТСБМ), ’палка паганяць быдла’ (брэсц., Нар. словатв.), ’абломак палкі; лёстачкі ў драбіне’ (Клім.), ’дошка на нізе воза’ (гродз., Сл. ПЗБ; свісл., Сцяшк. Сл.), ’стрыхоўка для раўнання страхі’, ’дошчачка, якой раўняюць стагі (снапы ў стозе)’ (ст.-дар., шчуч., гродз., Сл. ПЗБ.), ’рубель для прыціскання сена, снапоў’ (рэч., Мат. Гом.), ’дошка, якую кладуць на ніз воза’, ’аб худым чалавеку’ (гродз., З нар. сл.). Вытворнае ад імітатыўнага дзеяслова з варыянтным вакалізмам, зыходным з’яўляўся дзеяслоў пляска́ць (гл.) са значэннем ’дзеянне, што сплюшчвае, робіць плоскім, раўняе’, магчыма, таксама ’ўдар па плоскай паверхні’ (Сной₁, 456). Развіццё семантыкі ад ’кій для сплюшчвання, выраўноўвання’ да ’плоская дошчачка, палка’. Гл. таксама паплі́ска, пліска.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Плі́ска1, плісі́ца, плісі́чка, плі́сачка, плі́саўка, плі́шка, плі́скаўка, плі́стаўка, сліска́ха ’птушка з доўгім хвастом, сітаўка, Motacilla alba L.’ (ТСБМ, Гарэц., Мік., Маш., Касп., Сцяшк. Сл., Сл. ПЗБ, Мат. Маг., Нас., ТС, Шат., Юрч. Вытв., Сцяшк. МГ; ЛА, 1); укр. пли́ска, бли́ска, рус. пли́ска, пли́сица, плисивка, пли́згавица: польск. pliszka, pliszczka, plistwa, pliskwa, pluszka, pluskwa, н.-луж. spliska, в.-луж. pliška, чэш., славац. pliska, blyska, bleska, blíska, bliskva, славен. plíska, plȋkavica, серб.-харв. пли̏ска, fliska, kliska, pliskuša. Прасл., відаць, *plisьka. Махэк₂ (460) мяркуе, што назва паходзіць з гукапераймання голасу птушкі pis‑pis; Скок (2, 684) бачыць тут вытворнае ад дзеяслова pliskati ’плёхацца ў вадзе’, гэтаксама Праабражэнскі, 2, 75, Младэнаў, 430, Струтынскі, Nazwy, 91, Голуб-Копечны (278) звязваюць назву птушкі з сівым, шэрым колерам; Фасмер (3, 283) лічыць роднасным са ст.-слав. плишть ’шум’, чэш. plišť, н.-луж. plišć ’плач’. Бел. плі́ссаўка — гэта кантамінаваная назва з плі́ска і сітаўка (літарат. назва пліскі). Гэтаксама пліскаўка, плістаўка.

Плі́ска2 ’пырска’, ’сляза’ (жытк., мазыр., Мат. Гом.), плі́скі ’пырскі’ (Сцяшк. Сл.; ТС). Да плі́скаць, пле́скаць (гл.).

Плі́ска3 ’раска’ (бяроз., Сл. Брэс.). У выніку кантамінацыі лексем пле́сня і плі́ска2 (гл.).

Плі́ска4 ’драбіны ў возе’ (лун., Сл. Брэс., Шатал.). Да паплі́ска (гл.).

Плі́ска5 ’падшыўка (напр., у спадніцы)’ (мазыр., Шатал.). Да пліс2 (гл.).

Плі́ска6, плі́скі, пліскі́, пліскы́, плы́ска, плы́скы, плыскы́ ’грыб лісічка, Cantharella cibarius’ (беласт., кам., кобр., Жыв. сл.; Сл. ПЗБ; Бес.; кам., жабін., Сл. Брэс.), параўн. польск. дыял. pliska, pliszka ’тс’. З плі́ска ’птушка сітаўка’ > плі́саўка (гл.) — лісічкі названы паводле падабенства іх колеру з колерам жоўтых ці жоўтаспінных сітавак, параўн. літ. назвы лісічак: voveruškà — першаснае ’вавёрка’, gaidẽlis ’пеўнік’, чэш. kouřatko ’куранятка’. Этымалогія польскай назвы ў Тарнацкага — “od pliszki żółtej (Motacilla flava)” (Тарн., 58); гл. таксама Лабко (Бел.-польск. ізал., 70) пра сувязь з укр. дыял. плі́ска ’шапачка жолуда або арэха”, суадноснае з літ. pléiskanos ’лусачка скуры’; паводле Німчука (Давньорус., 246), аснова ўкраінскага слова звязана з (за)плішка < (за)плісчка ’невялікі драўляны клін’ ад (за)пліскити < (за)плісчити, гл. плішч, што малаверагодна. Махэк зыходзіць з першапачатковага *plucha ’луска’ (< і.-е. *plou‑sā, параўн. старажытнанардыйскае frosa ’скурка’), што ўрэшце дало б pljuska, параўн. палес. плюсы ’грыбы, падобныя на лісічкі’; яшчэ раней так Голуб-Копечны, якія ўзводзяць *plu‑cha да прасл. *pelva, з аблаўтам *pel‑u, што, на думку Гаўлавай (Etym. Brun., 1978, 23), найбольш праўдападобна, бо грыбы пакрыты лускавінкамі. Магчыма, але тады зыходная назва адносілася, хутчэй за ўсё, да іншых грыбоў, а не да лісічак.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)