Кале́нік ’расліна ляскаўка, Silene cucubalus’ (віц., Кіс.). У іншых мовах адпаведнікаў як быццам няма. Не вельмі яснае паходжанне, магчыма, да калоць, параўн. рус. алан. колетуха ’расліна Cirsium, чартапалох’. Што датычыць семантыкі, падставы для такога меркавання ёсць — у некаторых відаў Silene як лісце, так і плады пакрыты восцю. Параўн. яшчэ рус. дыял. колкий у назвах раслін, у якіх ёсць калючкі, рожкі і да т. п., гл. СРНГ, 14, 137. Не выключана таксама, што тут утварэнне ад калоць ’расшчапляць і да т. п.’; семантыку тлумачаць нар. сінонімы: бел. ляскаўка. лускаецца, луснец, рус. хлопушка і да т. п. Гэтыя супастаўленні, аднак, не вельмі дакладныя. Магчыма, неабходна меркаваць аб утварэнні ад калець (Сколеть), параўн. калелая як назва хваробы (гл. ніжэй). Словаўтваральна гэта было б больш надзейна (*колетная трава), параўн. зах.-сіб. каленная ’расліна Dracoccphalum thymiflorum, змеегалоўнік’ — лекавы сродак ад радзімае, прыладка (хваробы ў маленькіх дзяцей), які суправаджаецца сутаргамі. Аднак рускі прыклад двухсэнсоўны, паколькі семантыка лацінскай назвы сведчыць хутчэй на карысць першай прапанаванай версіі. Магчымая сувязь з каляя не пераконвае па семантычных прычынах.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́нікі

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, множны лік, множналікавы

мн.
Н. Кале́нікі
Р. Кале́нік
Кале́нікаў
Д. Кале́нікам
В. Кале́нікі
Т. Кале́нікамі
М. Кале́ніках

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2023, актуальны правапіс)

няе́зджаны, ‑ая, ‑ае.

Такі, па якому зусім або даўно не ездзілі. Машыны ішлі напрасткі, выбіраючы абавязкова няезджаную паверхню. Мележ. Каленік ідзе даўно няезджанай дарогай. Галавач.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бубыр ’ёрш’ (Інстр. II). Няяснае слова. Невядома, ці ‑у‑ тут першапачатковае. Параўн. бел. бабур ’малады акунь’, бабка ’ёрш’, бабыр ’рыба каленік’ (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сека́тар, ‑а, м.

Спец. Вялікія садовыя ножніцы, якімі абразаюць галінкі дрэў і кустоў. Нідзе ні на адным дрэве не заўважыў Каленік сушняку. Усё выразалі яшчэ ранняй вясной садовая пілка і секатар. Паслядовіч.

[Фр. sécateur.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нягну́ткі, ‑ая, ‑ае.

Які не можа згінацца, гнуцца. На кароткіх прывалах [салдаты] падалі ў снег, скручвалі нягнуткімі пальцамі цыгаркі. Марціновіч. Нават дзядзька Каленік з маўклівым Фрэдам знялі чорныя, нягнуткія, быццам бляшаныя, фартухі і дапамагалі збіраць сцены дома. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Бабыркаленік (рыба)’ (Інстр. II, 57). Параўн. укр. боби́рь ’Acerina rossica Pall., ёрш’, рус. бобы́рь ’Acerina rossica’, ’Cyprinus gobio’, бобыль ’Acerina rossica Pall’. Галавастыя рыбы часта носяць назвы, утвораныя ад асновы bob‑, bab‑ (аб аснове гл. Попавіч, ЈФ, 19, 159–171), якая ў некаторых выпадках супадае з ба́ба (параўн. Безлай, Posk. zv.). Гл. яшчэ ба́ба-ры́ба, бабу́р.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

натапы́раны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад натапырыць.

2. у знач. прым. Які стаіць тарчма, прыўзняты ўверх; настаўлены. Пісар снедаў, калі зайшоў да яго Каленік. Ён выцер салфеткай губы і натапыраныя кароткія вусы і ўтарапіўся вачыма ў госця. Галавач. Іду зводдаль імшарыны і пільна прыглядваюся да ўсялякай купінкі, да кожнага натапыранага лісця. Сачанка.

3. перан.; у знач. прым. Надзьмуты, незадаволены; раззлаваны. Цяпер яны стаялі каля пісьмовага стала ўсе: натапыраны Барушка, азадачаны Васіль Пятровіч, абыякавы Понтус і ціхамірная Ала. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ро́ссып, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле дзеясл. рассыпа́ць — рассы́паць (у 1 знач.).

2. Разм. Пра што‑н. рассыпанае ў вялікай колькасці. «Анюціны вочачкі», — расчульвалася цётка над сітам з мікраскапічным россыпам насення. Брыль. // перан. Пра вялікую колькасць, мноства чаго‑н., быццам бы рассыпанага на паверхні. Мацвей Сымонавіч за якія два дзесяткі метраў убачыў россып лісічак. Мяжэвіч. На траве ляжаў бліскучы россып вадзяных кропель. Савіцкі. Каленік уздымае вышэй галаву і ўзіраецца ў густы россып зор на Млечным шляху, аж пакуль стамляюцца вочы. Галавач.

3. Спец. Лес, які сплаўляецца асобнымі бярвеннямі, а не плытамі.

4. Спец. Страты пры пагрузцы і перавозцы сыпкіх рэчываў.

5. Спец. Адкладанні, у складзе якіх маюцца крупінкі, крышталі карысных мінералаў (золата, плаціны і пад.). Алмазны россып.

6. Спец. Вялікая колькасць каменных глыб рознай велічыні і формы, якія ўтвараюцца пры выветрыванні горных парод. Пароды, якія выветрываюцца, утвараюць вялікія каменныя россыпы.

7. у знач. прысл. ро́ссыпам. Хто куды, у розныя бакі; урассыпную. Зноў пачуўся ўсё большы і большы гул матораў. Людзі кінуліся россыпам. Гурскі.

8. у знач. прысл. ро́ссыпам. У рассыпаным, разрозненым стане. Лес сплаўляюць россыпам.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)