Ту́ша ‘асвежаванае і выпатрашанае цела забітай жывёлы’ (ТСБМ, Нас., Некр. і Байк.), ‘пра постаць, фігуру вялікага, поўнага чалавека’ (ТСБМ, Вруб.); туш ‘паўната, поўнае цела’: залезе бусало ў закуток, бу тая туш (ТС), ст.-бел. туша ‘сцягно, падрыхтаванае да ўжытку цела забітай жывёлы’: две тꙋшы мꙗса козлового (1552 г., ГСБМ). Параўн. укр. ту́ша, туша́, туш ‘тс’, рус. ту́ша ‘сцяг, цела забітай жывёлы’, польск. tusza ‘цела чалавека’, ‘паўната’. Апошняе лічыцца запазычаным у XVIII ст. з рус. ту́ша, чаму пярэчыць фіксацыя ў старабеларускай мове XVI ст. Слова звязваецца з тук, тыть, гл. Праабражэнскі, 2, 24; Гараеў, 381; Фасмер, 4, 129; Арол, 4, 123 (аналагічна да рус. крыша < крыть). Сумнеўна Якабсон (IJSLP, 1/2, 1953, 273) — з рус. ту́хнуть і Чарных (2, 274) — з рус. тощий. Відаць, запазычана з цюркскіх моў: параўн. тат., баш. түш ‘грудзінка’, тур. döş ‘бок; пярэдняя частка тушы’ (ЕСУМ, 5, 688; Борысь, 655).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Рагаві́к1, рыгаві́к ’кроквіна на стыку двух бакоў страхі’ (Юрч.), ’вільчык; сноп саломы, прызначаны для крыцця вільчыка, спосаб пакрыцця страхі “ў вугал’” (віл., воран., гарад., шальч., Сл. ПЗБ), рогові́к ’вугал у страсе’ (ТС), ’палічка трохвугольнай формы’ (ТСБМ), ’асноўная частка сахі’, ’аснова плуга’ (шальч., ганц., Сл. ПЗБ), ’печыва спецыяльнай формы’ (лід., Сл. ПЗБ). Ад рог1 (гл.). Метафарычны перанос назвы па знешнім падабенстве.

Рагаві́к2 ’чорнае зярно ў жыце’ (палес., КЭС). Ад рог1, гл. ражкі.

Рагавік3 ’зуб мудрасці’ (Сцяшк.), ’металічны навугольнік для аконнай рамы’ (там жа). Ад рог2 ’вугал, кут’ (гл.), г. зн. ’які знаходзіцца на рагу, у куце’, параўн. кутні зуб ’зуб мудрасці’.

Рагаві́к4 ’клінок для адціскання сыру’ (Мат. Гом.), ’вышытая касынка’ (Сцяшк. Сл.). Да рог1 ’прадмет канічнай формы, клінападобны прадмет’, сюды ж рагавічо́кзакуток у полі ці сенажаці сярод кустоў’ (Сцяшк. Сл.).

Рагаві́к5 ’жук-алень’ (віц., ЖНС). Да рог1, параўн. рагаль (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)