заква́ска

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз.
Н. заква́ска
Р. заква́скі
Д. заква́сцы
В. заква́ску
Т. заква́скай
заква́скаю
М. заква́сцы

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

Кваснэ́к ’камяк цеста, што пакідаюць у дзяжы для закваскі’, ’перапечка з хлебнага цеста, прызначаная для закваскі’ (Сл. паўн.-зах.). Да *квасняк. Гіперкарэктнае э пад націскам.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

недаква́шаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад недаквасіць.

2. у знач. прым. Атрыманы ў выніку недастатковай закваскі. Недаквашаная аўчына. Недаквашанае малако.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Паскро́бак, паскрэбак, паскрэбіш, падскрэбіш, паскробка, паскрэбка, поскро́бка, пашкробак, падшкробак ’выскрабак, рэшткі цеста ў дзежцы для закваскі’ (ТСБМ, Др.-Падб., Сл. ПЗБ, ТС; КЭС, лаг.; Сцяшк. Сл., Ян., Мат. Гом., Мат. Маг.), паскрэбкі ’астаткі ежы ў паскробаным гаршку’ (КЭС, лаг.), ’апошняе дзіця ў бацькоў’ (Сл. ПЗБ). Да скрэбці (гл.). Паілак значэнне ’пасля, па’. Аналагічна польск. poskrobek, рус. поскребок, поскрёбыш. Сюды ж кобр., драг. поскрэптуха, поскріптуха, малар. поскрыптач, пошкріптач ’хлябок з рэшткаў цеста’ (клім., Сл. Брэс.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мана́ ’прыемны пах’ (раг., Сл. ПЗБ; драг., КЭС; Клім.), ’закваска, смак і пах хлеба, якія залежаць ад дзяжы і закваскі’ (зэльв., карэліц., дзятл., лях., Сл. ПЗБ; Сцяшк. Сл.), ’нектар’ (лях., Сл. ПЗБ), лельч. мона́ ’сок з кветак’ (Нар. лекс.), мана́ ’ўзмах’, ’подых, павеў’ (Нас.), мані́ць ’патыхаць’ (ТС), бяроз., драг., стол. мані́ты, мані́тэ ’прыемна пахнуць’ (Нар. лекс., Шатал., КЭС), драг., кобр. манюшчы ’духмяны’ (Нар. лекс., КЭС). Рус. тамб. мана́, калуж. манна́ст, манна́стый ’прыемны пах’, ’тонкі (пах, густ)’. Бел.-паўд.-рус. ізалекса. Узнікла ў выніку пераносу значэння ’прынада’ > ’прыемны пах’ > ’прыемны смак, нектар’. Укр. бойк. ма́на ’застылы сок некаторых раслін’, балг. мана́ ’падзь’ можна лічыць семантычным варыянтам лексемы ма́нна (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Прэ́сны1 ’які прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку’; ’прыгатаваны без закваскі, не квашаны’ (ТСБМ, Ласт.), ’някіслы’, пре́сный ’тс’ (гродз., воран., ганц., рагач., рас., Сл. ПЗБ; ТС), ’свежы (пра малако)’ (КЭС; воран., гродз., Сл. ПЗБ), прэ́сна ’агульная назва прэснай стравы’ (гродз., Сл. ПЗБ); укр. при́сний, рус. пре́сный ’прэсны, някіслы, прыгатаваны без закваскі, няквашаны’, польск. przasny ’няквашаны, свежы’, чэш. přesný ’дакладны’, дыял. ’няквашаны (хлеб)’, славац. presný ’тс’, серб.-харв. пре́сан ’незаквашаны; сыры (аб мясе)’, славен. présen ’свежы; няквашаны’, балг. пре́сен ’тс’, макед. пресен ’свежы; сыры (пра мяса і пад.)’. Прасл. *prěsnъ з *prěsknъ, якое роднаснае літ. prė́skas ’свежы; няквашаны (пра хлеб, малако, капусту)’; гл. Траўтман, 231; Атрэмбскі, LP, 1, 140. Параўнанне са ст.-в.-ням. frisc ’свежы’. Фасмер (3, 360) лічыць сумнеўным з-за гукавай неадпаведнасці. Гл. таксама Фрэнкель, 652. Вештарт (Лекс. Палесся, 116) мяркуе, што ў адносінах да хлеба гэта — семантычная інавацыя, паколькі такое значэнне магло з’явіцца толькі пасля таго, як стаў вядомы квашаны хлеб, для дыферэнцыяцыі гэтых відаў хлеба.

Прэ́сны2 ’сыры’; ’незамёрзлы’ (ТС, ПСл). Параўн. укр. жытом. прэ́сна земля́ ’зямля, якая не замерзла (пад снегам)’, прэ́сна зіма́ ’зіма, калі снег выпадае на зямлю, якая яшчэ не замерзла’ (Лексика Пол.). Этымалагічна тое ж, што і папярэдняе слова (гл.), першапачаткова, відаць, пра зямлю свежа раскарчаваную (гл. Банькоўскі, 2, 809) або распрацаваную, параўн. балг. пре́снище ’від глебы’ (БЕР, 5, 668).

Прэ́сны3 ’нядрэнны, добры, няшкодны’: прэ́сная баба (Мілкоўскі, Наша Слова, 2000, 1 сак.). Да прэ́сны1; відаць, у супастаўленні з салёны (гл.) пра чалавека з рэзкім характарам. Інакш Гаўлава (Зб. памяці Слаўскага, 122), якая, лічачы што “няквашаны хлеб быў цвёрды”, дапускае развіццё ’цвёрды’ > ’злосны, жорсткі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

прэ́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не мае дастатковай колькасці солі або зусім пазбаўлены яе; не салёны. Прэсная вада. // Які змяшчае ў сабе такую ваду. Прэсныя азёры. □ Рачныя вугры большую частку жыцця праводзяць у прэсных вадаёмах і толькі для нерасту ідуць аж недзе ў акіян, пасля гэтага яны гінуць. Гурскі.

2. Прыгатаваны без дастатковай колькасці солі або цукру, кіслаты, прыпраў; які не мае пэўнага смаку. Юшка не ўдалася. Зварылі яе шмат, і таму не хапіла ні солі, ні спецый. Рыба, як трава, прэсная, не лезла ў горла. Асіпенка.

3. Прыгатаваны без закваскі, не квашаны. Прэсны хлеб. Прэсны корж.

4. перан. Пазбаўлены вастрыні, займальнасці, жывасці; сумны. Прэсныя жарты. □ — Не! Трэба нарэшце вырвацца з-пад улады гэтай прэснай ідыліі! Трэба ўзняцца над ёю самому і ўзняць, вырваць адгэтуль Люду! Брыль. Вядома, ён гаворыць і робіць усё правільна, але сам Туміловіч — чалавек сумны і прэсны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стары́, ‑ая, ‑ое.

1. Які пражыў шмат год, дасягнуў старасці; проціл. малады. Стары мужчына. □ То ж стары чалавек, яму [дзеду Нупрэю] год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. Праўда, Вера Мікалаеўна ніяк не магла пагадзіцца, што ў свае сорак сем гадоў яна ўжо старая. Арабей. Старога вераб’я на мякіне не падманеш. З нар. / у знач. наз. стары́, ‑ога, м.; стара́я, ‑ой, ж. — Цяпер маладыя не сядзяць дома. — Стары памаўчаў. — А мне от і не да[с]падобы горад. Парахневіч. // Разм. Які дасягнуў такога ўзросту, у якім позна што‑н. рабіць; які не падыходзіць па ўзросту да чаго‑н. Актрыса старая для гэтай ролі. // Які налічвае шмат гадоў (пра дрэвы). Шумяць над гасцінцам Старыя бярозы. Зарыцкі. Ад усяго двара засталася старая абгарэлая груша. Лынькоў. // Уласцівы пажылому, у гадах чалавеку. Жанчына старым, няроўным голасам зашушукала. Чорны. Стары твар маці зморшчаны. Бядуля.

2. Які даўно ўзнік, з’явіўся, існуе доўгі час. Стары горад. Кварталы старога Мінска. Старая прывычка. □ Як калісьці, на змярканні, зноў прыйду я на спатканне У парк стары, зачараваны, Дзе назваў мяне каханай. Валасевіч. — А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне. Адамчык. Стары друг лепей за новых двух. Прыказка. // Які даўно займаецца якой‑н. дзейнасцю; вопытны, бывалы. Стары камуніст. □ Як ні сачыў я за ім, як ні перасякаў яго хітрыя петлі, праз нейкія паўгадзіны і след гэтага старога грыбніка прастыў. Шамякін. // Які адбыўся даўно. Звычайна чалавек, баючыся паўтарыць старую памылку, робіць новую, яшчэ глыбейшую. Чарнышэвіч. // Даўно вядомы. Старая прыказка. □ Тады Сяргей рашыў выкарыстаць свой стары спосаб, як хутчэй заснуць: думаць пра што-небудзь прыемнае. Шыцік.

3. Якім доўга карысталіся; паношаны. Старая мэбля. Старыя туфлі. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. // Які стаў нясвежым ад доўгага захоўвання, страціў свае якасці (пра прадукты харчавання). Старое сала. □ Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам. Ваданосаў. // Непрыгодны, які стаў несапраўдным пасля пэўнага тэрміну або пасля выкарыстання. Стары трамвайны білет. Стары пропуск.

4. Які даўно прайшоў, які даўно мінуў; мінулы (пра час). Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны. За старым, даўнейшым часам елі людзі рэдзьку з квасам. Дубоўка. Толькі б навек адышоў у нябыт Веку старога гнілы рэквізіт. Кірэенка. // Характэрны для гэтага часу, уласцівы яму. Казік — тыповы беларускі інтэлігент старой закваскі. Машара. // Несучасны, устарэлы. Старая мода.

5. Такі, які быў раней, папярэднічаў каму‑, чаму‑н.; былы. Старое рэчышча ракі. Стары адрас. □ Аднак праз некалькі дзён [Чарнавус] адчуў, што яго стары аўтарытэт яшчэ можа мець сякі-такі поспех. Кулакоўскі. / Пра перыядычныя выданні, пісьмы і пад. ранейшых гадоў. Старая газета. / Пра мінулы, прайшоўшы год. Стары год. // Які мае адносіны да ўраджаю або прыпасаў мінулага года. Старая бульба.

6. Які мае адносіны да ранейшага ладу, рэжыму, уласцівы яму. Старая армія. Старыя вытворчыя адносіны. □ Маці .. сказала сыну: — Добра, што я за брыгадзіра згадзілася быць. Гэта ж застацца адной, як .. у старыя часы, — загінуць можна. А так я з людзьмі заўсёды. Дуброўскі. Таму, што бабка чалавек старога веку і верыць у забабоны, дык і хрысціцца. Якімовіч. // у знач. наз. старо́е, ‑ста, н. Тое, што было раней, у мінулыя часы. Яны [сяляне] прыраслі к старому, усё мераюць старым аршынам! Мележ. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей. [Гарошка:] — Ну, што вы скажаце, якія людзі! Колькі яшчэ перажыткаў старога ў іх на гарбу вісіць. Краўчанка.

7. Зроблены, створаны даўней і які захаваўся да гэтага, нашага часу; даўнейшы. Старая бронза. // Які знаходзіўся ва ўжытку раней. [Падбярэцкі:] — Я ў месяц на старыя па пяць тысяч, а то яшчэ з гакам, выганяў. Прагрэсіўка, прэмія — надбаўка... Пташнікаў.

•••

Стары завет гл. завет.

Стары свет гл. свет.

Стары стыль гл. стыль ​2.

Стары халасцяк гл. халасцяк.

Голы як стары венік гл. голы.

І стары і малы — усе без выключэння, усе да аднаго, усе без разбору.

Мераць на стары аршын гл. мераць.

Па старой памяці гл. памяць.

Старая песня гл. песня.

Старое карыта гл. карыта.

Стары верабей гл. верабей.

Стары як свет — вельмі даўні, спрадвечны.

Як старой бабе сесці гл. сесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)