Жаць1, жну ’убіраць расліны, зразаючы сцёблы’. Рус. жать, укр. жа́ти, польск. żąc, ’в.-луж. уст. žęć, žnyć, н.-луж. žeś ’тс’, палаб. zanai ’жатва’, чэш. žíti, žnouti, славац. žať, балг. жъ̀на, макед. жнее, серб.-харв. же̏ти, славен. žéti ’жаць’. Ст.-сл. жѧти, ст.-рус., ст.-бел. жати ’тс’. Прасл. *žęti, *žьną ’тс’ мае ў адрозненне ад іншых і.-е. моў спецыялізаванае значэнне. І.‑е. корань *g​hen‑(ə)‑ меў, паводле Покарнага (1, 491), значэнне ’біць’ і суадносіцца са слав. словам гнаць (гл.), а таксама з літ. genė́ti ’ачышчаць голле са ствала’ (Траўтман, 85), ст.-іран. ǰain‑ti ’ўбіваць’, нарв. дыял. gana ’ссякаць галлё з дрэва’ і інш. Фасмер, 2, 60; Скок, 3, 678; Махэк₂, 728; БЕР, 1, 565; Шанскі, 1, Ж, 279; Ваян, RÉS, 41, 1962, 59–60. У бел. прадстаўлены вытворныя жатва, жнец, жняя, жніво, вядомыя, відаць, яшчэ ў праславянскі перыяд, і шэраг іншых. Пра ст.-бел. значэнні і вытворныя гл. Шадурскі, дыс., 315–319.

Жаць2, жму ’ціснуць, праць’ (Сл. паўн.-зах.). Рус. жать, укр. жа́ти, польск. żąc ’ціснуць’, в.-луж. žimać ’выціскаць’, н.-луж. žeś, žmeś, žḿuś, ’ціснуць’, чэш. žmoliti, славац. žmoliť ’ціскаць, церці’, славац. žmyknúť ’вылушчыць шляхам сціскання’, балг. жъмка, серб.-харв. же̑ти, же́ти ’сціскваць’, славен. žę̑ma ’прэс’, ožę̑mati, ę́ti ’ціснуць, сціскваць’. Ст.-сл. съжѧти ’сціскваць’, ст.-рус. жати ’тс’ (зафіксавана з XVII ст.). Прасл. *žęti, *žьmǫ ’ціснуць’ да і.-е. кораня *gem‑ ’хапаць, сціскваць’ (літ. gùmulas ’куля’, gãmalas ’снежная куля; кусок хлеба, мяса’, лат. gumt ’хапаць’, грэч. γέντο ’схапіў’, γέμω ’я поўны’, нарв. kams ’галушка’ і інш.). Роднаснае слав. утварэнне з іншым вакалізмам гамёлак, гамёлка ’вялікі кавалак (хлеба, сыру)’ (гл.). Фасмер, 2, 59; Шанскі, 1, Ж, 278; БЕР, 1, 565; Покарны, 1, 368–369; Скок, 3, 678–679; Траўтман, 88. Сцвярджэнне Крукоўскага (Уплыў, 33), быццам кораня ‑жм‑ няма ў бел. мове, неабгрунтаванае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Свідзі́на1 ‘дрэва Cornus sanguinea’, ‘кустовая або дрэвавая расліна сямейства кізілавых, Cornus sanguinea’ (ТСБМ, Маш., ТС, Кіс.), сві́дзіна ‘тс’ (Касп.), сві́дніца, саві́давае дзерава ‘расліна Thelycrania sanguinea Four.’ (Кіс.), свідзі́на ‘бружмель лясны, Lonicera xylosteum L.’ (Кіс.), свід ‘крушына, Frangula Mill.’ (Інстр. 2). Укр. свид, свиди́на, рус. свиди́на ‘Cornus sanguinea’, польск. świdwa, świdnina, в.-луж., н.-луж. swid, палаб. swaid, чэш. svíd, славац. svíb ‘тс’, серб, сви̏ба, харв. svȉba (< *svidъve; Глухак, 598), славен. svíba ‘кізіл’, балг. дыял. свит (свид) ‘свідзіна’. Прасл. *svidъ, *svidy, Р. скл. svidъve (Міклашыч, 330 і наст.; БЕР, 6, 558). Фасмер (3, 577) звязвае з серб.-харв. сви̑бань ‘май’, славен. svíbən ‘тс’, чым тлумачыцца канцавое б(в). Таму што дрэва мае чырвоныя галінкі, дапускаюць роднасць з літ. svidùs ‘бліскучы, светлы’, svidéti, svidú ‘блішчаць’, ст.-прус. sidis ‘свідзіна’, ст.-англ. sviotol ‘ясны, яўны’, магчыма, лац. sīdus ‘свяціла’ і г. д., гл., напрыклад, Траўтман, 296; Голуб-Копечны, 363. Супраць Махэк (Jména, 171), які параўноўвае з ням. шваб. Weinholz ‘свідзіна’ (wein < wih) і лічыць слова праеўрапейскім. Трубачоў (Этимология–1970, 7) рэканструюе *svidva < і.-е. *(s)u̯ei̯du̯‑, дзе ‑du̯‑ магло трансфармавацца ў ‑dъv‑, а ў выніку асіміляцыі ў некаторых славянскіх мовах даць ‑b‑. Гл. таксама Сной у Бязлай, 3, 350; ЕСУМ, 5, 189 (*svidy > *svidъva > *svidba > svib).

Свідзі́на2 ‘касільна’ (саліг., ДАБМ, камент., 833). Магчыма, роднаснае ўкр. свид ‘вялікая добра завяленая палка’, далей сувязі няясныя; магчыма, сюды ж укр. у свид (у свид жати жито — недаспелым), свидо́ви́й, свидува́тий ‘недаспелы, зеленаваты’, ‘малады, малажавы’ або выводзіцца з папярэдняга слова — ‘цвёрды, як свідзіна’, параўн. ЕСУМ (5, 190), а таксама азначэнні: свідзіна слізка і моцна (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)