вясе́лік

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. вясе́лік вясе́лікі
Р. вясе́ліка вясе́лікаў
Д. вясе́ліку вясе́лікам
В. вясе́лік вясе́лікі
Т. вясе́лікам вясе́лікамі
М. вясе́ліку вясе́ліках

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2025, актуальны правапіс)

*Вясе́лік1, палес. вэсэ́лык ’журавель, Grus grus L.’ (Дразд.), укр. веселик ’тс’ — табуістычная «назва жураўля, якую трэба ўжываць тады, калі жураўлі прылятаюць, вясною, каб не журыцца цэлы год» (Грынчанка, 1, 141). Магчыма, гэта проціпастаўленне народнай этымалогіі лексемы вясна, якая звязваецца з лексемай вясёлы, у прыватнасці з яе значэннямі ’здаровы, радасны, ясны, каляровы, сонечны, асветлены, з буйной расліннасцю, які радуе багаццем, буйнасцю і г. д.’ Тое ж адносна наступных слоў: вяселік2, вяселік3. Сюды ж высё́лык ’эўфемістычная назва жураўля, заўважанага першы раз у гэтым годзе’ (Клім.).

Вясе́лік2 ’смаржок, Gyromitra (Helvella) esculenta’ (Янк. I); ’красавіковы грыб смаржок’ (КТС, К. Цвірка). Відавочна, да вясна (гл.) *вясеннік > вяселік. Магчыма, аднак, што назва была матывавана знешняй незвычайнасцю; параўн. весялуха5 і ўкр. весе́лка воню́ча ’грыб Phallus impudicus’. Аднак славац. veseliarky ’Armillariella mellea, асенні апенак’.

*Вясе́лік3, вэсэлык ’вясёлка’ (іван., ДАБМ). Утворана ад veselъ і суф. ‑ikъ. Названа, паводле шматкаляровасці, якая весяліць, радуе вока чалавека. Параўн., аднак, вясёлка1, весялу́ха2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асяло́к ’змаршчок’ (Інстр. II); вясё́лка ўказваецца як варыянт назвы побач. Асноўнае выкарыстанне назвы вясёлка не для абазначэння змаршчка (Morchella), а як назва грыба Phallus impudicus (вясёлка, сраматнік), але, зважаючы на тое, што і ў іншых мовах ёсць такія пераносы назваў (ням. Morchel ’змаршчок’ і Stinkmorchel ’вясёлка, сраматнік’), і тут можа ісці размова аб пераносе. Калі першапачаткова вясёлка — назва змаршчка, магчыма, звязана з тым, што гэта першы вясенні грыб (параўн. вяселік ’жаваранак’), калі ж першапачаткова гэта назва сраматніка, магчыма, у ёй адлюстраваліся адносіны да непрыстойнасці знешняга выгляду гэтага грыба. Калі ўлічыць цяжкасць фанетычнага тлумачэння асялок з вясёлка, трэба дапусціць тую ці іншую сувязь асялок ’змаршчок’ з асялком ’тачыльным каменем’, магчыма, па знешняму выгляду (асабліва калі гэта назва не змаршчка, а сраматніка); нельга выключаць і сувязь з асілкамі, якія, паводле пэўных паданняў, уходзілі ў зямлю. Гл. вясёлка, асілак, асла.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вясёлка1 ’радуга’ (БРС, КТС, Янк. II, Касп., Гарэц., Сцяшк. МГ, Грыг., Мядзв., пух., З нар. сл.), wiesióu̯ka, wiesiúu̯ka (Маш.), укр. весе́лка, а таксама весели́ця, весели́чка, веселі́вка, весі́вка, рус. пск., смал., валаг. весёлка ’тс’. Да вясёлы (гл.). Усх.-слав. арэал пашырэння лексемы можна звязаць з літ. linskmỹnė ’вясёлка’ ⟷ liñksmas ’вясёлы’ (Непакупны, Связи, 64–65) і вепск. ilʼoi‑kalʼoi ’вясёлка’ ⟷ іло ’весялосць, смех’; падобная ж матывацыя ў бел., рус. радуга < radǫgaradъ ’рады’ (Фасмер, 3, 431). Параўн. таксама весялу́ха2 (гл.). Сюды ж вясёлкавы. Афанасьеў (Представл., 3) атаясамлівае висялуха з висеть ’якая вісіць у паветры’.

Вясёлка2 ’таемнік, Lathraea squamaria L.’ (мін., Кіс.) — рэгіянальнае ўтварэнне ад вясёлы (гл.) і суф. ‑к‑a. Названа расліна паводле шматколернасці (бледна-ружова-чырвоная) суквецця. Параўн. тое ж у рус. весёлые глазки ’браткі, Viola tricolor L.’.

Вясёлка3 ’смаржок, Gyromitra esculenta’ (Інстр. II), гом. вясё́лкі ’смаржкі’ (Працы, 6), узд. ’порхаўка, Phallus impudicus’, укр. весе́лка воню́ча ’тс’, весе́лка чо́ртова ’Phallus caninus Huds.’ Да вясна > *вясеннік < вясенні грыб. Паводле народнай этымалогіі, ад вясёлы ў сувязі з незвычайнасцю формы (выгляду) грыба. Гл. таксама весялуха5, вяселік2.

Вясёлка4 ’бародаўчатая бяроза, Betula verrucosa Ehrh.’ (лёзы., КЭС); ’звычайная дробналістая бяроза’ (паўн.-віц., Нар. лекс.), рус. смал., пск. весёлка ’кучаравая бяроза з гладкімі бліскучымі лістамі’, смал. весёлочка ’тс’. Пад уплывам народнай этымалогіі — да вясёлы. Больш імаверна да вясна (гл.). Параўн. таксама ўкр. назву вясенняга месяца сакавіка бе́резень.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)