Ва́рхал ’скандал, шум’ (Касп., Нас.). Ст.-бел. вархол ’бунт, склока’ (з XVI ст.; Булыка, Запазыч.). Рус. (смал.) ва́рхал ’тс’. Запазычанне з польск. warchol ’тс’ (Булыка, Запазыч., 57). Аб магчымым паходжанні польск. слова гл. Брукнер, 601–602.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вархо́ліцца ’патрохі сварыцца’ (КЭС, лаг.). Запазычанне з польск. warcholić się ’тс’ (да warchoł > бел. ва́рхал; гл. таксама Брукнер, 601–602). Наўрад ці можна думаць пра беларускае ўтварэнне ад ва́рхал (< польск.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ва́рфыл ’вэрхал, трывога’ (Бяльк.). Дыялектнае змяненне запазычанага з польск. мовы слова ва́рхал ’тс’ (гл.) праз стадыі ва́рх(ы)л > ва́рхвыл > ва́рфыл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Ва́рхыт ’вэрхал, бесталковы шум, гам’ (Бяльк.). Запазычанне з польскай мовы: ва́рхыт < *ва́рхат < *ва́рхот. Параўн. польск. warchotny, warchotliwy ’неспакойны’ (слова таго ж кораня, што і warchoł, адкуль бел. ва́рхал). Аб польск. гняздзе слоў гл. Брукнер, 601–602.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Вэ́рхал (БРС) ’гоман, малая звадка’ (КЭС); ’беспарадак’ (Бір. Дзярж.); ’лямант, гвалт’ (Жд.). Таго ж паходжання, што і ва́рхал ’тс’ (гл.), г. зн. запазычанне з польск. warchoł. Форма вэ́рхал (падобнай формы ў польскай мове няма) другасная, узнікла ў бел. мове, відаць, з формы тыпу вархо́л (апошняя, напр., засведчана ў гаворках Слаўгарадчыны; гл. Яшкін, Бел.-польск. ізал., 157) пры перанясенні націску на першы склад. Параўн. багно́, але бэ́гна, барса́ць, але бэ́рсаць і да т. п. Яшкін (там жа) лічыць вэ́рхал, ва́рхал не запазычаннем, а агульным утварэннем для беларуска-польскай зоны. Гэта няправільна, бо ў польск. мове слова з’яўляецца спрадвечным і адлюстроўвае (разам са шматлікімі вытворнымі; гл. Брукнер, 601–602) прасл. адносіны.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)