барка́с, -а, мн. -ы, -аў, м.

1. Вялікая шматвёславая лодка.

2. Невялікі параход або цеплаход, які буксіруе грузавыя судны.

3. У гарбарнай і футравай вытворчасці: цыліндрычны бак для перамешвання скур у вадкасці.

|| прым. барка́сны, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

барка́с м. барка́с

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

барка́с мор. барка́с, -са м.;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

барка́с, ‑а, м.

1. Вялікая шматвёславая лодка для перавозкі грузаў, людзей. Ля дамбаў, правей порта, рыбакі грузілі сеткі ў баркас. Лупсякоў.

2. Невялікае паравое ці цеплаходнае судна, якое буксіруе розныя грузавыя судны ў порце. Да берага набліжаўся маторны баркас «Чайка». Ён цягнуў за сабою караван з трох рыбацкіх лодак. В. Вольскі.

3. У гарбарнай і футравой вытворчасці — цыліндрычны бак для перамешвання скур у вадкасці.

[Гал. barkas.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Барка́с. Рус. барка́с, укр. барка́с. Запазычанне з франц. barcasse ’тс’. Падрабязней гл. Шанскі, 1, Б, 45–46.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пласкадо́нак ’лодка з дошак’ (барыс., Стан.), рус. плоска- дойбаркас’. Да плоскі і дно (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

карава́н, ‑а, м.

1. Група ўючных жывёл, якія перавозяць грузы і людзей у пустыні, у стэпе. — Наш невялікі караван вярблюдаў з медыкаментамі, харчамі і ўсім неабходным для экспедыцыі ішоў следам. Васілевіч. [Па гасцінцы] якраз і ішлі караваны ў той благаславёны Алатау. Васілёнак. // перан. Доўгая чарада аднародных істот, прадметаў, якія рухаюцца ў адным напрамку. Скора гусей караваны Сэрца напоўняць журбою. Непачаловіч. Караван ялавак і бычкоў пацягнуўся з калгаса да жывёла-нарыхтоўчай канторы. Дуброўскі. Скрозь семафоры адкрыла яна [восень] паравозам, Што караваны вагонаў па рэйках вядуць. Куляшоў.

2. Група суднаў, якія ідуць адно за другім або выконваюць агульную задачу. [Бамбардзіроўшчыкі] двойчы наляталі на караван у моры і затапілі адзін карабель. Шамякін. // Група злучаных несамаходных суднаў або плытоў, якія ідуць адно за другім на буксіры. Да берага набліжаўся маторны баркас «Чайка». Ён цягнуў за сабою караван з трох рыбацкіх лодак. В. Вольскі. Ля ракі сёння вяжуць Караван плытагоны. Кірэенка.

3. у знач. прысл. карава́нам. Чарадой, адзін за другім. Пралятаюць, Раняючы крыкі, Караванам даўгім жураўлі. Аўрамчык. Паплывуць караванам плыты Да далёкага сіняга мора. Астрэйка.

[Перс. kār(e)vān.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стры́жань, ‑жня, м.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. У бярвенні, мабыць, адна абалонка, а стрыжань ужо спарахнеў. Сабаленка. Любіў сядзець .. і дзівіцца, як лоўка выкручвае дзед стрыжань зрэзанай на дудку хвойкі. Марціновіч. // Сярэдняя частка чаго‑н. у жывёльным або раслінным арганізмах. Стрыжань птушынага пяра.

2. Спец. Прадмет прадаўгаватай формы, які звычайна з’яўляецца воссю або апорай чаго‑н. Стрыжань поршня. // Унутраная частка электрамагніта з абмоткай з дроту.

3. Глыбокае месца ў рэчышчы ракі, месца з самым хуткім цячэннем у рацэ. Наперадзе заўжды ішоў Ціхан — брыгадзір лепшай у арцелі брыгады і Бамбалаў сусед. Ён першы садзіўся на вёслы і вёў свой баркас на самы стрыжань ракі. Карамазаў. Лодка ўвішна выкручвалася на быстрай плыні стрыжня. Брыль.

4. Разм. Цвёрды асяродак варыва. Стрыжань скулы.

5. перан.; чаго. Асноўная, галоўная, цэнтральная частка чаго‑н. Да лепшых [вершаў] трэба аднесці тыя, дзе аўтару ўдалося знайсці нейкае драматычнае зерне, нейкі канфліктны стрыжань. Бярозкін. // Тое, асноўнае, што характэрна каму‑, чаму‑н. Лірыка-інтанацыйны прынцып канчаткова аформіўся, стаў стрыжнем індывідуальнай манеры Я. Брыля ў рамане «Птушкі і гнёзды». У. Калеснік.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Плаў1 ’бераг, падмыты вадой’ (чырв., З нар. сл.), ’зыбучы травяны дзірван на зарослым возеры’ (Сл. ПЗБ; ТС; в.-дзв., Нар. сл.; хойн., рэч., добр., Мат. Гом.), ’нізіна, якая ў разліў заліваецца вадой’ (Касп.), плав ’прорва, топкае балота, дзе калышацца верхняе покрыва’, плаў ’акно на балоце’ (Сл. Брэс.; Нар. лекс.; ЛА, 5), плавы́ ’азёры, багатыя рыбай, пакрытыя зыбкім і непраходным дзірваном’ (Нік. Очерки), плаў, плавы ’нізкая мясцовасць, дзе рака праходзіць праз балота’ (Касп.), плавок ’дрыгвяністае балота’ (жытк., стол., Яшк.), ’забалочаны вадаём; зыбкае бязлеснае балота; гразкае месца, заліўны луг ля ракі ці возера’ (палес., Талст.; слаўг., жытк., стол., Яшк.), ’плывучае покрыва з рэштак раслін, плаў на балоце, ля возера’ (палес., ЛА, 2); ’плывучае па вадзе смецце’ (ветк., добр., Мат. Гом.). Укр. плав ’плывучы востраў з чароту і невялікіх раслін’, ’зыбучы дзірван’, ’смецце і ўсялякія прадметы, што плывуць па рацэ’, рус. наўг. пла́вы ’тарфяная багна’, пск. плавье, плавьё ’балота з купінамі’, ’заліўная сенажаць’, ’нанесены глей’, польск. pław — пра розныя прадметы, што плаваюць на вадзе і ў вадзе, ’цякучая рака, кроў’, сёння — ’водны транспарт’, ’плаванне’, ’плыт’; славен. splàv ’плыт’, ’тое, што прынесена вадой’, серб.-харв. plȃv ’лодка, човен’, splȃv ’плыт, паром; баркас’, макед. сплав ’плыт’. Прасл. *plavъ/plavь < і.-е. *plōw‑o‑s (Банькоўскі, 2, 620). Да плыць, плы́сці (гл.). Сюды ж: на пла́ве ’ў стане плавання, на вадзе’ (ТСБМ).

Плаў2 ’нераст рыбы’ (паўн.-усх., КЭС), рус. смал. плав ’нераст’, польск. pław ’выцяканне насення, палюцыя; месячныя ў жанчын’. Відавочна, з польск. мовы.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

лодка, човен / з плоскім дном: пласкадонка / выдзеўбаная: доўбленка / абшываная: абшыванка / пераважна на моры: шлюпка / спартыўная: байдарка, каноэ / шматвёсельная: баркас / для перавозу грузаў: барка / вузкая няўстойлівая: душагубка (разм.) / маторная: маторка (разм.); чайка (абл.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)