Асаве́ц

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз.
Н. Асаве́ц
Р. Асаўца́
Д. Асаўцу́
В. Асаве́ц
Т. Асаўцо́м
М. Асаўцы́

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Асаве́ц 1 ’асінавы лес’ (Прышч., Яшкін), асавок ’маладыя асіны на расчышчаным месцы, групкі дрэў сярод поля, каля дарогі’ (Жучкевіч, Топон., 108). Ад аса ’асіна’ (гл. асіна) праз прыметнік асобы ’асінавы’ з дапамогай суфіксаў ‑ец, ‑ок. Параўн. тапонім Асінец.

Асаве́ц 2 ’ссунутая зямля па беразе, па касагоры’ (Яшкін), Грынблат (Весці АН БССР, 1965, 4) звязвае мясцовыя назвы тыпу Асавец і пад. з дзеясловам соваць (асоўвацца). Частка гэтых назваў звязваецца з аса ’асіна’, што датычыць іншых, то трэба ўлічыць яшчэ ўкр. осовн, осовня, осовна ’схіл гары, павернуты да сонца’ (Марусенка, Полесье, 239), якія, аднак, можна супаставіць з асоння ’тс’. Ст.-рус. осовьць азначае ’звычайная дарога’ (магчыма, але не абавязкова, па яру, па берагу, які асоўваецца, ці ўзгорку); балг. осое, серб.-харв. осој ’ценявы бок’, мак. осој ’вільготнае месца, дзе не грэе сонца’, славен. osoje, osovie ’ценявы бок, халадок’. Паўднёваславянскія словы адлюстроўваюць праслав. корань *soi̯‑, што захаваўся таксама ў выглядзе *sě‑ ў рус. сень, бел. засень. Так ці іначай наўрад ці тут можна выключыць шматразовыя народнаэтымалагічныя змены (параўн. укр. осоння пры сонце, сонечко), у тым ліку сувязі з сонцам, а потым з асоўваннем. Магчыма, што асавец першапачаткова азначала проста ’халадок’, а потым стала выкарыстоўвацца і як назва асінніку, і як назва дарогі, і як назва ценявога боку гары і наогул узгорка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Асі́на ’Populus tremula’, ясеннічак ’тс’ (Кіс.), асо́ва ’дрэва (асіна?), у дупле якога жывуць пчолы’ (Сцяшк.); осоўка, осиноўка ’лодка, выдаўбаная з ствала асіны’ (Бейл.); асовы ’асінавы’ (Бейл., Федароўскі, 6, 25). Гл. яшчэ асавец, асавік. Рус., укр. оси́на, укр. осика, польск. osina, osika, дыял. osa, чэш., славац. osika, в.-луж. wosa, wosyca, н.-луж. wosyca, славен. osíka, jesíka, jasíka, серб.-харв. ја̀сика (у тапонімах таксама з je‑), балг. осика, ясика, макед. јасика, ст.-рус. осина. Праслав. *osa < *opsa роднаснае літ. ẽpušė, ãpušė̃, лат. apse, ст.-прус. abse ’тс’, а таксама германскім словам тыпу ням. Espe ’тс’ (ст.-в.-ням. aspa). Іншыя індаеўрапейскія паралелі (напр., з грэч. ἄσπρις ’бясплодны дуб’) выклікаюць сумненні. Няясныя сувязі з цюрк. (Радлаў, Опыт) апсак ’асіна’, якое некаторыя лінгвісты лічаць запазычаным з іранскай (Хоопс, Reallex., 1, 132) ці армянскай (Педарсан, KZ, 39, 462). Іншыя лінгвісты (Мейе, RS, 2, 70; Махэк, Jména rostl., 132; Скок, 2, 759) лічаць слова протаеўрапейскім. Апрача літаратуры, указанай тут і ў Фасмера, 3, 159, гл. яшчэ Покарны, 55 (*apsā); Фрэнкель, 14; Махэк₂, 418. На агульнаславянскі характар бел. асіна ўказваў Булахаў, Курс суч., 144; гэта правільна адносна кораня, суфікс усходнеславянскі і польскі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)