пажы́ва, ‑ы, ж.
1. Ежа, корм; тое, чым жывіцца арганізм. Пажыва для раслін. Пажыва для рыб. □ Прыйшла вясна. Яна адчувалася ўсюды: нават вераб’і і тыя аджылі і весела скакалі на чорных вуліцах, шукаючы сабе пажывы. Чарнышэвіч.
2. Здабыча, нажыва. Асабліва ўдала Лукаш умеў паляваць на каўбасы або сыры. Агледзеўшы пажыву, ён.. адломліваў кавалак як пад’есці і ўцякаў. Лобан.
3. перан. Тое, што дае матэрыял, служыць крыніцай для думак, размоў і пад. Духоўная пажыва. Пажыва для плётак.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нясла́віць, ‑слаўлю, ‑славіш, ‑славіць; незак., каго-што.
Сваімі паводзінамі, учынкамі ўзводзіць няславу на каго‑н.; ганьбіць. [Гаспадыня:] — Плёткі гэта! Мой сын дваранін, а яна што? З ёй не стане свайго імя няславіць... Галавач. [Старая:] — Лепш мяне, калі хочаш, забі, а дзіця не дам няславіць. Грахоўскі. // Абражаць пры людзях чый‑н. гонар; распаўсюджваць плёткі, якія ганьбяць каго‑, што‑н. От жа стаіць Лявон і слухае, як сын абражае, няславіць маці, і адно толькі твар у старога балюча перасмыкаецца. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паве́даміць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., каму (зрэдку каго-што), што, аб чым, пра што, з дадан. сказам і без дап.
Давесці да ведама. Паведаміць начальству аб здарэнні. Яна паведаміла, што не прыйдзе на работу. □ Трэба так ці сяк паведаміць дзеда Талаша ці каго-небудзь з яго сяброў. Колас. Роўным і як быццам спакойным голасам паведаміла радыстка пра сігналы з эсмінца. Кулакоўскі. // Расказаць, сказаць. Мой тата прыехаў, сур’ёзна паведаміла Марынка. Васілевіч. // Даваць якія‑н. звесткі. Паведаміць міліцыі. Паведаміць суду.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
найбо́льш, прысл.
1. Больш за ўсё, больш за іншых; асабліва. Сусветная вайна цягнулася ўжо чацвёрты год. І найбольш, далася яна нашай краіне, прынамсі Беларусі. Дуброўскі. Аднаго бацьку найбольш цягнула дахаты. Маці пратэставала, бунтавалася, не хацела [ехаць]. Пестрак.
2. У спалучэнні з якасным прыметнікам утварае найвышэйшую ступень апошняга. Найбольш яркі. Найбольш прыгожы. □ Тут было найбольш страшнае месца дарогі, бо з гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках, якія налучаліся тут з людзьмі. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
наха́бнасць, ‑і, ж.
1. Бессаромная назойлівасць, бесцырымоннасць. Патржанецкі з цікавасцю аглядаў.. сухенькага, ужо старога чалавека, які, нягледзячы на старасць, трымаўся як малады, глядзеў у вочы без страху, але і без нахабнасці. Чарнышэвіч. — А вы не пашкадуеце потым, калі даведаецеся, аб чым ідзе гутарка? — з інтрыгуючай нахабнасцю, нібы пагражаючы, цягнуў далей незнаёмы. Машара.
2. Нахабны ўчынак. Сякерын, не пытаючы дазволу, бярэ дзяўчыну пад руку, а яна, як бы ў адказ на ягоную нахабнасць, левай рукой бярэ мяне пад руку. Сабаленка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пла́зам, прысл.
Плоскай, шырокай стараной уніз. Каля хаты .. ляжыць плазам дубовая старая брама. Бядуля. — Малады жандарскі афіцэр выцяў яго [Рыбакова] шабляй, плазам. Асіпенка.
•••
Ляжаць плазам — тое, што і ляжаць як пласт (пластом) (гл. ляжаць). — Пусціш яго [малька] ў ваду — проста плакаць хочацца, калі бачыш, што ён сотнямі ляжыць нерухомым плазам... Ракітны. Штодзень перад захадам сонца яна [ліхаманка] забірала мяне ў сваю поўную ўладу, і я ляжаў плазам да самай раніцы, і перад вачыма маімі мітусіліся то жоўтыя, то чырвоныя кругі... Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пастая́лец, ‑льца, м.
Уст. Той, хто часова наймае ў каго‑н. жылое памяшканне, кватэру; кватарант. [Альбіне] няблага дапамагалі сыны і дочкі, усю гародніну сваю ебывала на рынку, пастаяльцы плацілі за кватэру. Ракітны. Сваё нежаданне пусціць у хату пастаяльца, якому толькі і трэба, што стол ды цішыня, яна вытлумачыла тым, што чалавек — не муха, яму і паесці трэба, а не толькі сядзець за сталом і пісаць. Навуменка. Невялікі радыёпрыёмнік, які прынёс быў Астап свайму вымушанаму пастаяльцу [камісару], зусім ажывіў хату. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сляпі́цца, сляпяюся, слепішся, слепіцца; незак.
1. Псаваць сабе зрок. Мала ёй [Ганьцы] дня, дык яшчэ будзе сляпіцца мне тут цэлы вечар. Васілевіч. Увосень па даху нудна барабаніў дождж, а яна [Гэля] сляпілася за кудзеляю ці абдзірала пер’е. Грахоўскі. Ліпачка пры газоўцы сляпілася над кніжкаю. Сабаленка.
2. Пра немагчымасць глядзець (ад яркага святла і пад.). Без.. [шапкі] стала горай: гарэў агнём лоб ад сонца і сляпіліся вочы. Пташнікаў. [Каця] ішла насустрач і .. вельмі сляпілася ад сонца. Алешка.
3. Зал. да сляпіць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
суко́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
1. Абрэзак сукна або іншай шарсцяной тканіны, які ўжываецца для чысткі, націрання чаго‑н. Свідзерскі знайшоў на кватэры начальніка станцыі шчотку і доўга шоргаў ёю па чаравіках, потым драіў яшчэ і суконнай. Хомчанка. Калі блешня пасля таго, як яна пабывала ў вадзе, страціла бляск, яе трэба працерці суконкай. Матрунёнак.
2. Суконная ануча. [Пракоп] рашуча падымаецца з пасцелі, запальвае газоўку. Абуваецца. Накручвае на ногі суконкі, надзяе лепшыя боты. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сухарля́вы, ‑ая, ‑ае.
З худым целам (пра чалавека, жывёліну). За сталом — сухарлявы, з чыста паголеным тварам мужчына. Шынклер. Высокая, сухарлявая кабеціна чарнявага воласу — яна была тут старожкаю — прыйшла ў незвычайны рух. Колас. // Пазбаўлены тлушчу (пра твар, рукі і пад.). На сухарлявы твар начальніка штаба лягла задума. Шчарбатаў. — Праходзь, чалавеча! — адказвае дзядок, махнуўшы сухарлявай рукой. Вірня. // Разм. Сухі, тонкі. Маці ўбачыла, як па траве прабег і на руды сухарлявы ствол сасонкі ўскочыў звярок з пушыстым рыжым хвастом. Лось.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)