раство́р, ‑у, м.

Аднародная вадкасць, атрыманая растварэннем якога‑н. рэчыва ў вадзе або ў іншай вадкасці. Содавы раствор. □ [Тася Кабрынец] да свірка прыйшла, дзе пратручваюць сяброўкі ільнасемя. Пырскаюць на яго спецыяльным растворам, перамешваюць. Бялевіч. // Аднародная сумесь вяжучага матэрыялу, пяску і вады, якая ўжываецца ў буцаўніцтве. На рыштаваннях новых дамоў у руках муляроў мільгалі кельні са свежым растворам. Якімовіч. // Спец. Раўнамерная сумесь двух або некалькіх рэчываў. Газападобны раствор. Вадкі раствор. Цвёрды раствор.

•••

Фізіялагічны раствор — водны раствор солей, блізкі па сваіх уласцівасцях да плазмы крыві.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рыкашэ́т, ‑у, М ‑шэце. м.

1. Палёт якога‑н. цвёрдага цела пад вуглом пасля ўдару аб якую‑н. паверхню. Вось пырснуў пясок пад нагамі ў Кірэя, на рыкашэце запела куля. Дамашэвіч.

2. у знач. прысл. рыкашэ́там. Адскочыўшы, адляцеўшы пасля ўдару ад якой‑н. паверхні. Кожны [хлапчук] стараецца кінуць так, каб каменьчык адскочыў ад паверхні вады і рыкашэтам праскакаў па ёй як мага больш разоў. В. Вольскі. // перан. Ускосным чынам (паказала, выказана і пад.). Бародку краналі мала, хто-ніхто між іншым, рыкашэтам, як кажуць. Шамякін.

[Фр. ricochet.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

рэ́йка, ‑і, ДМ рэйцы; Р мн. рэек; ж.

1. Вузкі стальны брус, які замацоўваецца на шпалах (у два рады) для руху паяздоў, ваганетак і пад. У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі. Колас. Па рэйках тых бягуць цягнікі. Лынькоў. Павольна стукаюць на рэйках колы цягніка. Ставер.

2. Вузкая і тонкая драўляная дошка ці брусок. Мы прыладзілі да.. [карты] тоненькія рэйкі, старанна яе падклейвалі. Даніленка.

3. Драўляны брусок з дзяленнямі для вымярэння ўзроўню вады і пад. Вадамерная рэйка. Снегамерная рэйка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ці́на, ‑ы, ж.

Зялёныя водарасці, якія плаваюць густой масай у стаячай і мала праточнай вадзе. Мора сіняе прымчыць да нас вадой Бутэльку к берагу, аблітую смалой, Усю ў дробных ракаўках і ціне. Багдановіч. У тайніку, побач з канавай, Сцяпан хавае «трохзубку» — жалезныя граблі, якімі ён выцягвае з вады ціну ці карчакі. Парахневіч. // перан. Тое, што засмоктвае, аблытвае, пазбаўляе волі, свабоды дзеяння. Колькі.. [Віктар] пражыў у тым мяшчанскім гняздзе, а і пальцам не паварушыў, каб разграміць той ладненька скалочаны дабрабыт, ускалыхнуць застаялую ціну. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суга́ ’мыс’ (Ласт.). Параўн. укр. карп. суг ’упадзіна ў зямлі’. Няясна. Магчыма, тое ж, што і аргат. суга́ ’вада’ (дрыб., шкл., навазыбк., Рам. 8–9), якое выводзіцца з тур. асман. su ’вада’ (гл. Горбач, Арго, 34), г. зн. ’месца каля вады’; назва па сумежнасці? Менш верагодная сувязь з укр. суга́ ’ржавая вада на балоце’, ’асадак у алеі’, балг. съ́га ’плесня на паверхні віна’, для якіх узнаўляецца прасл. дыял. *sǫga, гл. Пятлёва, Этимология–1976, 45; ЕСУМ, 5, 465. Можа быць і адваротным дэрыватам ад сузок (гл.) з “этымалагічным” узнаўленнем ‑г‑. Пацюпа (Arche, 2007, 3, 170) выводзіць з сугба́ ’выгін знутры’ (ад гібаць, гбаць ’згінаць’), у такім выпадку трэба дапусціць атаясамліванне фіналі -ба з адпаведным суфіксам і яго адсячэнне, што малаверагодна.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухадо́л ’бязводная лагчына, схіл, луг, якія атрымліваюць вільгаць толькі ад дажджавой або снегавой вады’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Яруш., Бяльк., Касп.), ’сенажаць на нізкім, але сухім месцы’ (БРС), ’роў з крутымі берагамі, які ўтварыўся ад веснавых вод’ (слаўг., шчуч., Яшк.), ’нізкае месца, якое заліваецца вясной; у іншую пару года звычайна сухое’ (усх.-палес., Талстой, Геогр.), ст.-бел. суходо́лъ ’сухая даліна, сухое нізкае месца’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суходо́л, суході́л, рус. суходо́л ’тс’. Да сухі і дол (гл.). Талстой (там жа, 129) адзначае нехарактэрнасць складаных слоў з першым элементам сух‑ для сучасных заходніх і паўднёвых славянскіх моў, параўн. славен. suhi dol, suha struga, але дадзеныя тапанімікі сведчаць аб існаванні аналагічнай словаўтваральнай мадэлі, параўн. славен. Suhodol, Suhodolnik.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пу́гаць ’прагна піць, хлябтаць’ (Нас., Варл.), ’многа і часта піць’ (кір., Нар. сл.; бых., Жыв. НС; стаўб., З нар. сл.), ’многа піць, піць вялікімі глыткамі’ (Жд. 2; дзярж., Нар. сл.; Сцяшк. Сл.), ’многа піць вады або есці вадкай стравы’ (карэл., Нар. сл., Сцяшк.), ’прагна есці, сёрбаць’ (Скарбы, мядз., Нар. словатв.; жлоб., Жыв. сл.), ’жэрці’ (полац., Янк. 2), ’разліваць’: не пугай, напу́гаў, што стол не ўспяваю выціраць (гродз., Цыхун, вусн. паведамл.). Дзеяслоў гукапераймальнага паходжання, у аснове — выклічнік пу! (пуг!), што імітуе уцягванне вадкасці ротам, параўн. пупа ’вада’ (у размове з дзецьмі), славен. pupati ’піць’ (у дзіцячай мове), у аснове якога гукаперайманне pup (Сной, 515), або пу́льгаты ’сёрбаць; разліваць’ (драг., Сл. Брэс.) (гл.), у аснове гукаперайманне пуль(г)!

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Пе́трыць1 ’цяміць, разумець’ (Янк. 3.; Нар. Гом.; ТС; лід., Сцяшк. Сл.; глус., Сл. ПЗБ; рэч., Мат. Гом.), ’кеміць’ (капыл., Жыв. сл.), пе́тріць ’разумець (пра дзіця)’ (гарад., ЛА, 3). Параўн. рус. пе́трить ’разумець, кеміць’, пе́траць ’помніць’; польск. piętrzyć ’паднімаць узровень вады (каля плаціны)’, piętrzyć się ’ўздымацца’, ’зазнавацца’, славен. vz‑pẹ́titi se ’ўспомніць, прыгадаць’, spọ́titi ’тс’, o‑pẹ́titi ’заўважыць’, серб.-харв. pétiti ’не забыць, запомніць’, далмацінск. na‑pétati se ’намучыцца’. Не зусім яснае слова. Звычайна збліжаюць пе́трыць з пяць, пя́цца < прасл. *pęti se (Брандт, РФВ, 23, 292; Праабражэнскі, 2, 166; Фасмер, 3, 425–426; Бязлай, 3, 31). Суфікс ‑р‑, як у хітры́ць, мудры́ць.

Пе́трыць2 ’біць’ (ТС) — у выніку кантамінацыі лексем пе́таваць і пе́рыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́дра1 ’жывёла, Lutra vulgaris’ (БРС, Нас., Бес.). Рус. вы́дра, укр. ви́дра, ст.-рус. выдра, польск. wydra, в.-луж. wudra, н.-луж. hudra, чэш., славац. vydra, серб.-харв. ви̏дра, славен. vídra, балг., макед. ви́дра. Роднасным з’яўляецца літ. ū́dra ’выдра’, ст.-прус. wudro, лат. ûdris, ст.-інд. udráḥ ’вадзяная жывёла’, авест. udrā‑ ’выдра’, грэч. ὕδρος, ὕδρα ’гідра, вадзяная змяя’, ст.-ісл. otr ’выдра’, ст.-в.-ням. ottar ’тс’. Назва ўтворана ад назвы вады; параўн. грэч. ὕδωρ ’вада’, рус. вада (Траўтман, 334; Вальдэ, 449; Фасмер, 1, 367; Шанскі, 1, В, 222).

Вы́дра2 ’хітры, пранырлівы чалавек’ (Нас., Мат. Гом.). Пераноснае значэнне выдра1, але не выключана магчымасць і ўтварэння ад выдраць, выдзіраць; параўн. вырва.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бон, бом ’выгаралая глыбокая яма ў тарфяным балоце, якая запоўнена вадой, глыбокая яма ў рацэ’ (усх.-палес.; Талстой, Геогр., 202). Талстой (там жа) параўноўвае з укр. (закарп.) бо́ня, бо́нище ’глыбокая яма ў балоце, запоўненая вадой’, укр. (бойк.) бо́ня ’стаячая вада’, кашуб. bonawa, bonawka ’дзёран, трава’, н.-луж. bon, bonk ’вільготны, мокры дзёран; луг, паляна’. Усё гэта, быццам, старое запазычанне з герм. (ням. Bonn ’мокрая лугавая трава’). Але зыходзячы з таго, што бон — гэта і ’месца, дзе рыбакі выцягваюць з вады сетку’ (Яшкін), магчыма, лепш лічыць, што бон, бом як тэрмін рэльефу звязаны з такімі словамі, як рус. бом, бон ’плавучы насціл у гавані’ < герм. (аб гэтых словах гл. Фасмер, 1, 191, 192).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)