частава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; незак.

1. Піць, есці, курыць тое, чым частуюць. Галя дастала з кішэні плашча невялічкі папяровы згортачак з цукеркамі, купленымі ў краме ў Сялібе, і аддала пляменніку — частуйся, ласун. Ермаловіч. [Глеб Іванавіч] прысеў да стала, дастаў пачак «Нёману», закурыў, прапанаваў гаспадару частавацца. Дуброўскі. // Есці з задавальненнем што‑н. смачнае; есці, піць кампаніяй. Падходзілі да Петраковай талеркі людзі і за падарункі гарэлачкай частаваліся. Гарэцкі. [Яўхім:] — Кланяліся яму [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.

2. Зал. да частаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чы́мся 1, злучнік параўнальны.

Разм. Ужываецца для сувязі параўнальных зваротаў, якія паясняюць адзін з членаў сказа ў форме вышэйшай ступені параўнання. Пацяжэлае сонца апускалася за ракою і адтуль асвятляла зямлю, ваду, далёкі грэбень лесу. У тым святле было куды больш, чымся ў ранейшым, мяккасці і чысціні. Карамазаў. Не абрываючы формы ад зместу, паэтэса большую ўвагу надавала зместу, ідэі, чымся форме. Клімковіч.

чы́мся 2, займ. неазначальны.

Разм. Тое, што і чымсьці. Лабановіч усе гэтыя дні чуў сябе як бы чымся звязаным, як бы на ім была надзета цесная адзежына. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шавялі́ць, ‑вялю, ‑веліш, ‑валіць; незак.

1. каго-што. Злёгку прыводзіць у рух, кратаць што‑н. Вецер шавяліў пажоўклае лісце на дубах, і яно ледзь чутна шалясцела. Чарнышэвіч. Па-над полем плавае лёгкі цёплы вецер і шавеліць на галаве ў дзеда густыя пасярэбраныя валасы. Галавач. // перан. Прымушаць да дзейнасці, працы, выводзіць са стану вяласці, абыякавасці да акаляючага; узбуджаць.

2. чым. Злёгку рухаць чым‑н. Зося лёгка разбірала знаёмы почырк і ледзь шавяліла губамі. Крапіва. Счапіўшы ў рукавах рукі, Фішар дрыжаў, шавяліў плячыма, тупацеў нагамі. Быкаў.

•••

Шавяліць мазгамі (галавою)тое, што і варушыць мазгамі (галавою) (гл. варушыць).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шля́хта, ‑ы, ДМ ‑хце, ж.

Гіст. Прывілеяванае саслоўе — дробнапамеснае дваранства — у Польшчы, Літве, на Беларусі ў 13 — пачатку 20 стст. Паходзілі.. чыноўнікі з асяроддзя заняпалай шляхты. Машара. У Польшчы шляхта мела больш правоў над сялянствам, і прыгоннае права ў ёй адчувалася мацней і праводзілася ў больш жорсткіх формах, чымся ў Вялікім Княстве Літоўскім. «Беларусь». // зб. Шляхцічы. Хадзіў.. [Лапінка да баптыстаў] часта, бо непрыхільна было сярод ганарыстай балоцкай шляхты. Брыль. Успомнілася і тое, як заляцаўся я да Стэфы, Лідзінай маткі, як прагнала мяне, мужыка, ганарлівая шляхта. Ваданосаў. Сябры баявыя разгрукалі шляхту Пад Аўгустовам і Гроднам. Панчанка.

[Польск. szlachta з стараж.-верхненям. slahta — род, парода.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шык, ‑у, м.

1. Раскоша; форс, элегантнасць. Ого! З шыкам жывеш! Можна пазайздросціць. Шамякін. [Жончына] заўсёднае сціплае і простае ўбранне нібы супярэчыла таму шыку, з якім апранаўся Луцкевіч. Машара. // Асаблівым паводзіны, манеры, разлічаныя на тое, каб паказаць сябе перад кім‑н. Казіная ножка — асаблівы шык і вызначае пераважна тых, хто служыць ва ўзводзе пешай разведкі. Навуменка. З пэўным шыкам, частуючы Косцю «Казбекам»,.. [Грушэўскі] падміргнуў: — Усе мы не без граха. Карпюк.

2. у знач. вык. Разм. Задавальняе ў вышэйшай ступені, з’яўляецца найлепшым. Цяпер па модніц люба глянуць: Уборы — шык, адменны густ!.. Бачыла.

[Фр. chic.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шыр, ‑ы, ж.

1. Шырыня, вялікія памеры ў шырыню. Крок у шыр, два крокі ўдоўж — усяе хады. Дзяргай. За лясамі, за іх палякамі — Ветраны, на ўсю шыр, прагон. Камейша.

2. Шырокая прастора. Не абняць, не змерыць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Прылад нямала змайстравана, Якімі вымеран сусвет: Зямная шыр, глыб акіяна, Шляхі да зор і да планет. Непачаловіч. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр. Глебка.

3. Тое, што і шырыня (у 3 знач.). Разгарні ты, люд рабочы, Сілу, волю ва ўсю шыр. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шырыня́, ‑і, ж.

1. Працягласць чаго‑н. у папярочніку. Без канца вялікі двор — Не акінуць яго вокам, Шырыня, разгон, прастор! Колас. Цяпер пад трактар плуг бы столямешны, Каб гнаць барозны шырынёю ў гоні. Аўрамчык. // Разм. Вялікі абшар, шыр. Завяду кола-круг, — Шырыня ды прастор, Ды паклічу падруг, Прыгажуняў сясцёр. Астрэйка.

2. Разм. Тое, што і шырата. Нью-Йорк, як вядома, знаходзіцца на шырыні Тбілісі. Новікаў.

3. перан. Уласцівасць шырокага (у 5, 6 знач.); рознабаковая дасведчанасць. План аперацыі захапіў камісара сваёй шырынёй і смеласцю. Мележ. Прыродная шырыня душы падказала Міхалу: адбылося незвычайнае. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

я́слі, ‑яў; адз. няма.

1. Кармушка для жывёлы ў выглядзе адкрытай драўлянай скрынкі на ножках або рашоткі, нахільна прымацаванай к сцяне. Зося хутка ўправілася з канём: распрагла, напаіла, завяла ў хлеў і падкінула ў яслі ахапак свежага дзяцельніку. Гартны. [Каня] вабіў да сябе цёплы хлеў з яслямі, поўнымі мурожнага сена. Новікаў.

2. Выхаваўчая ўстанова для дзяцей узростам да трох гадоў. Дзіцячыя яслі. □ [Маці:] А я ў полі прыбіраю Жыта ў перавяслы Ды сама сябе пытаю: Як мой сын у яслях? Колас. Сваю Настачку — Дзіцё тое — Нясу ў яслі я Раніцою. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ле́зіва1 ’плеценая з сырамяці вяроўка, якой бортнікі карыстаюцца, калі лазяць па дрэве да калод з пчоламі’ або ’вяроўка, на якой паднімаюць калоду пчол на дрэва’ (Эрэміч., Очерки, 8; рэч., Мат. Гом.), ле́зва ’тс’ (Маш.; гродз., Сл. паўн.-зах.), лельч., ельск. лезьва (Мат. Гом.). Ст.-бел. лезиво, лезыво (1507 г.). Укр. лезиво, лізиво, рус. лезиво (лезево), польск. leziwo ’лезіва’, а ў XVI ст. — ’борць’. Паўн.-слав. lěz‑ivo. Да лазіць, лезці (гл.). Няма патрэбы гаварыць пра запазычанне з польск., як сцвярджае Булыка (Лекс. Запазыч., 94).

Ле́зіва2 ’лязо’ (Нас.), ле́зьвіе, лезвіг, лезка ’тс’ (лаг., Шатал.; браг., Мат. Гом.; паўд.-усх., КЭС), лязо ’вострая частка рэжучай ці сякучай прылады’ (ТСБМ, Шат., Касп., Гарэц.; мін., Шн. 2, КЭС, лаг., Бяльк.), ’тонкая стальная пласцінка для галення’ (Сцяшк.), лэзо, лезо, лёзо ’вастрыё сякеры’ (Тарн.). Укр. ле́зво, уманск., валынск. ле́зо, харкаўск. лі́зко ’лязо’, рус. лез, лёз ’струг для апрацоўкі клёпак’, калін. ’вастрыё касы’, казан., ніжнегар., уладз. леза, лёза, іркуцк. лезвище ’вастрыё касы’, паўн.- і паўд.-рус. лезьё ’лязо’. Паводле Варбат (Этимология–1964, 41–43), гэты даволі позні прасл. дыялектызм генетычна суадносіцца з дзеясловамі lěztilaziti > лезці (гл.), семантыка якіх змянялася наступным чынам: ’паўзці, прабірацца’ > ’расчысціць, выраўняць, каб прайсці’ і ’узлезці, каб вычысціць, выразаць’ > ’рубаць, выраўноўваць, рэзаць’ > ’тое, што рэжа’. Застаецца няясным канец формы лезвіг. Іншыя менш імаверныя версіі гл. Фасмер, 2, 476.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лён, лянок ’валакніста-алейная расліна Linum usitatissimum L.’ (Нас., ТСБМ, Касп., Кл., Бес., Сцяшк., Бяльк., Шат., Яруш., Сл. паўн.-зах.), ’пража з ільну’ (Бяс., ТСБМ, КЭС, лаг.), ’кужаль’, ’льняное валакно на розных стадыях апрацоўкі’, ’гатаванае льняное семя, якое ўжываецца для прапіткі асновы’ (Уладз., Сл. паўн.-зах.). Укр. льон (лен, закарп. льон), рус. лён, польск. len (lan, lyn, lin, lyjn, lęn, ląn), палаб. lʼån, н.-луж. lan, в.-луж. len, чэш. len, славац. ľan, славен. lȃn, серб.-харв. ла̏н, макед. лен (lʼen, lъn), балг. лен, ле́нът, ц.-слав. льнъ ’тс’, ст.-слав. льнѣнъ ’льняны’. Прасл. lьnъ, якому адпавядаюць: літ. lìnas, linaĩ, лат. lins, lini, ст.-прус. linno, ст.-грэч. λίνον, алб. гег. lįni, ірл. līn ’сетка’, лац. līnum ’тс’, гоц. lein ’палатно’. Паводле Шрэдэра (Reallex, 1, 323) і Кастшэўскага (Sł. staroż. sł., 3, 42), ільнаводства было вядома індаеўрапейцам. Тое ж Слаўскі, 4, 150; Скок, 2, 266; Бязлай, 2, 123. Фасмер (2, 481) не выключае таксама і старажытнага культурнага запазычання. Махэк₂ (326) бачыць у гэтай лексеме рэшткі праіндаеўрапейскага субстрату. Сюды ж лённый ’ільняны, з ільну’ (Бяльк.), лёнішча ’поле, на якім рос лён’ (навагр., З нар. сл.; Сцяшк. Сл.), лёнок ’лянок, зарніца звычайная, Linaria vulgaris Mill.’ (Маш.), лёнок ’макрыца’ (ТС), бяроз. лёнык ’праснак з тоўчанага льнянога семя і мукі, які пяклі на Івана Купалу’ (Слав. і балк. фальклор, 141).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)