прыні́зіць, ‑ніжу, ‑нізіш, ‑нізіць; зак., каго-што.
1. Паставіць у зневажальнае становішча. [Мікітава] рашучая хада і выраз твару ясна казалі, што ён надумаўся зрабіць нешта такое, што павінна стварыць моцнае ўражанне і прынізіць тых, хто быў не згодзен з ім. Колас. [Міхал Сцяпанавіч:] — Мне вельмі балюча было глядзець і слухаць тое, як .. [Генадзь] гатовы быў плявузгаць на цябе абы-што, каб толькі прынізіць цябе і хоць на вяршок узвысіцца самому. Сабаленка. [Зыбіну] здавалася, што такая, як ён баяўся ў думках, шкалярская цікаўнасць прынізіць яго перад рабочымі, і ён стараўся ўдаваць з сябе чалавека заклапочанага, хмурнага. Мележ.
2. Зменшыць, знізіць (значэнне, ролю каго‑, чаго‑н.). Цяжка яму, Алесю, будзе, калі Адам Лаўрэнавіч падумае, што ўсё гэта падладжана знарок, каб прынізіць яго, Пыльца, аўтарытэт. Шамякін.
3. Пазбавіць узвышанасці, уздыму. Прынізіць настрой.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прычэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прычапляць — прычапіць (у 1 знач.).
2. перан. Разм. Зачэпка, прычына. Бярвенне — толькі прычэпка, галоўнае — дзяляначку новую выгаварыць. Лобан. Гарась вадзіў па хаце вачамі, хацеў знайсці яскравую прычэпку для гутаркі. Каваль.
3. перан. Разм. Несправядлівы дакор, дробязная, неістотная заўвага; прыдзірка. Брыгадзір хітра нейтралізаваў усе прычэпкі і наскокі вучня. Шамякін. Як хлопчыку даволі ўжо дысцыплінаванаму, не дужа прыкра было яму і ад прычэпак старога майстра Сеўрука. Гарэцкі. // Тое, да чаго можна прычапіцца, прыдрацца. І як ні біся, ні старайся, Хоць на кавалкі разрывайся, Прычэпку знойдзе [пан] і аблае, Яшчэ й пад носам наківае. Колас.
4. Спец. Нараст на паверхні пладоў некаторых раслін, з дапамогай якога яны чапляюцца за іншыя прадметы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
палі́тык, ‑а, м.
1. Палітычны дзеяч. Дальнабачны палітык. □ [Шафёр] кіўнуў галавой у бок парламента і кінуў кароткае слова: — Па-а-літыка!.. І тут жа, нібы схамянуўшыся і як бы апраўдваючыся, ён пачаў ужо зусім другім тонам: — Я не палітык... Мы людзі маленькія, у нас свае справы... Лынькоў. // Разм. Той, хто цікавіцца пытаннямі палітыкі, хто любіць пагаварыць, паразважаць аб палітыцы. Іван Васілёк — Танін бацька — палітык. Ён хоць і аднаасобнік, а выпісвае і чытае «Звязду». Васілевіч. Тут былі прадстаўлены ўсе катэгорыі арыштантаў: крымінальнікі і палітычныя, або, як называлі іх у турме, палітыкі. Колас.
2. Разм. Чалавек, які выяўляе такт і ўменне ў адносінах з іншымі людзьмі. Цімох Бабура быў хітры чалавек і тонкі палітык.. Да Высокім Доле ён пусціў моцныя карэнні. Колас.
3. Уст. Палітычны зняволены.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нізавы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які дзейнічае каля самай паверхні зямлі, вады і пад. Нізавы .. вецер гнаў пазёмку, ля кустоў і купін памятаў курганчыкі снегу. Асіпенка. Нізавы агонь хоць і бяжыць па зямлі, але ўсё-такі не-не ды і дакранецца да нізка звешаных галін, яны і ўспыхнуць. Гавеман.
2. Які знаходзіцца ў нізкім месцы. Нізавая дарога.
3. Спец. Які ўтварае ніжні ярус расліннага покрыва. Нізавыя травы.
4. Які размяшчаецца ў нізоўях ракі, па ніжняму яе цячэнню. Нізавыя парты.
5. Які звязаны непасрэдна з масамі, з народам; які абслугоўвае масы, народ. Нізавы друк. Нізавая арганізацыя. □ Ён, Шэлег, — .. нізавы работнік, доўгія гады працуе з людзьмі, якіх не назавеш анёламі. Навуменка. [У заяве] інжынер Ватулін, Валянцін Уладзіміравіч, прасіў абком партыі накіраваць яго на нізавую работу ў .. МТС. Лупсякоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прале́гчы, ‑ляжа; ‑лягуць; пр. пралёг, ‑лягла і ‑легла, ‑лягло і ‑легла; зак.
Прайсці, працягнуцца дзе‑н. (пра дарогу, сцежку, граніцу і пад.). Цяпер паміж дрэў праляглі дарожкі, на палянках з’явіліся спартыўныя пляцоўкі. Шыцік. Ды хоць на ўсходзе па лясах пралегла панская граніца, зямля, прыняўшы гэткі прах, ніколі не магла скарыцца. Вялюгін. // З’явіцца, абазначыцца, легчы. Светласці твару надаваў высокі, валікам завіты чуб над ілбом, на якім павуцінкай праляглі маршчынкі. Дуброўскі. І сама яна задумалася, і цень засмучэння пралез на яе маладым і свежым твары. Колас. / у перан. ужыв. [Марыя Андрэеўна] думала аб нечым сваім, і Туравец адчуў, як між іх пралягла нябачная мяжа. Мележ. [Мікалай Аляксеевіч] выразна, да болю адчуваў, што паміж яго ранейшым і цяперашнім жыццём пралегла рэзкая мяжа, і гэтая мяжа пачалася тут, у калгасе. Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прапанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; зак. і незак.
1. каго-што і з інф. Заявіць (заяўляць) аб гатоўнасці, жаданні памагчы, зрабіць паслугу, даць у чыё‑н. распараджэнне што‑н. Прапанаваць свае паслугі. □ Паходня прапанаваў мне пасяліцца ў яго, і я з удзячнасцю згадзіўся. Хадкевіч. Яўхім прапанаваў .. [Антосю] свайго каня, каб навазіць дроў. Чарнышэвіч.
2. што і з дадан. сказам. Выказаць (выказваць), унесці (уносіць) прапанову, параіць (раіць). Новы старшыня на праўленні прапанаваў: пакуль яшчэ падмерзлае балота трымае, на поле навазіць торфу! Карпюк. — Пагуляем сёння разам, — Прапануе ўсім Васіль. Ставер. // каго-што. Выставіць (выстаўляць) чыю‑н. кандыдатуру, рэкамендаваць. Прапанаваў кандыдатуру Дзіміна сам дырэктар, і таму яе лёгка падтрымалі, хоць Дзімін і адмаўляўся. Карпаў.
3. што. Даручыць (даручаць) выканаць. Прапанаваць цяжкую задачу.
•••
Прапанаваць руку (і сэрца) каму — прасіць стаць сваёй жонкай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паці́снуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
1. Пасунуцца, даючы месца каму‑н.; пацясніцца. Хлопцы паціснуліся, далі месца. Я прысеў, але піць не стаў, хоць мяне і прымушалі. Асіпенка. Практыканты паціснуліся, і Шыковіч сеў за шырмай. Шамякін. // Пасунуцца, наблізіцца да каго‑н. або адзін да аднаго. Дзяўчынкі пераглянуліся і паціснуліся боязна адна да аднае. Дуброўскі. // Пажыць у цеснаце, пацясніцца.
2. Пайсці куды‑н., да чаго‑н., ціснучыся, пераадольваючы перашкоды. З чамаданам у руках паціснуўся .. [Лабановіч] на станцыю ў густым патоку людскога тлуму. Колас. Леапольд Гушка пазнаў голас Паўла Няміры і ўбачыў, як ён паціснуўся праз натоўп да эстрады. Чорны.
3. Разм. Пабыць некаторы час у цеснаце. [Дзямід Сыч:] — Мы тут вырашылі клуба ў новым годзе не ставіць.. Паціснемся яшчэ год-два ў хаце-чытальні. Паслядовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
супа́сці, ‑падзе; пр. супаў, ‑пала; зак.
1. Адбыцца адначасова з чым‑н. Айчынная вайна, якая супала з маім юнацтвам,.. стала для мяне пачаткам актыўнага жыцця. Навуменка. Наш прыезд у Вільнюс якраз супаў са святкаваннем пяцігоддзя Савецкай улады ў Літоўскай ССР. Сяргейчык.
2. Аказацца агульным, аднолькавым; выявіць падабенства, адпаведнасць. Супалі і прозвішча, і завулак, у якім .. жыў [Толя], і ўсе іншыя прыкметы. Якімовіч. Паліца ўсё ж успамінала Васіля, хоць і без яго ведала, што ў вялікім калектыве будуць і людзі ўсялякія, па якіх трэба ўздзейнічаць, з якімі яе інтарэсы могуць і не супасці. Савіцкі.
3. Злучыцца, зліцца; аб’яднацца. Не знаў я, не ведаў Тады, як стаялі. Што мары дзяўчыны З маімі супалі. Арочка.
4. Сумясціцца ўсімі пунктамі пры накладанні (пра геаметрычныя фігуры, лініі).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сцёк, ‑у, м.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сцякаць — сцячы; цячэнне вады па нахіленай плоскасці. — У гэтым і ўся сутнасць, — сцвердзіў Пажытны. — Хоць траншэя тут асабліва, глыбокая, але затое дадзім вадзе сцёк. Сапрыка.
2. Спец. Колькасць вады, што сцякае ў раку, возера, акіян за пэўны перыяд. Нават прэснай вады на Зямлі больш чым даволі — з агульнага гадавога сцёку ўсіх рэк планеты можна яе выдаць кожнаму чалавеку па дзесяць тысяч кубаметраў. «Полымя».
3. Рышток, рына, раўчук і пад., па якіх сцякае вада. Пад лямант, што чуўся з пральні, ён ужо быў дабраўся да памыйнага сцёку сярод двара, калі яму сустрэлася другая прыкрасць. Брыль.
4. Уст. і спец. Маса вадкасці, якая сцякае адкуль‑н.; паток. Забруджванне ракі сцёкамі з прамысловых прадпрыемстваў забараняецца.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
тлу́мны, ‑ая, ‑ае.
1. Які прыводзіць да адурэння, пазбаўляе здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Тлумная работа. □ Кастусь стаміўся ад гаворак, ад тлумнай духаты, а таму з асалодай дыхаў свежым начным паветрам. Гаўрылкін. // Пазбаўлены здольнасці ўспрымаць, разумець што‑н. Юра пакруціў цяжкай, тлумнай ад катаванняў галавой і працадзіў скрозь зубы: — Ні слова... Ні слова... Бураўкін. // Незразумелы, небяспечны. Чаго яму [Хрысцюку] лезці ў гэтыя тлумныя справы! Зачэпіш яшчэ каго — бяды на сябе паклічаш. Дуброўскі.
2. Шумны, гаманлівы, неспакойны. Дасціпныя і праз меру адданыя канвойнікі наводзілі парадак у .. тлумным і стракатым натоўпе. Колас. У вагоне я доўга не мог заснуць — ці не таму, што нарэшце вырваўся з тлумнага горада, еду далей ад рэдакцыйнага клопату і дробных жыццёвых турбот, што буду, хоць і не надта доўга, вольны. Сачанка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)