Сугу́к ’зычны гук’ (Станк.). Як лінгвістычны тэрмін калька т. зв. культурных еўрапейскіх тэрмінаў, параўн. чэш. souhlaska, макед. согласка і пад., у аснове якіх лац. consonāns ’тс’ (Сной₂, 680); варыянт зычны або сугалосны гук (зык) ’тс’ (Некр. і Байк.) калькуе рус. согла́сный звук, у сцягненай форме параўн. славен. soglasnik, серб.-харв. сугласник ’тс’ (ESSJ SG, 1, 240). Да су- і гук, да семантыкі параўн. сугу́чны ’калі гук да гуку пасуе’ (Варл.), г. зн. ’які вымаўляецца разам з галосным’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сурду́т ’мужчынская двухбортная вопратка з доўгімі поламі, якая цесна аблягае цела’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Гарэц., Ласт., Шн. 3), ’мужчынскае верхняе адзенне’, ’верхняе мужчынскае адзенне з самаробнага сукна’ (Скарбы), сурду́к ’тс’ (Нас., Жд. 3), сурду́шчык ’верхняе святочнае адзенне з тонкага сукна на ватнай падкладцы’ (ашм., Малч.). З польск. surdut ’тс’, якое з франц. surtout ’тс’ (Кюнэ, Poln., 100). Форма з ‑к, магчыма, пад уплывам рус. сюрту́к ’тс’, адкуль, відаць, і беласт. суртук ’тс’ (Вруб.), або сарда́к, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сухапёрам ’мыць бялізну пры дапамозе праніка’ (мядз., Нар. сл.), сухопі́рам ’праць бялізну, не замачваючы яе’ (пін., З нар. сл.), сухо́пірна ’тс’ (Варл.), адсюль, відаць, і сухо́перна ’нечакана’: баба сухоперна памерла (Касп.), г. зн. не хварэючы. Укр. сухо́перкі ’аб мыцці бялізны без замочвання’, сухо́перний ’памыты такім спосабам’. Да сухі і праць, гл. У першым слове ё < е з формы прэзенса з пераходам у о пад націскам; у другім слове ‑і‑ падаўжэнне ‑ь‑ з формы *pьrati (Варбат, Морфон., 60–61).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сі́ліць ‘прымушаць’ (Нас., Кас.), ‘адольваць, натужвацца’ (Сцяшк. Сл.), сі́ліцца ‘тужыцца, напружвацца’ (Сл. ПЗБ), сюды ж сі́лець ‘дужаць’ (Ян.), ст.-бел. силити ‘прымушаць’: питье жь закону не силѧть (Альтбаўэр). Вытворнае ад сі́ла (гл.), параўн. сілава́ць ‘сілком прымушаць рабіць’ (Ласт., Ян., ТС).

Сілі́ць1 ‘падмацоўваць сілы ежай’, сілі́цца ‘падмацоўвацца ежай’ (Нас., Шымк. Собр.). Да сі́ла (гл.).

Сілі́ць2 ‘душыць’, сі́ліцца ‘душыцца’, ‘вешацца’ (ТС). Да сіло́ ‘пятля’ (гл.), параўн. укр. сили́ти ‘завязваць вузлом’; развіццё семантыкі таксама пад уплывам сіла (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Таму́ ’па гэтай прычыне, вось чаму’, ’з гэтай (такой) мэтай’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Ласт.), ’з той прычыны’ (Бяльк.), том ’тс’ (гродз., Рам. Мат. Гр. 1). Укр. тому́, рус. потому́, ст.-польск. temu. З прасл. *tomu — адвербіялізаванай формы Д. скл. (т. зв. давальны прычыны і мэты) указальнага займенніка *tъ ’той’. Параўн. адвербіялізаваную форму М. скл. *ро tomъ, гл. по́тым (ESSJ SG, 2, 683; ЕСУМ, 5, 596). Скарочаная форма, паводле Карскага (2–3, 420), пад уплывам чом, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тарата́йка ’лёгкая павозка на двух колах’ (ТСБМ, Некр. і Байк.), ’разбітая, старая брычка’ (Скарбы), ’лёгкая выязная каляска’ (Сцяшк.), тарата́йка ’балбатун’ (жытк., Жыв. НС). Укр. тарата́йка ’лёгкі вазок на двух колах’, дыял. ’расхістаная мэбля; дзіцячая цацка’, рус. тарата́йка ’лёгкі вазок’, балг. разм. і дыял. тарата́йка ’старая павозка’, макед. таратайка ’тс’. Мяркуюць, што можа быць звязана з таранта́с, гл. (Фасмер, 4, 23; ЕСУМ, 5, 518); аднак, несумненна, звязваецца з гукапераймальнымі па паходжанні словамі тарата, таранда, таранта і пад., гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Ташне́ць, тошне́ць ’ныць, млець’: тошняць мое ногі (ТС), сюды ж ташні́ць ’нудзіць, гідзіць’ (ЛА, 3), тошны́ты ’тс’ (Арх. Вяр.), тошніт ’цягне на ваніты’ (Вруб.), н.-луж. tešniś ’трывожыць, маркоціць’, у аснове якіх прасл. *tъšьnъ‑jь (гл. тошна), адносна пераходу sk > š гл. Шустар-Шэўц, 1572, параўн. таскніць, таска, гл. Шырокае распаўсюджанне формы ташні́ць і пад., якая на ўсёй тэрыторыі Беларусі сустракаецца побач з ну́дзіць, гі́дзіць, сведчыць аб уплыве рускай мовы, параўн. рус. тошни́ть ’цягнуць на ваніты’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Труб ‘ крык, гвалт’, тру́бес ‘галашэнне, моцны плач’ (ТС). Няясна; магчыма, паходзяць ад ням. trüben ‘засмучаць, азмрочваць’, ‘муціць, каламуціць’, trüb, trübe ‘маркотна, журботна’, trübsal ‘гора, смутак, жаль, туга, журба, маркота’; пранікненне іх адбылося, відаць, праз ідыш, параўн. ід. trojb ‘труба’ (Астравух, Ідыш-бел. сл.). Гл., аднак, у Скарыны Празникъ Трубъ — яўрэйскае свята, калі пад гукі труб адбывалася ахвярапрынашэнне (ГСБМ). Параўн. таксама разм. труба́ ‘гібель, пагібель’ (ТСБМ), трубе́ц ‘канец, капцы’ (ТС), збліжэнне з якімі магло ўплываць на семантыку слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Тру́бачка ‘лодка, выдзеўбаная з тоўстай асіны’ (падзв., Нар. сл.; мёрск., Жыв. НС), ‘вузкая рыбацкая лодка’ (Касп.), тру́пка ‘лодка, выдзеўбаная з калоды’ (беш., Нар. сл.). Параўн. рус. астрах. труба́ ‘выдзеўбаная лодка-душагубка’. Да труба1, аднак матывацыя наймення не зусім зразумелая. Магчыма, першапачаткова ў аснове ляжалі *trupa, *trupъ, параўн. каш. trëpa ‘гнілое, трухлявае дрэва’, ст.-рус. трупъ ‘ствол дрэва’, чарнаг. труп ‘пень’ і пад., у далейшым набліжаныя да труба ‘цыліндрычны пустацелы прадмет’, гл. SEK, 5, 166, 176.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трубе́ль ‘трубач; той, хто трубіць’ (валож., ашм., Стан.). Рэдкае словаўтварэнне з суф. ‑ель назоўнікаў у якасці назвы асобы, “схільнай да пэўнага дзеяння” (Сцяцко, Афікс, наз., 38), магчыма, пад уплывам літоўскага суф. ‑ėlis, параўн. Атрэмбскі, Gramatyka, 2, 119. Да труба1 (гл.); поўнае фармальнае супадзенне па паходжанні з в.-луж. trubjel ‘поўнае сцябло’, ‘комін’, гл. Шустар-Шэўц, 1535; параўн. таксама н.-луж. tšubal ‘труба’, чэш. trouble ‘комін’, што дае падставы для рэканструкцыі прасл. *trǫbjel ‘трубка’ (Сной₂, 785).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)