стра́та 1, ‑ы, ДМ страце, ж.

1. Згуба чаго‑н., знікненне каго‑, чаго‑н. Страта працаздольнасці. Страта апетыту. Страта зроку. □ Сусед, які ўкраў у суседа каня, гэта для Маргунка крайняя ступень страты чалавечай годнасці. Куляшоў. // Урон у сувязі са смерцю каго‑н. блізкага, дарагога, вядомага. Смерць вучонага — вялікая страта. □ Памёр ляснічы наш!.. — То пойдзем, браце, Паплачам хоць па сваёй страце. Колас. Дачка расла бойкая, разумная. Яна як бы ўзнагароджвала іх за страту старэйшага сына, які загінуў на фронце. Хадкевіч. // звычайна мн. (стра́ты, страт). Тое, што страчана ў час ваенных дзеянняў (пра людзей, тэхніку і пад.). Хоць страты роты былі вялікія, але фашысты не прайшлі, падаспелі нашы танкі, і контратака нямецка-фашысцкіх войск захлябнулася, іх супраціўленне было зламана, фашыстаў выбілі з умацаванняў і пагналі на захад. Гурскі. Усё: і пакуты, і страты, І грозныя дні ў барацьбе Пазналі героі-салдаты За нас — За мяне і цябе. Кірэенка.

2. Тое, што страчана; прапажа. Раптам страта знайшлася — у аднаго пасажыра было два білеты: зліпліся згорнутыя паперкі, дык не заўважылі. Марціновіч. О, як ён [Вандроўнік] рад быў зноў, калі Сваю пабачыў страту! І Хлебу нізкі, да зямлі, Аддаў паклон, як брату. Танк. // Нястача чаго‑н. Так... хоць зямлі свае нямнога, Але ўсё ж лепей, як нічога. А збудзь яе — пачуеш страту. Колас.

3. звычайна мн. (стра́ты, страт). Безгаспадарчыя выдаткі. Многія гаспадаркі дрэнна выкарыстоўваюць тэхніку, дапускаюць марудлівасць на ўборцы і тым самым дапускаюць страты збожжа. Машэраў. Што значыць зжаць жыта за шэсць дзён замест месяца? Не будзе страт, павялічыцца ўраджай на два-тры цэнтнеры з гектара. Дуброўскі.

•••

Увесці ў страту гл. увесці.

Цярпець страту гл. цярпець.

стра́та 2, ‑ы, ДМ страце, ж.

У буржуазнай сацыялогіі — грамадская групоўка людзей, аб’яднаных пэўнай агульнай сацыяльнай рысай (маёмаснай, прафесіянальнай, адукацыйнай і г. д.), якая проціпастаўляецца класу (у 2 знач.) як паняццю марксісцкай сацыялогіі.

[Лац. stratum — слой.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стро́іць 1, строю, строіш, строіць; заг. строй; незак.

1. што. Разм. Рабіць, майстраваць. Хто цягнуў з лесу жэрдзе для стаўбоў, хто ўвіхаўся з сухастоінаю — ялінаю, апрацоўваючы яе на рубель, хто строіў кассё, хто майстраваў да парога ці да калодкі бабку. Гартны.

2. што. У думках ствараць, намячаць, накідваць (планы, здагадкі і пад.). Каля Гнілога балота пастануць часамі дзядзькі, глядзяць, мяркуюць, праекты строяць. Колас. Вечарамі іншы раз, сабраўшыся сям’ёй за чаем,.. [Кудзіны] строілі планы на будучае, і ў гэтых планах цэнтральнае месца належала ёй, Марынцы. Хадкевіч. / у паэт. ужыв. Да працы ўсе, хто чуе сілу, Пад сцяг Чырвоны, Вольны сцяг! Капайце ворагам магілу, К Камуне стройце вольны шлях. Чарот. // Ладзіць, рабіць (прычоску). Марыйка ўзнімае галаву, падхоплівае рассыпаныя па плячах кучаравыя валасы, падыходзіць да люстэрка і пачынае строіць мудрагелістую прычоску. Ус.

3. што. Разм. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі ўтварае спалучэнне са значэннем дзеяння ў залежнасці ад сэнсу назоўніка. І .. [бродаўцы] ўсе ў адзін мах: — Яўгена!!! — Не трэба хітрыкаў строіць. Баранавых. Над ёю [Марысяй] схілілася і строіла вясёлыя грымасы Ліна. Хомчанка.

4. каго-што. Ставіць у строй (у 1 знач.). Строіць полк.

•••

Смешкі строіць — насміхацца, смяяцца з каго‑н.

Строіць вочкі каму — какетліва паглядваць на каго‑н.

Строіць дурня — прыкідвацца дурнем.

Строіць дурня з каго — выстаўляць каго‑н. дурнем.

Строіць жарты (жарцікі) — жартаваць з каго‑н., насміхацца над кім‑н.

Строіць з сябе каго — прыкідвацца кім‑н., імкнуцца выдаць сябе за каго‑н., кім‑н.

Строіць камедыю — тое, што і ламаць камедыю (гл. ламаць).

Строіць кепікі (кпіны) — смяяцца, пакепліваць з каго.

Строіць міну — тое, што і рабіць міну (гл. рабіць).

стро́іць 2, строю, строіш, строіць; зак., каго-што.

Зрабіць трайным, размясціць, злучыць па тры, у тры разы, у тры столкі. Строіць рады. Строіць ніці. □ [Бадзягін:] — Заўтра ўсе як адзін павінны выйсці на ўборку. Здвоіць, строіць коней і працаваць на жняярках. Федасеенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сці́плы, ‑ая, ‑ае.

1. Які не любіць падкрэсліваць свае заслугі, хваліцца сваімі справамі; пазбаўлены ганарыстасці. На высокім пасту .. [Барашкін] аказаўся сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч. А сціплага, не кідкага да славы Мітрафана ўпачатку зусім бянтэжыла: пасёлак сталі называць яго імем. Ракітны.

2. Стрыманы ў паводзінах, абыходжанні, словах; не развязны, прыстойны. Але Юля — сціплая. Яна не кінецца адразу: «Я!..», а пачакае, пакуль мама не перапытае: «Дачушка, няўжо гэта ты сама так зрабіла?» Гарбук. Я хлопец сціплы і не нахабны, можна сказаць, сарамлівы і нясмелы. Чарнышэвіч. Уся сям’я Сядых была надзвычай працавітая і сціплая ў сваіх паводзінах. Рамановіч. // Які не прад’яўляе вялікіх патрабаванняў, задавольваецца малым. У гэтых словах — уся Хрысціна, простая, сціплая дзяўчына, якая ўсёй душой палюбіла сваю нялёгкую працу. Кухараў.

3. Які сведчыць аб стрыманасці, памяркоўнасці ў паводзінах, размове; які выказвае такую стрыманасць, памяркоўнасць. Аглянуўшыся, .. [Маша] ўбачыла добрую, сціплую ўсмешку Васіля. Шамякін. Заўсёды сціплы і прыемны выраз дзедавага твару здаецца цяпер не проста злосным, а нават драпежным. Брыль.

4. Які нічым не вылучаецца, просты; звычайны; без прэтэнзій на раскошу. [Слава:] — Вяртаючыся дамоў, я збіраў сціплыя паўночных кветкі: маленькія рамонкі, незабудкі. Бяганская. Вяселле справілі сціплае — не вяселле, а вечар з пачастункам на кватэры ў Кудзіных. Хадкевіч. // Звычайны, радавы. [Толь:] — Пасада ў вас [Дземідзецкага] павінна аставацца сціплая. Новікаў. // Не яркі. Пры сціплым падсвечванні маладзіка Багдан спачатку пазнаў сваіх коней з брыгады, а тады ўжо стаў углядацца ў чалавека, што быў пры конях. Кулакоўскі. // Ціхі, не рэзкі. Я чую сціплы шолах вольхі І як, зліваючыся з ім, Гул правадоў высакавольтных Плыве над лесам залатым. А. Александровіч. Далёка чуваць, як пад дугой патрэньквае сціплы званочак. Брыль.

5. Нязначны, невялікі; абмежаваны, сярэдні. Сціплая зарплата. Сціплыя патрабаванні. □ Планы ў Журко былі вельмі сціплыя. Савіцкі. Спробы вярнуць [хлопчыка] Раму ў чалавечае асяроддзе ўвянчаліся вельмі сціплымі поспехамі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узве́сці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце, ‑вядуць; зак., каго-што.

1. Ведучы, дапамагчы або заставіць узысці, падняцца наверх чаго‑н. Узвесці на гару. Узвесці на ганак. □ [Загорскі] проста і натуральна падаў .. [імператрыцы] руку, каб узвесці на кілім, што вёў да сабора. Караткевіч. Зялёнка падвалок .. [Валодзьку], узвёў па табурэтку, пачаў размахваць чорны шнур. Карпюк. / Пра судны. Трэба ўзвесці баржы на грэбень пераката якраз у самым глыбокім месцы. «Звязда». // Вывесці, прывесці куды‑н. Вечар разам са мной На вяршыню ўзышоў, На якую ўзвяла нас Дарога крутая. Танк. Палявая дарога ўзвяла на бальшак. Перад Надзяй ва ўсёй шырыні адкрылася Калінаўка. М. Ткачоў. / у перан. ужыв. Пніцкі стараецца ўзвесці .. [Нахлябіча] па думку, што ніколі пра яго ён .. дрэнна не думаў. Чорны. // Узняць (вочы, позірк і пад.) на каго‑, што‑н.; паглядзець уверх. [Чарноцкі] ажывіўся, падняў галаву, на момант узвёў на .. [Ярашэвіча] вочы. Чорны. Сядзіць пан Богут у тамленні І вочы ўзвёў на абразы. Колас.

2. Прывесці зброю ў гатовае да выстралу становішча. Узвесці курок. Узвесці пісталет. □ Не спыняючыся, Пеця ўзвёў аўтамат і націснуў на гашэтку. Сіняўскі.

3. Збудаваць, пабудаваць, паставіць. Узвесці палацы. Узвесці помнік. □ Пабудуюць .. [будаўнікі] новыя цэхі завода, узвядуць яшчэ нямала новых дамоў. Кулакоўскі. А далей глядзі — дзяўчаткі тыя Дваццаць вёснаў ходзяць па зямлі, А ўжо іх рукі залатыя Больш паловы Мінска ўзвялі. Панчанка.

4. перан.; у каго-што. Узвысіць да якога‑н. стану, звання. Узвесці ў ранг заслужанага дзеяча навукі. // Надаць чаму‑н. іншае або вельмі важнае значэнне. Узвесці ў крымінал. Узвесці ў закон. Узвесці ў абсалют.

5. перан. Прыпісаць каму‑н. што‑н. заганнае, адмоўнае, дрэннае; несправядліва абвінаваціць. Узвесці паклёп. □ [Бабейка:] — Няўжо, калі часам узвядуць на мяне якую небыль, ты не закінеш слова, Сямён Іванавіч? Хадкевіч.

6. У матэматыцы — памножыць які‑н. лік (або алгебраічны выраз) на той самы лік (або выраз) указаную колькасць разоў. Узвесці ў квадрат. Узвесці ў пятую ступень.

•••

Узвесці на след — навесці на след, удаць, выдаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ула́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Права кіравання дзяржавай; форма палітычнага кіравання, панавання. Прыйсці да ўлады. Савецкая ўлада. □ Мір і братанне!.. Улада — Саветам, Шахты — рабочым, Сялянам — зямля. Глебка. // Права і паўнамоцтва дзяржаўных органаў. Заканадаўчая ўлада. Выканаўчая ўлада. □ Усебеларускі з’езд Саветаў аб’явіў, што вышэйшай уладай у рэспубліцы з’яўляецца з’езд Саветаў. «Весці».

2. Кіруючыя дзяржаўныя органы; урад. Саветы — сапраўдная народная ўлада, якая дала народу мір, зямлю і свабоду. Галавач. У будынку райвыканкома Коршак праводзіў нараду з падпольшчыкамі, арганізуючы ў гарадку часовую ўладу. Хадкевіч. // толькі мн. (ула́ды, улад). Асобы з урадавымі паўнамоцтвамі; начальства. [Грузчыкаў] не пускалі на прычал, бо там ужо знаходзіліся належныя ўлады і праводзілі.. следства. Лынькоў.

3. Права і магчымасць распараджацца, кіраваць дзеяннямі, паводзінамі, лёсам каго‑н. Улада старшыні праўлення. Бацькоўская ўлада. □ [Тапурыя:] — «Вольны! — кажа князь, — адпу[ск]аю цябе з-пад свае ўлады сваім княжым словам!» Самуйлёнак. Пазней, калі хворы прыкметна пачаў ачуньваць, я, надзелены ўладай галоўнага ўрача, выканаў яго просьбу і забараніў штодзённыя наведванні яго блізкімі... Васілевіч. [Ірына] раптам адчула, што мае нейкую ўладу над Салаўёвым. Шахавец. / у перан. ужыв. Абуджаюць павагу і самавітыя рухі разліўшчыка, яго спакойна-засяроджаны твар, яго ўлада над агністым металам. Карпаў.

4. перан. Сіла, магутнасць, моцны ўплыў чаго‑н. Улада пачуццяў. Улада зямлі. □ Я пакораны ўладай тваёй, чараўніца-вясна. Звонак.

•••

Перавышэнне ўлады — выкарыстанне правоў, паўнамоцтваў у большай, чым дазволена законам, ступені (пра службовых асоб).

Ва ўладзе; пад уладай чаго — пад уздзеяннем, пад уплывам чаго‑н. І не дарма ж на Палессі Чуў ад сталых я галоў, Што ў жыцці мы, як у лесе — Пад уладай нейкіх слоў. Колас. Прапахла ружамі машына, А я, ва ўладзе ўспамінаў, Смяялася, закрыўшы вочы, Са шчасця баючыся збочыць. Вярба.

Ваша ўлада — рабіце, што хочаце; ваша справа.

Сваёй уладай — на аснове права, дадзенага каму‑н.

Стаць ва ўладзе (на чале ўлады) гл. стаць.

Траціць уладу над сабой гл. траціць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́рань, ‑і, ж.

1. Белыя рыхлыя крышталікі, формай падобныя на сняжынкі, якія нарастаюць пры значным марозе і тумане на галінах дрэў, дроце і пад. Ляжыць зямля ў адзенні белым, І дрэвы ў шэрані стаяць. Колас. За акном — пабеленае шэранню голле яблыняў. Рылько. У шэрані былі гарадскія скверы, тэлеграфныя слупы, правады. Бялевіч. // Тонкі слой крышталяў лёду, якія ўтвараюцца на паверхні зямлі і прадметах на ёй пры рэзкім пахаладанні. У тыя дні, пасля ласкавага веснавога сонца, раптам пекануў мароз і ўкрыў шэранню траву, што пачала была весела зелянецца на грудах. Лецка. Зямля пакрылася шэранню, пасівела і чакала, калі сонца паднімецца вышэй і кіне промні на палі, лугі, дарогі. Федасеенка. // Ападкі ў выглядзе снегу. Уперадзе была ўсё тая ж снежная шэрань; не сціхаў вецер. Кандрусевіч. Калі ўжо сталі падкошвацца ногі і хлопец спалохаўся, што ўпадзе, побач з снегавой мітуслівай шэрані выплыў нейкі чорны скальны абломак. Быкаў. // Туман з халодным дробным, у выглядзе пылу, дажджом; імжа. У мокрай шэрані ледзь-ледзь вырысоўваліся будынкі Старыцы. Хадкевіч. [Сцяпан] убачыў сцірту, асеўшую, але яшчэ ладную і падобную на аграмадны хлебны бохан, бярозы ў жоўтым восеньскім убранні, якое скрозь шэрань дажджу выдавала рудаватым. Савіцкі. // Смуга выпарэнняў у халодную сырую пагоду. У маразы.. [неба] часцей цямнее, лілавее, пакрываецца шэранню. Карпаў. Над балотамі мяккай нерухомай шэранню рассцілаўся туман. Пестрак.

2. перан. Сівізна. Змізарнеў [Гаруноў], твар выцягнуўся, на скронях прабілася шэрань. Дуброўскі.

3. Змрок, цемра. Пасярод двара, насупраць студні, над якой у перадранішняй шэрані чарнее высокі журавель, стаяць калёсы. Навуменка. Пад сховаю начной шэрані брыгада хутка набліжалася да фронту. Мележ. Жаўтавата-белы сноп святла ад фары разразаў лёгкую шэрань ліпеньскай ночы, выхопліваў з яе прысады. Асіпенка.

4. Шэрая афарбоўка чаго‑н.; шэрасць. Сонца не відно, недзе заблыталася ў аднастайнай шэрані хмар. Гамолка. Вунь сярод саламянай шэрані стрэх вылучаецца бляха школы. Сабаленка. / у перан. ужыв. Толькі на ростані ўявілася яму [Ігнасю] цалкам уся шэрань будзёншчыны, з усімі сваімі цяжкасцямі і горам. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

му́зыка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.

1. Галіна мастацтва, якая адлюстроўвае рэчаіснасць у гукавых мастацкіх вобразах. Гісторыя музыкі. Беларуская музыка. □ Усе галіны мастацтва, і музыка ў тым ліку, вырашаюць складаную і пачэсную задачу — удзельнічаюць у выхаванні новага чалавека, чалавека, закліканага да будаўніцтва камуністычнага грамадства. Шырма. // Твор або сукупнасць твораў такога мастацтва. Музыка Глінкі. Інструментальная музыка.

2. Выкананне твораў гэтага мастацтва на інструментах. Аднекуль з парка да слыху далятала прыглушаная далечынёй музыка, а ва ўяўленні паўставалі іншыя мясціны. Хадкевіч.

3. перан. Прыемнае для слыху гучанне чаго‑н. Шум калаўрота і ціхая музыка слоў родзяць шчаслівыя ўспаміны. Брыль. Гэй ты, дуб стары, Вартаўнік лугоў! Аддае твой шум Спевам-музыкай. Колас. // Сукупнасць якіх‑н. гукаў. Кусты і трава, абмытая росамі, слухалі звонкую музыку крышталёва-чыстага патоку. Самуйлёнак. // Іран. Пра гукі, якія непрыемна дзейнічаюць на слых, раздражняюць яго. Не скрыпяць вароты Марцінавай пуні, якія, як .. вядома, заўсёды заводзяць сваю музыку. Бядуля.

4. Разм. Музычны інструмент. — Тэрмінова прасіў [хлапчук мой] прывезці гэтую музыку — ён кіўнуў на акардэон. Ракітны. // Аркестр. Духавая музыка. Палкавая музыка. □ Хутка з песнямі і музыкай на машынах, у санях, на вазках пачалі пад’язджаць да школьнага двара выбаршчыкі з суседніх калгасаў. Васілевіч.

5. перан. Разм. Якая‑н. добра арганізаваная, наладжаная справа. [Сухадольскі:] Ты што ж гэта план зрываеш? [Угараў:] Не я, Павел Міхайлавіч. [Сухадольскі:] Як жа не ты? Шэсць машын хто затрымаў?.. Нам гэтыя шэсць машын усю музыку сапсуюць. Крапіва. // Аб чым‑н. турботным, недарэчным, заблытаным. Абрыдла мне ўся гэта музыка. □ [Макей Філатавіч:] — Ды я, калі вы хочаце, маўчаў увесь час, .. вы першыя пачалі ўсю гэту музыку, а цяпер на мяне ўзвярнуць хочаце. Чорны.

•••

Класці на музыку гл. класці.

[Грэч. musikē.]

музы́ка, ‑і, ДМ ‑ку, м.

Разм.

1. Музыкант. Музыка не спяшаючыся сеў, закінуў нагу на нагу, збіў на левае вуха шапку-вушанку, падміргнуў Пецю, шырока расцягнуў чырвоныя мяхі тальянкі. Сіняўскі. Музыкі ігралі адну з лепшых беларускіх полек, і ўсё ў хаце х[о]дыр[а]м хадзіла. Гарэцкі.

2. толькі мн. (музы́кі, ‑аў). Танцы. Брыгадзірава жонка, спрытная вельмі на язык, пачынае: — Яніна недаспала сёння.. [Яніна:] — З музыкаў позна прыйшла. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падхапі́ць, ‑хаплю, ‑хопіш, ‑хопіць; зак., каго-што.

1. Схапіўшы або абхапіўшы рукамі, падняць, падтрымаць. — Ну, а ты, сын? — бацька падхапіў на рукі Даніка. — Чым жа добрым ты парадуеш сям’ю? Даніленка. Ускрыкнула, пахіснулася маці. Падхапілі яе дзеці, пасадзілі на лаўку. Місько.

2. Схапіць у момант палёту, падзення; злавіць. Я, кінуўшы вудзільна, хацеў падхапіць .. [рыбіну] рукамі, але паслізнуўся і потырч паляцеў у ваду. Ляўданскі. Аксана адвярнулася, пазіраючы нібыта ў бок вёскі, слязу няпрошаную хуценька падхапіла хусткай. Кавалёў.

3. Рэзкім, паспешлівым рухам узяць, прыхапіць мімаходам з сабой. Калі хлопцы прыйшлі на пагулянку, моладзь ужо танцавала. Мікіта з парогу падхапіў дзяўчыну, закруціўся. Дуброўскі. І калі побач упаў, скошаны варожай куляй таварыш, Павел падхапіў яго вінтоўку і пабег наперад... Кухараў. // перан. Разм. Узяць з сабой у якасці падарожнага. [Мужчына:] — Нідзе не чуваць было, каб хлапчук такі загінуў.. Я ж усё яго шукаў, жывога ці мёртвага. Ёсць яшчэ надзея, што яго маглі падхапіць на сваю машыну чырвонаармейцы. Чорны. // Захапіць сілай руху і пад. Снегавы пыл заблішчаў на сонцы, вецер падхапіў яго, закруціў над платформай і памчаў за вагоны... Савіцкі. Імклівыя воды ракі падхапілі.. [човен] і шпарка панеслі ўніз па цячэнню. Федасеенка.

4. Разм. Набыць, знайсці, займець. Станіслаў дастаў з клунка некалькі кавалкаў беконнай свініны, з прораззю, завэнджанай.. — Дзе ты гэтулькі падхапіў бекону? — здзівіўся Юрчанка. Гурскі. Эміль Клебер.. падхапіў сабе жонку, маладую асобу, але даволі практычную ў справах хатняй гаспадаркі. Чорны. // Атрымаць, схапіць якую‑н. хваробу. — Ну, а ты, навабранец, дзе жаўтуху падхапіў? — звярнуўся .. [доктар] да мяне. С. Александровіч. Паслухаўшы маё цяжкае дыханне,.. [фельчар] здзіўлена запытаўся, дзе я мог падхапіць двухбаковае запаленне лёгкіх. Рамановіч.

5. Прадоўжыць, падтрымаць пачатае другім. Падхапіць пачын. □ Маці параіла зрабіць з савы чучала, і дзеці з радасцю падхапілі гэтую прапанову. Пальчэўскі. Спярша працавалі моўчкі, потым нехта кінуў жарт, яго падхапілі, засмяяліся. Хадкевіч. // Разм. Пераняць, запазычыць што‑н. чужое. [Маладога] слухаюць і патураюць яму.. Нават ужо і слова яго падхапілі, якое ён часта гаворыць. Чорны. [Цэйта] дзесьці падхапіла раманс, якога, здаецца, у мястэчку ніхто не ведаў. Сташэўскі.

6. Пачаць падпяваць. Калі ўваходзілі ў пасёлак, Ніна зноў заспявала.. Мы весела падхапілі песню, і яна паляцела, нібы птушка, у дажджліва-туманныя прасторы. Бяганская.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

паласа́, ‑ы; мн. палосы, палос і палосаў; ж.

1. Тонкі доўгі кавалак якога‑н. матэрыялу (металу, тканіны, паперы і пад.). Доўгая паласа паперы звесілася ў акне рэдакцыі. Гартны. Там было поле са старой прысадзістай арабінай, у якой была адарвана разам з паласой кары да самай зямлі тоўстая галіна. Чорны.

2. Доўгая, параўнальна вузкая частка якой‑н. прасторы, паверхні, якая вылучаецца чым‑н. Дрэвы пачалі радзець, між стваламі зашарэла паласа берага. Мележ. Уздоўж лесу вузкай паласой цягнецца гнілое балота. Гамолка. / Аб чым‑н. такім, што набыло выцягнутую прадаўгаватую форму. Закурылі. У шызых палосах дыму .. лямпа гойдалася, як на хвалях. М. Стральцоў. // Доўгая вузкая рыса, лінія. На кошыку была шырокая рознакаляровая паласа. Мяжэвіч. Праз усю Мінскую вобласць, праз Палессе, праз Піншчыну і далей, на Баранавічы, працягнулася па карце цэлая паласа чырвоных флажкоў — шлях партызанскага рэйду. Лынькоў. // Вузкі, доўгі след ад чаго‑н. Гімнасцёрку на плячах перакрыжавалі дзве вільготныя паласы ад лямак парашута. Алешка.

3. Раён, пояс, зона, якія адрозніваюцца ад суседніх з імі раёнаў, паясоў, зон. Чарназёмная паласа. Паласа стэпаў. □ Хто з вас з сярэдняй паласы, той ведае апошнія зімовыя завірухі. Шамякін. // Участак, тэрыторыя, дзе што‑н. адбываецца, якія ахоплены чым‑н. у адрозненне ад акаляючай мясцовасці. Прыфрантавая паласа. Пагранічная паласа. □ Гэты палкоўніцкі маёнтак быў у паласе вайны, але ад фронту даволі яшчэ далёка. Чорны. [Васіль і Аксана] трапілі ў паласу абстрэлу... Кавалёў.

4. Нешырокі ўчастак ворнай зямлі. Раней кожны з нас паасобку калупаўся на сваёй паласе. Брыль.

5. перан. Прамежак часу, перыяд, які адрозніваецца чым‑н. ад папярэдняга і наступнага. [Валя] была ўзбуджана сваімі маладымі гадамі, пачаткам новай паласы ў сваім жыцці. Чорны. // Перыяд у настроі, унутраным стане чалавека. Мастак.. перажыў паласу змрочнага адчаю. «Беларусь».

6. Набраная або аддрукаваная старонка газеты, кнігі, часопіса. Рэдактар чытаў толькі што прынесеныя з друкарні палосы заўтрашняга нумару газеты — гэта была яго штовячэрняя работа. Хадкевіч.

•••

Паласа адчужэння — участак пэўнай шырыні ўздоўж чыгункі або шашы, які знаходзіцца ў падпарадкаванні дарожных упраўленняў.

Узлётна-пасадачная паласа (на аэрадромах) — доўгі ўчастак пэўнай шырыні, дзе адбываецца ўзлёт і пасадка самалётаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

палатно́, ‑а; мн. палотны, палотнаў, палацён і палоцен; н.

1. Гладкая льняная тканіна асобага перапляцення (звычайна белая), а таксама баваўняная, шаўковая ці сінтэтычная тканіна падобнага перапляцення. Кужэльнае палатно. Зрэбнае палатно. Штапельнае палатно. □ Маці кужаль прала пры лучыне. На расе маёвай палатно бяліла. Барадулін. Вольга падала.. [Зараніку] чысты ручнік з грубаватага льнянога палатна. Хадкевіч. // Сувой такой тканіны. У сенях стаяла скрыня Матроны. У гэтай скрыні былі схаваны яе лепшыя рэчы: адзенне, палотны, абрусы, рублёў дваццаць срэбра і дзве залатыя пяцёркі. Колас.

2. Вялікі шырокі кавалак якой‑н. тканіны. Насупроць дзвярэй.. стаяў стол, накрыты чырвоным палатном. Асіпенка. // Пра вялікі ліст паперы і пад. Папяровае палатно трапляе на сушыльную частку машыны, дзе яно высыхае, разгладжваецца і накручваецца на вал. Рунец. // У жывапісе — кавалак матэрыі палатнянага перапляцення, на якім пішуцца карціны (звычайна алейнымі фарбамі). Зіна больш не працавала на пякарні. Яна ад раніцы да ночы размешвала фарбы і нацягвала палатно на падрамнікі. Нядзведскі. Мастак, чалавек ужо немалады, невысокі і лысы, вязе з сабою вялізнае палатно, нацягнутае на раму, мальберт і эцюднік з пэндзлямі і фарбамі. В. Вольскі.

3. Карціна мастака (звычайна на матэрыі асобага перапляцення). Джордж Лоўрэнс у гэты час быў даволі прыкметнай велічынёй сярод чыкагскіх мастакоў. Яго палотны мелі поспех на апошняй выстаўцы. Васілевіч. // Пра літаратурны або музычны твор, які дае шырокую карціну чаго‑н. Сцэнарый [фільма] ўяўляе сабой шырокае эпічнае палатно. Б. Стральцоў.

4. Праезная паверхня дарогі; дарожны насып. Шаша была мёртвай. Яе пакарабачаная пасля зімы палатно, здавалася, правісала між двух узгоркаў. Асіпенка. Пешаходнай сцяжынкі ля дарогі няма, ісці па палатне дарогі небяспечна — могуць забіць ці знявечыць машыны. Новікаў. // Чыгуначная лінія, насып чыгункі. Праз шкляныя дзверы балкона відаць вакзал і палатно чыгункі. Сяргейчык. Паабапал чыгуначнага палатна цягнуўся рэдкі жухлы хмызняк. Васілёнак.

5. Спец. Паласа, стужка, якая складае частку пэўнага механізма. Палатно транспарцёра.

6. Спец. Плоская тонкая частка якога‑н. інструмента, прылады. Тонка і працяжна звініць цыркулярка, самавіта шастаюць палотны піларамы. Ракітны. Перахапіў [Толік] далонню палатно касы на сярэдзіне, каб лягчэй было падтачыць, і — ужо глушэй азвалася рэха: Шах! Шах! Шах! Капыловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)