му́зыка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.
1. Галіна мастацтва, якая адлюстроўвае рэчаіснасць у гукавых мастацкіх вобразах. Гісторыя музыкі. Беларуская музыка. ▪ Усе галіны мастацтва, і музыка ў тым ліку, вырашаюць складаную і пачэсную задачу — удзельнічаюць у выхаванні новага чалавека, чалавека, закліканага да будаўніцтва камуністычнага грамадства. Шырма. // Твор або сукупнасць твораў такога мастацтва. Музыка Глінкі. Інструментальная музыка.
2. Выкананне твораў гэтага мастацтва на інструментах. Аднекуль з парка да слыху далятала прыглушаная далечынёй музыка, а ва ўяўленні паўставалі іншыя мясціны. Хадкевіч.
3. перан. Прыемнае для слыху гучанне чаго‑н. Шум калаўрота і ціхая музыка слоў родзяць шчаслівыя ўспаміны. Брыль. Гэй ты, дуб стары, Вартаўнік лугоў! Аддае твой шум Спевам-музыкай. Колас. // Сукупнасць якіх‑н. гукаў. Кусты і трава, абмытая росамі, слухалі звонкую музыку крышталёва-чыстага патоку. Самуйлёнак. // Іран. Пра гукі, якія непрыемна дзейнічаюць на слых, раздражняюць яго. Не скрыпяць вароты Марцінавай пуні, якія, як .. вядома, заўсёды заводзяць сваю музыку. Бядуля.
4. Разм. Музычны інструмент. — Тэрмінова прасіў [хлапчук мой] прывезці гэтую музыку — ён кіўнуў на акардэон. Ракітны. // Аркестр. Духавая музыка. Палкавая музыка. ▪ Хутка з песнямі і музыкай на машынах, у санях, на вазках пачалі пад’язджаць да школьнага двара выбаршчыкі з суседніх калгасаў. Васілевіч.
5. перан. Разм. Якая‑н. добра арганізаваная, наладжаная справа. [Сухадольскі:] Ты што ж гэта план зрываеш? [Угараў:] Не я, Павел Міхайлавіч. [Сухадольскі:] Як жа не ты? Шэсць машын хто затрымаў?.. Нам гэтыя шэсць машын усю музыку сапсуюць. Крапіва. // Аб чым‑н. турботным, недарэчным, заблытаным. Абрыдла мне ўся гэта музыка. ▪ [Макей Філатавіч:] — Ды я, калі вы хочаце, маўчаў увесь час, .. вы першыя пачалі ўсю гэту музыку, а цяпер на мяне ўзвярнуць хочаце. Чорны.
•••
Класці на музыку гл. класці.
[Грэч. musikē.]
музы́ка, ‑і, ДМ ‑ку, м.
Разм.
1. Музыкант. Музыка не спяшаючыся сеў, закінуў нагу на нагу, збіў на левае вуха шапку-вушанку, падміргнуў Пецю, шырока расцягнуў чырвоныя мяхі тальянкі. Сіняўскі. Музыкі ігралі адну з лепшых беларускіх полек, і ўсё ў хаце х[о]дыр[а]м хадзіла. Гарэцкі.
2. толькі мн. (музы́кі, ‑аў). Танцы. Брыгадзірава жонка, спрытная вельмі на язык, пачынае: — Яніна недаспала сёння.. [Яніна:] — З музыкаў позна прыйшла. Мурашка.