круці́ць, кручу́, кру́ціш, кру́ціць; кру́чаны; незак.

1. каго-што. Вярцець па крузе.

К. сячкарню.

К. кран.

2. чым. Паварочваць з боку ў бок.

К. галавой.

3. што. Звіваючы, вырабляць, скручваць што-н.

К. перавяслы.

К. папяросу.

4. каго-што. Звязваць, сцягваць.

К. рукі назад.

5. каго-што і без дап. Уздымаючы, прыдаваць віхравы рух чаму-н.

Вецер круціць пыл.

Мяцеліца круціць.

6. Хітрыць, не даваць прамога адказу (разм.).

Гэты чалавек праўду не гаворыць, а круціць.

7. Караючы, цягаць за вушы, валасы (разм.).

К. сына за вуха.

8. перан. Распараджацца па-свойму, камандаваць кім-н.

Мужам круціла так, як хацела (разм.).

9. з кім. Быць у любоўных адносінах з кім-н. (разм.).

10. што. Свідраваць дзіркі ў чым-н.

11. перан., звычайна безас. Прычыняць рэзкі боль.

Цэлы дзень круціць, усё ломіць.

|| зак. скруці́ць, скручу́, скру́ціш, скру́ціць; скру́чаны (да 3 і 4 знач.).

|| аднакр. крутну́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ і крутану́ць, -ну́, -не́ш, -не́; -нём, -няце́, -ну́ць; -ні́ (да 1 і 2 знач.).

|| наз. кручэ́нне, -я, н. (да 1, 3, 5, 8 і 9 знач.).

|| прым. круці́льны, -ая, -ае (да 3 знач.; спец.).

Круцільная машына.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

не́сці¹, нясу́, нясе́ш, нясе́; нясём, несяце́, нясу́ць; нёс, не́сла і нясла́, не́сла і нясло́; нясі́; не́сены; незак.

1. каго-што. Узяўшы ў рукі, нагрузіўшы на сябе, перамяшчаць, дастаўляць куды-н.

Н. чамадан.

2. каго-што і без дап. Імкліва рухаць, перамяшчаць сілай свайго руху.

Вецер нясе па небе хмары.

3. каго-што (толькі ў 3 ас.). Прымушаць каго-н. ісці куды-н.; цягнуць (разм.).

Куды цябе нясе?

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Дзьмуць, павяваць, месці (пра халоднае паветра, завіруху і пад.).

Ад акна несла (безас.) холадам.

5. пераважна безас. Моцна пахнуць (у 1 знач.).

Нясе гарам.

6. перан., што. Выконваць якія-н. даручэнні, абавязкі па службе і пад.

Н. адказнасць.

Н. ахову.

Н. вахту.

7. перан., што. Пакутаваць ад чаго-н.; мець страты.

Н. пакаранне.

Н. страты.

8. перан., што. Гаварыць што-н. недарэчнае, бязглуздае (разм.).

9. перан., што. Мець, змяшчаць у сабе; быць носьбітам чаго-н.

Н. радасць людзям.

10. што. Быць аснашчаным чым-н.

Карабель нясе шэсць гармат.

|| зак. пане́сці, -нясу́, -нясе́ш, -нясе́; -нясём, -несяце́, -нясу́ць; -нёс, -не́сла і -нясла́, -не́сла і -нясло́; -не́сены.

П. кару.

П. страты.

|| наз. нясе́нне, -я, н. (да 6 знач.) і но́ска, -і, ДМ но́сцы, ж. (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ця́жкі, -ая, -ае і цяжкі́, -а́я, -о́е.

1. Які мае вялікую вагу або з грузам вялікай вагі.

Чамадан быў вялікі і ц.

Конь ледзь цягнуў ц. воз.

2. Пазбаўлены лёгкасці, хуткасці (пра паходку, рух і пад.).

Нехта набліжаўся цяжкімі крокамі.

3. Які робіць уражанне вялікай вагі; густы, непразрысты.

Цяжкія хмары.

4. Масіўны, грувасткі, вялікі.

Вуліца была забудавана цяжкімі гмахамі.

5. Які нялёгка зразумець; складаны, няясны (пра стыль, мову і пад.).

Аповесць напісана цяжкім стылем.

Ц. пераклад.

6. Моцны.

Ц. ўдар.

7. Які патрабуе высілкаў, нялёгкі для выканання; турботны, складаны.

Ц. абавязак.

Цяжкае жыццё.

Цяжкія часы.

8. Моцны, балючы, глыбокі.

Цяжкая крыўда.

Цяжкая страта.

9. Які доўга і дрэнна ператраўліваецца (пра ежу).

10. Пра ступень хваробы: моцны, небяспечны.

Цяжкая хвароба.

Ц. стан параненага.

11. Які прыносіць клопат, турботы каму-н.

Ц. характар.

12. Змрочны, невясёлы, сумны.

Ц. настрой.

Цяжкія думкі.

13. Удушлівы, непрыемны (пра паветра, пах і пад.).

Ц. дух.

Цяжкая атлетыка — комплекс фізічных практыкаванняў па падыманні цяжараў.

Цяжкая вада — ізатопная разнавіднасць вады, у якой звычайны вадарод часткова або поўнасцю заменены цяжкім вадародам.

Цяжкая прамысловасць — прамысловасць па вырабе сродкаў вытворчасці.

Цяжкія металы — металы з удзельнай вагой звыш 5 грамаў.

|| наз. ця́жкасць, -і, ж.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

чыта́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; чы́таны; незак.

1. што і без дап. Адрозніваць і спалучаць літары ў словы, успрымаць што-н. напісанае, надрукаванае літарамі; вымаўляць для тых, хто слухае, што-н. напісанае, надрукаванае.

Ч. па складах.

Бегла ч.

Ч. унукам казку.

2. каго-што і без дап. Знаёміцца са зместам чаго-н. напісанага або надрукаванага (з якім-н. творам, аўтарам і пад.); атрымліваць звесткі з кніг, часопісаў і інш.

Ч. аповесці Васіля Быкава.

Ч. энцыклапедыю.

Хлопчык многа чытае.

3. што. Разумець, разбірацца ў якіх-н. знаках, абазначэннях.

Ч. ноты.

Ч. чарцяжы.

4. што і без дап. Па знешніх прыкметах распазнаваць, угадваць што-н. (перажыванні, думкі і пад.).

Ч. чужыя думкі.

Ён чытаў у яе вачах страх.

5. што. Пераказваць які-н. тэкст на памяць.

Ч. на памяць байкі.

6. што. Выкладаць вусна перад аўдыторыяй.

Ч. лекцыі.

Чытаць мараль (натацыі, павучанні) — гаварыць з кім-н. строгім тонам, робячы вымову, дакараючы за што-н.

|| зак. прачыта́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е; -чы́таны.

|| наз. чыта́нне, -я, н., чы́тка, -і, ДМ -тцы, мн. -і, -так, ж. (да 1—3 знач.) і прачыта́нне, -я, н. (да 1, 2, 5 і 6 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адасла́ць, адашлю́, адашле́ш, адашле́; адашлём, адашляце́, адашлю́ць; адашлі́; -сла́ны; зак.

1. што. Паслаць, адправіць што-н. каму-н.

А. грошы сыну.

2. каго. Адправіць, накіраваць каго-н. куды-н. з якой-н. мэтай па якой-н. прычыне.

А. дзяцей у вёску.

3. каго (што). Прапанаваць звярнуцца куды-н., дзе можна знайсці даведку; зрабіць спасылку на каго-, што-н.

А. чытача да першакрыніцы.

4. што. Адправіць назад пасланае, вярнуць.

А. назад бандэроль.

|| незак. адсыла́ць, -а́ю, -а́еш, -а́е.

|| наз. адсыла́нне, -я, н. і адсы́лка, -і,

ДМ -лцы, ж.

|| прым. адсы́лачны, -ая, -ае (да 3 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ма́йстар, -тра, мн. -тры́, -тро́ў, м.

1. Спецыяліст у якім-н. рамястве, у якой-н. галіне вытворчасці.

М. па абутку.

Выдатны м.

2. Кіраўнік асобнага ўчастка вытворчасці, цэха.

Зменны м.

3. Чалавек, які дасягнуў высокага майстэрства ў сваёй справе.

М. жывапісу.

4. Званне, якое прысвойваецца выдатным спартсменам, а таксама асоба, якая мае такое званне.

М. спорту.

5. на што і з інф. Аб лоўкім, здатным да чаго-н. чалавеку (разм.).

М. на розныя штукі.

|| ж. майстры́ха, -і, ДМы́се, мн. -і, -ры́х (да 1 і 5 знач.).

|| прым. майстро́ўскі, -ая, -ае.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

апо́шні, -яя, -яе.

1. Канцавы ў шэрагу чаго-н.

А. дзень заняткаў.

А. ў чарзе.

У а. раз.

2. Адзіны, астатні.

Раздзяліць а. кавалак хлеба.

3. Які толькі што з’явіўся, самы новы.

А. нумар часопіса.

Апошнія паведамленні.

Апранацца па апошняй модзе.

4. Канчатковы, беспаваротны, рашаючы; вышэйшы, крайні.

Апошняе слова.

А. сродак.

5. Зусім дрэнны, самы горшы (разм.).

Лаяць апошнімі словамі.

6. Гэты, толькі што названы (кніжн.).

Зайшла адна жанчына, затым другая, апошняя — з дзіцём.

7. наз. апо́шняе, -яга, н. Тое адзінае, што засталося.

Гатовы з чалавекам апошнім падзяліцца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

газ¹, -у, мн. га́зы, -аў, м.

1. Рэчыва, малекулы якога не звязаны паміж сабой і якое здольна распаўсюджвацца па ўсёй даступнай яму прасторы, раўнамерна яе запаўняючы.

Кісларод — гэта г.

2. Газападобнае паліва, а таксама абагравальныя, асвятляльныя прыборы, якія працуюць на такім паліве.

Кватэра з газам.

Выключыць г.

3. мн. Газападобныя страўнікавыя выдзяленні.

4. звычайна мн. Баявыя атрутныя газападобныя рэчывы.

Даць газ(у) (разм.) — паскорыць рух, павялічыць паступленне гаручага.

На поўным газе — на самай вялікай скорасці.

|| прым. га́завы, -ая, -ае (да 1, 2 і 4 знач.).

Газавая пліта.

Газавая атака (з прымяненнем атрутных газаў). Г. рухавік.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

го́лы, -ая, -ае; гол, -а.

1. Не апрануты, не прыкрыты адзеннем.

Голая спіна.

2. Без расліннага або валасянога покрыва.

Г. чэрап.

Голыя дрэвы.

3. Нічым не пакрыты, не прыкрыты.

Голыя сцены.

Спаць на голым ложку.

4. перан. Узяты сам па сабе, без тлумачэнняў, без дадаткаў.

Голыя лічбы.

Голыя факты.

5. Без прымесей, чысты.

Г. пясок.

6. перан. Бедны.

Балявалі, пакуль голы сталі (прыказка).

Гол як сакол — вельмі бедны, які нічога не мае.

Голы як бізун — пра вельмі беднага чалавека.

Голы як бубен (разм.) — пра голае, без расліннасці месца.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

абысці́ся, абыду́ся, абы́дзешся, абы́дзецца; абышо́ўся, -шла́ся, -шло́ся; абыдзі́ся; зак.

1. Задаволіцца тым, што ёсць; здолець пражыць без каго-, чаго-н.

Без іх абыдземся.

2. Так ці інакш паставіцца да каго-, чаго-н.

А. па-людску з чалавекам.

Несправядліва абышліся з супрацоўнікам.

3. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Запатрабаваць пэўных расходаў, якіх-н. затрат.

Паліто нядорага абышлося.

4. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Закончыцца добра, без непрыемнасцей; уладзіцца.

Усё абышлося добра.

|| незак. абыхо́дзіцца, -джуся, -дзішся, -дзіцца і абхо́дзіцца, -джуся, -дзішся, -дзіцца.

|| наз. абыхо́джанне, -я, н. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)