Ка́даўб ’драўляная пасудзіна, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка драўніны’ (БРС, ТСБМ; чэрв., З нар. сл.; Мат. Гом., Сержп. Грам., Шат., Янк. 2), ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (глус., Янк. 2; Яшкін, вусн. паведамл.), ’калдобіна на дарозе’ (глус., Янк. 2), ’чыстая вада, азярцо на балоце’ (ельск., Яшк.), ’нізінка, лагчынка са стаячай вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл.), кадаўп ’комін’ (стаўбц., З нар. сл.); кадаўб ’жывот, страўнік’ (гродз., З нар. сл.); кадаўба ’бочка, выдзеўбаная з дрэва’ (Гарэц., З нар. сл., Касп., Мат. Гом.), ’ступка’ (ветк., Мат. Гом.) ’сажалка’, ’выбоіна’, ’кар’ер’ (Мат. Гом.); кадаўбец ’пасудзінка, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’ (БРС, ТСБМ, Сержп. Грам.), ’пасудзіна, куды зліваюць мёд’ (слуц., КЭС); кадалбец ’глыбокая яма ў рацэ, на лузе з вадой’ (Яшкін, вусн. паведамл. — спасылка на палес. запісы Талстога); кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ (глус., Яшк. 2). Укр. палес. кадавба, кадовб ’вялікая бочка’, укр. кадуб, кадівб, кадіб ’вялікая бочка, якая ўжывалася для захоўвання збожжа або мукі, капусты і да т. п.’; рус. смал. кадолба ’калода для сцякання вады, асабліва крынічнай; выдзеўбаная з дрэва бочка; ліпавая кадка без дна, устаўленая ў крыніцу; пра лянівую жанчыну, якая любіць паспаць’, зах.-бран. кадаўба, кадаўбіна, кадоўбіна ’невялікая ямка, запоўненая дажджавой вадой; выбоіна на дарозе’, польск. kadłub ’выдзеўбаная, пустая ў сярэдзіне калода’, ’пасудзіна з суцэльнага кавалка дрэва’, ’кашэль з кары’, ’тулава’, дыял. ’выдзеўбаная калода, якая ўстаўляецца замест калодзежнага зруба; выдзеўбаная калода, якая ўжываецца ў якасці станка жорнаў’; дыял. kadłubek ’крыніца’. Ст.-польск. kadłub ’выдзеўбаны пень дрэва’ фіксуецца з XV ст., славін. kadłu̇b ’тулава’, н.-луж. (арх.) kałub ’выдзеўбаны пень’, в.-луж. kadołb ’камінок над лучынай’, чэш. kadlub ’вялікая пасудзіна, звычайна выдзеўбаная з пустога пня; форма для адліўкі’, ’калодка’, kadluba ’калодзежны зруб’, валаш. kadłb ’выдзеўбаная калода для збожжа’, ’гусіная тушка без крылаў і шыі’, ’грудная клетка’, славац. kadlụb ’рэзервуар для вады, выдзеўбаная калода’, Міклашыч (108), Бернекер (1, 467), а за імі іншыя аўтары (Слаўскі, 2, 16–17; Трубачоў, Эт. сл., 9, 113–114) далучаюць да разглядаемай групы слоў яшчэ і рус. дыял. калдоба, колдоба, колдобина, бел. калдобіна і да т. п, якія, як лічыцца, з’яўляюцца метатэзнымі формамі ад кадолба і пад. Што датычыць паходжання разглядаемых слоў, то можна выказаць наступныя меркаванні. Праславянскай гэту групу слоў лічыць нельга, паколькі адсутнічаюць паўд.-слав. паралелі; рус. гаворкі, па сутнасці, іх таксама не ведаюць. Слаўскі (2, 17) узнаўляе форму *kadḷbʼъ, у якой другая частка — да прасл. *dḷbʼti ’дзяўбці’. Структурную і семантычную паралель для такой этымалогіі можна знайсці ў бел. маг. кадыр ’пасудзіна для збожжа, мукі, выдзеўбаная з суцэльнага кавалка дрэва’, якое выглядае як вытворнае ад ка‑ і ‑derь < dьrati або ад прэфіксальнага дзеяслова. Этымалогія слова кадоўб, прапанаваная яшчэ Міклашычам, 108, не прымалася аднагалосна; Траўтман (Göttingische gelehrte Anzeigen, 1911, 258) і Фасмер (RS, 4, 164) меркавалі пра кампозіт kadь + dьlb; Брандт (РФВ, 22, 139) і Сабалеўскі (Slavia, 5, 444) прапанавалі kolodьlba; укр. зах. колодовбина ’выбоіна, ухаба’ зафіксавана ў слоўніку Жэляхоўскага; па сутнасці, той жа аргумент можна прывесці і ў другім выпадку (значэнне ’калдобіна, каляіна’ неабходна было б лічыць першапачатковым, што неверагодна). Фасмер (2, 287) адмовіўся ад ранейшай этымалогіі, Трубачоў (Эт. сл., 9, 113–114) аднаўляе форму ж. р. *kadьlba і м. р. *kadьlbъ, пры гэтым дыскусійным застаецца пытанне, як разумець першую частку кампозіта (ka‑). Ён раздзяляе погляды Фасмера на гэту праблему і лічыць, што ka‑ суадносіцца з пытальным займеннікам *kъto. Слаўскі (2, 17) супраць такога параўнання і мяркуе аб сувязі пейаратыўнага ka‑/ko‑ з прыназоўнікам і ўзмацняльнай часціцай ‑ka (‑ko, ‑kъ). Калі меркаваць аб магчымым дзеяслоўным словаўтварэнні (параўн. прыклады пад кавярзень), можна прапанаваць гіпатэтычную форму ko‑dьlbati, з якой ka‑ утвараецца па вядомай мадэлі. Відавочная сувязь з *dьlbati можа пацвярджацца ўскосна яшчэ і такімі прыкладамі, як укр. кадовбина ’невялікая палонка’, бел. глус. кадаўб (калдобіну на дарозе паўбівалі), кадаўбіна ’ўпадзіна на дарозе’ і інш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кале́ка1 ’чалавек, які страціў якую-небудзь частку цела або здольнасць валодаць ёю ці наогул мае які-небудзь фізічны недахоп’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас., Сержп. Прымхі, Сцяшк. МГ, Шат.). Сл. паўн.-зах. адзначае ў гродз. і зах.-брэсц. гаворках, пры гэтым у окаючай гаворцы (бяроз.) адзначана форма колека; ТС фіксуе слова ў шэрагу пунктаў, не падаецца яно Ян. Укр. каліка, рус. калека, дыял. і літар. польск. kaleka, kalika, чэш. мар. kalik, славац. kalik. У зах.-слав. мовы запазычана з усх.-слав. (Слаўскі, 2, 27). Формы з ‑i‑ ў зах.-слав. мовах могуць адлюстроўваць або ўкр. фанетыку, або ўсх.-слав. з ‑и‑ (калика) і, магчыма, сюды не адносяцца. Польск. kaleka з бел. мовы, як, магчыма, і літ. уст. koliekà ’тс’. Слова лічыцца запазычаным з усходу з тур.-перс. kalak ’скалечаны, абязвечаны’, іншыя называюць тур. kalik ’няпоўны; якога не хапае; які мае недахопы; недахоп, пропуск; рэшткі’. У сучаснай тур. мове ёсць і значэнне ’векавуха’. Гл. Фасмер, 2, 166; Слаўскі, 2, 27. Першая форма наогул не засведчана, другая не бездакорная з боку семантыкі. Апрача таго, не вельмі ясна, якім шляхам слова трапіла ва ўсх.-слав. мовы. Жураўскі (Тюркизмы, 81) адносіць ст.-бел. калека да цюркізмаў. Там жа (88–89) слова адносіцца да ліку тых, якія папоўнілі беларускі тэзаўрус у XVI ст. у выніку найбольш інтэнсіўных сувязей Вялікага княства Літоўскага з Крымскім ханствам. Магчыма, гэта і так, паколькі ў помніках рус. пісьменнасці слова не адзначаецца. Шанскі (2, К, 25) далучае да гэтых слоў антрапонім Калѣка Карпъ Даниловичъ з Пскоўскага I летапісу, адзначанага пад 1341 г., аднак прыклад гэты вельмі двухсэнсоўны. У той жа час няма нейкіх прыкмет таго, што ў ст.-бел. мове гэта слова не з бел. гаворак, а з цюрк. моў. Ва ўсякім разе ў гаворках слова ведаюць дастаткова добра і, відаць, даўно, аб гэтым сведчыць пранікненне яго на захад. Калі лексема сапраўды цюркізм, крыніцу неабходна шукаць у цюрк. мовах і гаворках, якія геаграфічна кантактавалі з усх.-слав. мовамі. Аднак цюркская версія не задавальняла шэраг аўтараў, а альтэрнатыўныя версіі не пераконваюць (ні сувязь з лац. cadūcus праз італ. caluco ’бедны, жабрацкі’, ні з ц.-слав. клосьнъ ’кульгавы’, балг. дыял. клосан, ’пакалечаны’, арм. kał ’паралізаваны, кульгавы’, гоц. halts ’кульгавы’) як небездакорныя ў розных адносінах. Таксама нельга прыняць спробу Шанскага, ЭИРЯ, VII, 132, вытлумачыць слова на ўсх.-слав. глебе як уторанае з прэфіксам ка‑. Параўн. яшчэ каліка (гл.).

Кале́ка2 ’рыба мянтуз, Lota’ (ваўк., Бір. Працы ІМ, 6, Бяльк., Дэмб.; полак., Жук., З нар. сл.; Мядзв., Нас.; бых., Рам.; круп., Сл. паўн.-зах.; ваўк., Сцяшк.), ’рыба ёрш’, таксама ў форме калечка (Мат. Маг.), ’рыба падкаменшчык, Cottus gobio’ (Жук.); з такім значэннем ёсць і ў суседніх рус. рост., смал. калека і калечка ’мянтуз’, фактычна беларускае. Апрача гэтага, Даль з паметай чарнамор. падае калѣка ’мянтуз’. Статус апошняга няясны, відаць, ніяк нельга разглядаць гэту фіксацыю як сведчанне аб яшчэ адным арэале распаўсюджання слова. Не выключана, што суадносіцца з калека1, ва ўсякім раз« менавіта такое народнаэтымалагічнае асэнсаванне назвы ёсць і заснавана на нейкіх спецыфічных прыкметах гэтай рыбы. Паводле геаграфіі — беларуская інавацыя. Калі прымаць прапанову Голуба–Копечнага, 227, адносна чэш. mnik ’дробная рыба’, можна вельмі асцярожна меркаваць, што назва калека магла адлюстроўваць тую ж семантыку. Параўн. у рус. дыял. дражнілцы: «Калечина‑малечина, много часов до вечера?», дзе як быццам суаднесены дэрываты ад калека і асновы мал‑. Аднак менавіта па семантычнаму крытэрыю гэта версія ўступае папярэдняй. Яшчэ аб адной магчымасці тлумачэння сведчыць дэфініцыя ў рукапісным слоўніку Мядзведжага: «калека… з печані якога здабываецца тлушч, які ўжываецца ў якасці лекаў», аднак мадэль утварэння, якую можна выкарыстоўваць для данага выпадку, не вельмі ясная. Спецыфічная геаграфія (у асноўным паўночныя і ўсходнія гаворкі) і адсутнасць слова ў паўднёвых не выключаюць магчымасці запазычання слова з балтыйскай (прыбалтыйска-фінскай?) крыніцы, аднак інфармацыі, каб пацвердзіць такую думку, у нас няма. Не выключана таксама, што слова неабходна суаднесці з слав. каlъ (гл. кал).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

рука́, ‑і, ДМ ‑руцэ; мн. рукі, рук, ж.

1. Верхняя канечнасць чалавека ад плечавога сустава да канца пальцаў. [Гаспадыня] прысеўшы на кукішкі, накладала сабе на руку пасечаныя Валодзем дровы. Арабей. // Гэтая ж канечнасць ад запясця да канца пальцаў; кісць. На чорным фоне адзежы белая рука з адтапыраным пальцам была вельмі выразна белая, як мармуровая. Чорны. — Дзякую, — сказаў Бярозін і шчыра паціснуў руку Шусту. Шчарбатаў. // Пярэдняя канечнасць у малпы. / у перан. ужыв. Аднойчы ранкам непадалёку ад нас падняў у неба сваю магутную руку вежавы кран. Гарбук. З гора замахае доўгімі рукамі, Быццам папярхнуўшыся мукой, вятрак. Танк.

2. Верхняя канечнасць чалавека як прылада працы. — Вы ў такім стане, што я не магу вам дазволіць рабіць аперацыю. Для гэтага патрэбна спакойная рука... Шахавец. — Кожнаму чалавеку даецца права абрабляць зямлю сваімі рукамі, — заўважыў Іваніцкі. Мурашка. // След, вынік чыёй‑н. дзейнасці. Ва ўсім адчувалася вока і руплівая рука добрага гаспадара. «Беларусь». Ва ўсім відаць клапатлівую дзявоцкую руку. Мурашка.

3. толькі мн. (ру́кі, рук). Людзі, якія выконваюць работу; рабочая сіла, работнікі. А лішнія калгасныя рукі паехалі на зарабаткі. Баранавых. Але вядома, браце мілы: Тут рукі трэба, сілы, сілы, А іх няма, заўважце самі. Колас.

4. толькі адз. Манера пісьма, почырк; стыль. І ў тым і ў другім творы відаць рука аднаго аўтара. Шкраба.

5. перан. Пра чалавека, краіну і пад., як уладу над кім‑н., як уладальніка чаго‑н. [Тапурыя:] — Пакутаваў бы ты пад гаспадарскай рукой да старасці год. Самуйлёнак. Хата стаяла тая ж самая і на тым жа месцы, але людзі, якія цяпер жылі ў ёй — маці Ціхамірава прадала хату, як сабралася ехаць гады праз два пасля вайны ў Сібір, — не ведалі Ціхаміра, бо гэта былі ўжо нават не дубраўцы, а прыезджыя, і хату яны куплялі таксама з другіх рук. Чыгрынаў.

6. Ва ўскосных склонах з прыназоўнікамі, а таксама з азначэннямі «правая», «левая», ужываецца ў значэнні: старана, бок. Па правай руцэ цягнуўся ельнік уперамешку з маладымі хвоямі. Колас. З правай рукі, на поўдні, грымела таксама. Брыль.

7. перан. Ужываецца для абазначэння ўласцівасці і якасці характару чалавека. Жалезная рука. Цвёрдая рука. □ Пакуль калгас быў малы, у ім усё ішло ўсталяваным ладам, да таго ж у старшыні ў раёне была шчодрая рука. Дуброўскі.

8. толькі адз. Разм. Пра чалавека, які можа пасадзейнічаць, аказаць пратэкцыю, падтрымку каму‑н. [Таркайла:] — З’явіліся нейкія людзі.. Заб’юць. Было ўжо так. Ніхто не скардзіцца. У іх, кажуць, у судзе рука. І вам не раю, калі часам атрымаеце... Караткевіч. — Што яму, пану, зробіш? Ён дзе ні пайшоў — усюды ў яго свая рука... Якімовіч.

9. толькі адз. Ужываецца ў некаторых спалучэннях у значэнні: згода на шлюб з кім‑н. Калі будавалася [Міхаліна], не было адбою ад леснікоў і шафёраў: кожны халасты прапаноўваў сваю руку, угаворваў выйсці замуж. Ракітны. Прыйшоў не насмяяцца, а прасіць яе [Раісы] рукі. Гроднеў.

10. У вінавальным склоне адз. л. з прыназ. «пад» і азначэннем. Азначае стан, настрой і пад. Пад гарачую руку. Пад п’яную руку.

•••

Рабочыя рукі — рабочыя, рабочая сіла.

Абедзвюма рукамі трымацца гл. трымацца.

Абедзвюма рукамі ўхапіцца гл. ухапіцца.

Абы з рук — абы-як, недабраякасна (рабіць што‑н.).

Адбівацца рукамі і нагамі гл. адбівацца.

Адбіцца ад рук гл. адбіцца.

Адваліліся рукі — прапала ахвота (што‑н. рабіць).

Адмахвацца рукамі і нагамі гл. адмахвацца.

Ад рукі — рукой (пісаць, чарціць і пад.).

Ад рук і ног адстаць гл. адстаць.

Апусціць рукі гл. апусціць.

Астацца без рук гл. астацца.

Без рук — не дакранаючыся; не б’ючы.

Без рук, без ног — а) ляжаць нерухома, не валодаючы ні рукамі, ні нагамі; б) быць вельмі стомленым пасля доўгай хады, цяжкай працы і пад.

Браць (узяць) голымі рукамі гл. браць.

Браць ногі ў рукі гл. браць.

Браць (узяць) сябе ў рукі гл. браць.

Браць (узяць) у рукі каго-што гл. браць.

Валіцца з рук гл. валіцца.

Выпусціць з рук гл. выпусціць.

Выпусціць лейцы з рук гл. выпусціць.

Вялікай рукі — які валодае вышэйшай ступенню якой‑н. якасці.

Гаварыць у руку гл. гаварыць.

Глядзець з рук каго або чыіх гл. глядзець.

Грэць рукі гл. грэць.

Гуляць па руках гл. гуляць.

Даць волю рукам гл. даць.

Даць (сунуць) у руку гл. даць.

Дзіравыя рукі — пра няўмелага, нязграбнага чалавека, у якога ўсё валіцца з рук.

Доўгія рукі ў каго — аб тым, хто мае схільнасць да кражы.

Забраць у свае рукі гл. забраць.

Заламаць рукі гл. заламаць ​1.

Залатыя рукі — а) пра чые‑н. умелыя рукі. Інструментаў у .. [кузні] было мала, але рукі ў каваля былі залатыя, і неабходны інструмент ён рабіў сам. Машара; б) пра ўмелага, дзелавітага чалавека. [Сіман:] Добра, — Цябе я знаю: залатыя рукі. Клімковіч.

Запусціць руку гл. запусціць ​1.

Збыць з рук гл. збыць.

Звязаць па руках і нагах каго; звязаць рукі каму гл. звязаць.

З голымі рукамі — без усялякай зброі; нічога не маючы ў руках.

З другіх (трэціх) рук — праз пасрэднікаў (атрымаць, даведацца і пад.).

Злажыць рукі гл. злажыць.

З лёгкай рукі чыёй — пра чыё‑н. удалае пачынанне, прыклад.

З-пад рук — у час патрэбы (браць, хапаць у каго‑н.).

З першых рук — непасрэдна ад каго‑н., без пасрэднікаў (атрымаць, уведаць і г. д.).

З пустымі рукамі — нічога не маючы пры сабе; нічога не атрымаўшы, не дастаўшы (з’явіцца, прыйсці, апынуцца, вярнуцца і інш.).

З рук — не ў магазіне (купіць, прадаць і інш.).

З рукамі адарваць гл. адарваць.

З рукамі і нагамі — ахвотна, з прыемнасцю.

З рук вон гл. вон.

З рук не выпускаць чаго гл. выпускаць.

З рук у рукі — непасрэдна каму‑н., ад аднаго другому (аддаць, здаць).

(І) карты ў рукі каму гл. карта.

Ірваць з рук гл. ірваць ​1.

Ісці міма рук гл. ісці.

Ісці рукою гл. ісці.

Караючая рука каго-чаго (высок.) — той (тое), хто (што) карае. Нехта сачыў за кожным крокам фашыстаў і ўмела накіроўваў караючую руку народных мсціўцаў. Мяжэвіч.

Круціць рукі каму гл. круціць.

Ламаць рукі гл. ламаць.

Лезці пад рукі гл. лезці.

Лёгкая рука ў каго; лёгкі на руку — пра таго, хто прыносіць шчасце, удачу.

Лізаць рукі каму гл. лізаць.

Майстар на ўсе рукі гл. майстар.

Махнуць рукой на каго-, што‑н. гл. махнуць.

Мець руку гл. мець.

Набіць (наламаць) руку гл. набіць.

На борздую (скорую) руку — паспешліва, хутка.

Нагрэць (пагрэць) рукі гл. нагрэць.

Налажыць (накласці) на сябе рукі гл. налажыць.

Налажыць (накласці) руку на што гл. налажыць.

На руках чыіх, у каго — а) пад апекай у каго‑н., на ўтрыманні ў каго‑н. (быць, знаходзіцца і г. д.). [Мігуцкі:] Даўно я вас не бачыў. [Гудовіч:] Я вас таксама. З таго часу, як вы кінулі мяне з раненай жонкай на руках. Крапіва; б) пад наглядам, пад адказнасцю. Уся ферма была на руках загадчыка; в) у чыім‑н. карыстанні (быць, знаходзіцца і г. д.). Кніга паўгода была на руках.

На рукі — каму‑н. у асабістае распараджэнне (даць, выдаць, раздаць і г. д.).

На руку — выгадна, зручна, супадае з чыімі‑н. інтарэсамі.

Насіць на руках гл. насіць.

На ўсю (поўную) руку — на ўсю сілу, моц.

Не з рукі каму — а) нязручна, нявыгадна. Але ці гожа, ці прыстойна? Не — для дзяўчыны не з рукі. На крок адважыцца такі. Колас; б) не варта, не згадзіцца (рабіць што‑н.). — Паляваць з беркутам на машыне — не з рукі казаху. Беразняк.

Не ведаць (не знаць), куды (дзе) рукі дзець (падзець) гл. ведаць.

Не ідзе ў руку гл. ісці.

Не мінуць (маіх, тваіх, яго і г. д.) рук гл. мінуць.

Не пакладаючы рук гл. пакладаючы.

Ні рук, ні ног — не магчы нічога рабіць.

Ні рук, ні ног не чуць гл. чуць.

Няма за што рук (рукі) зацяць (зачапіць) гл. зацяць.

Нячысты на руку гл. нячысты.

Падаць з рук — тое, што і валіцца з рук гл. валіцца.

Падаць (працягнуць) руку дапамогі гл. падаць.

Падняць (узняць) руку на каго-штогл. падняць.

Падпісацца абедзвюма рукамі пад чым гл. падпісацца.

Пад рукамі (пад рукой) — блізка, так што можна дастаць, выкарыстаць (быць, знаходзіцца, мець і пад.).

Пад руку — не да месца, замінаючы (гаварыць), калі хто‑н. што‑н. робіць.

Пад руку (ісці і пад.) — абапіраючыся рукою на чыю‑н. сагнутую ў локці руку або прытрымліваючы каго‑н. рукою за локаць ці вышэй локця.

Пайсці па руках гл. пайсці.

Паклаўшы руку на сэрца гл. паклаўшы.

Папасціся (трапіць) у рукі каго, чые, каму гл. папасціся.

Першай рукі — які валодае вышэйшай ступенню якога‑н. майстэрства, якой‑н. якасці.

Правая рука чыя — першы памочнік.

Прайсці праз рукі каго, чые гл. прайсці.

Прыбраць да рук гл. прыбраць.

Прылажыць (прыкласці) рукі да каго-чаго гл. прылажыць.

Прылажыць руку да чаго або пад чым гл. прылажыць.

Пэцкаць рукі гл. пэцкаць.

Работа (усё) гарыць у руках гл. работа.

Развесці рукі (рукамі) гл. развесці.

Развязаць рукі каму гл. развязаць.

Рука не задрыжыць у каго, чыя — хопіць смеласці, рашучасці, адвагі (зрабіць што‑н.).

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца — не хапае рашучасці (зрабіць што‑н.).

Рука руку мые — аб адносінах людзей, калі яны пакрываюць дрэнныя ўчынкі адзін другога.

Рука ў руку — а) узяўшыся за рукі; б) сумесна, дружна.

Рукі адваліліся ў каго — надта стаміўся ад работы рукамі.

Рукі апусціліся — прапала жаданне або здольнасць рабіць што‑н.

Рукі атрэсці гл. атрэсці.

Рукі кароткія — няма дастатковай магчымасці, права (зрабіць што‑н.).

Рукі не адваляцца — нічога не здарыцца з кім‑н. ад таго, што ён выканае якую‑н. работу.

Рукі не дайшлі (не даходзяць) — не было часу, не выпадала, не хацелася.

Рукі па нівах — па стойцы «смірна», з выцягнутымі ўдоўж тулава рукамі (стаяць, трымацца і г. д.).

Рукі свярбяць у каго — а) на каго хочацца пабіцца. пабіць каго‑н.; б) хочацца заняцца чым‑н.

Рукі ўгору! — загад каму‑н. падняць рукі, каб пазбавіць магчымасці супраціўляцца.

Рукой дастаць гл. дастаць.

Рукой падаць гл. падаць.

Скласці рукі гл. скласці.

Склаўшы рукі гл. скласці.

Сон у руку гл. сон.

Схапіць за руку гл. схапіць.

Сысці з рук гл. сысці.

Сядзець злажыўшы рукі гл. сядзець.

Сярэдняй рукі — сярэдні, нічым не вызначаецца па сваіх здольнасцях, становішчы і пад.

Трапіць пад руку гл. трапіць.

Трымацца рукамі і зубамі гл. трымацца.

Трымаць лейцы ў руках гл. трымаць.

Трымаць сябе ў руках гл. трымаць.

У адны рукі — аднаму чалавеку (прадаваць, адпускаць і пад.).

Узяць лейцы ў рукі гл. узяць.

Умыць рукі гл. умыць.

У руках каго, чыіх, у каго — а) у залежным становішчы (быць, знаходзіцца і г. д.); б) у карыстанні, у распараджэнні каго‑н. (быць, знаходзіцца і г. д.).

У рукі плыве гл. плысці.

У рукі просіцца гл. прасіцца.

Усе козыры ў руках у каго гл. козыр.

Ухапіцца абедзвюма рукамі за што гл. ухапіцца.

Хай адсохнуць (у мяне) рукі і ногі гл. адсохнуць.

Хоць рукамі бяры гл. браць.

Цягнуць руку чыю, каго гл. цягнуць.

Цяжкая рука; цяжкі на руку — а) пра таго, хто моцна і балюча б’е; б) пра таго, хто прыносіць няўдачу ў справе.

Чужымі рукамі — не самастойна, выкарыстоўваючы працу, энергію, сілы і пад. іншых.

Чужымі рукамі жар заграбаць гл. заграбаць.

Як без рук без каго-чаго — бездапаможны без каго, чаго‑н.; не быць у стане што‑н. зрабіць без каго‑, чаго‑н.

Як рукой зняло гл. зняць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н.; адны́, ‑ы́х; ліч. кольк.

1. Лік. Адзін плюс два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай «1». Адзін метр. Адзін кілаграм. Адна кніга. □ У хаце быў я адзін, бацька і маці пайшлі на радзіны да Нічыпара, у яго нарадзіўся сын. Кулакоўскі. Сем раз адмерай, адзін — адрэж. Прыказка. / у знач. наз. адзі́н, аднаго, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж. Пра чалавека. Сямёра аднаго не чакаюць. Прыказка. Адзін і пры месяцы робіць, а другі і пры сонцы спіць. Прыказка.

2. у знач. прым. Без іншых, асобна ад іншых, у адзіноце. Распусціўшы сучча У глухім прыволлі, Сам адзін расце ён [дуб] На далёкім полі. Купала. Дзед Талаш ізноў адзін і ў паходзе. Колас. Даспявае маліна У зялёным садку; Ходзіць красна-дзяўчына Адна па цяньку. Куляшоў. [Славіку] сапраўды ў той міг нясцерпна хацелася падхапіць.. [Машу] на рукі і панесці ў невядомую даль, ад людскіх вачэй, дзе б яны маглі застацца адны. Шамякін. // Пусты, пакінуты, адзінокі. Думаў дзед і пра сваю хату, што праз колькі дзён застанецца адна без гаспадароў. Колас. [Прамоўца:] — Вы будзеце не адны: шмат, кажу, такіх ёсць. Маўр. // Тое, што ёсць, без наяўнасці чаго‑н. другога. Аб адной вадзе сыт не будзеш. Прыказка.

3. у знач. прым. Ніхто іншы або нішто іншае, акрамя названага тут. Не спадабаўся балет адной пані Вашамірскай. Бядуля. / У спалучэнні з выдзяляльна-абмежавальнай часціцай «толькі». Адно толькі стажарышча, прысыпанае снегам, чарнелася засохлымі дубовымі галінамі. Колас. І кожны, хто мяне спытае, Пачуе толькі адзін крык: Што хоць мной кожны пагарджае, Я буду жыць! — бо я мужык! Купала. // Ужываецца для выдзялення і ўзмацнення значэння таго слова, да якога адносіцца. Зямля мая савецкая, нідзе я Такой красы і велічы не бачыў. Ты ў нас адна, адна такая ў свеце. Панчанка. У бацькі твар зрабіўся дробны, высах і пажаўцеў. Пальцы тонкія і вострыя — адны косці. Бядуля. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Пра яго мы ведаем адно: ён быў студэнтам.

4. у знач. прым. Той самы, тоесны; аднолькавы. Стаяць на адным месцы. □ І песня нейкая жывая У дружны тон адзін спявае І з гэтым небам і зямлёй. Колас. Коні розных масцей, Стрэльбы розных гатункаў, Толькі людзі па веры І гарту адны. Броўка. / У спалучэнні са словамі «і той», «і тая», «і тое», «і тыя». Адзін і той чалавек. Адна і тая песня. Адно і тое пытанне. Адны і тыя падзеі. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. Гаворыць адно і тое. □ Куды ні глянь — адно і тое: Усюды стрэльбы і «шнуры» — Стаяць па пары і па трое На скрыжаваннях «каўняры». Колас.

5. у знач. прым. Суцэльны, непадзельны, адзіны. Пераблытаны галіны У адзін [ш]алаш жывы. Колас. [Кулямётчык] ляжаў.. і здаваўся адным целам з кулямётам. Лынькоў. / у знач. наз. адно́, аднаго́, н. [Коркія:] — Вы ведаеце, што азначае сіла ўсяго працоўнага народа, з’яднаная ў адно?! Самуйлёнак.

6. у знач. займ. З прыназоўнікам «з» ужываецца для выдзялення асобы, прадмета, з’явы і пад. або некалькіх асоб, прадметаў з якой‑н. катэгорыі, асяроддзя, раду. Адзін з гасцей параіў быў праз суд спагнаць з Грамабойчыка ўтратнае. Крапіва. Спачатку Лясніцкі меркаваў, што здраднік — адзін з гэтых шаснаццаці. Шамякін.

7. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры пералічэнні, проціпастаўленні шэрагу прадметаў, з’яў, асоб. Праходзіць момант, адзін і другі, праходзяць хвіліны нясцерпнай цішыні. Колас. Адзін чалавек — высокі, з густой барадой, другі — зусім яшчэ малады хлопец. Чорны. / у знач. наз. адзі́н, аднаго́, м.; адна́, адно́й (аднае́), ж.; адно́, аднаго́, н. Гаварыць адно, а думаць другое. Адно другому не замінае. // у знач. ліч. парадк. Першы з пералічаных прадметаў, з’яў, асоб і пад. Адзін жаўнер сядзеў на санях і таптаў сена, другі падаваў яго бярэмямі, а трэці разбіраў стажок. Колас. Адзін пень гарэў, а другі спіну грэў. Прыказка.

8. у знач. прым. У спалучэнні з «другі» ужываецца пры супастаўленні якіх‑н. якасцей, уласцівасцей, дзеянняў і пад., якія, мяняючыся, робяць прадмет, асобу, з’яву і пад. іншымі. Адна справа — паэзія, другая — проза.

9. у знач. неазн. займ. Якісьці, нейкі. [Дзядзька:] — На вайне гэта было.. Фарсіравалі мы адну раку на Палессі. Корбан. Адзін багаты пан вельмі любіў слухаць казкі. Якімовіч. [Гарлахвацкі:] Што ж гэта за выкапень? [Туляга:] Гэта далёкі продак аднае нашай хатняй жывёліны. Крапіва.

•••

Адзін-адзінокі — які жыве ў адзіноце, не знаючыся ні з кім.

Адзін-адзінюткі — абсалютна адзін. Яшчэ ў пачатку ліпеня бывае зжаўцее адзін-адзінюткі лісток на бярозе. Чорны.

Адзін-адным (адна-адною, адно-адным) — зусім адзін (адна, адно). Хіба ўсе павыміралі, а ён адзін-адным астаўся. Бядуля.

(Адзін) бог ведае гл. бог.

Адзін другога варты — пра людзей, якія ў аднолькавай ступені маюць адмоўныя якасці, рысы.

Адзін душою — толькі адзін, больш нікога; без блізкіх. [Пракоп] адзін душою, што ён будзе рабіць, калі не прыйдзе сын? Баранавых.

Адзін за адным; адзін за другім — услед, па чарзе, паслядоўна. Паказаліся адзін за адным, з брызентавымі кузавамі і акенечкамі ў іх, два грузавікі. Янкоўскі.

Адзін канец гл. канец.

Адзін крок гл. крок.

Адзін на адзін — а) тое, што і з вока на вока; сам-насам; б) без удзелу іншых. Вечар быў позні, партызаны разышліся па зямлянках, і яны [Цярэшка і Уладзік] засталіся адзін на адзін. Краўчанка. У кабінеце яны былі адзін на адзін. Гроднеў.

Адзін пад адзін (адна пад адну, адно пад адно) — усе роўныя па росту, па сіле.

Адзін пад адным — адзін за другога меншы (пра дзяцей).

Адзін перад адным (адна перад адной, адно перад адным) — не адстаючы, спаборнічаючы. Салому цяпер скідалі проста на ток, рабіць было лёгка, усе трое як бы хваліліся адзін перад адным. Мележ.

Адзін пры адным (адна пры адной, адно пры адным) — вельмі блізка, побач, шчыльна, густа. Бязвусыя чатырохкантовыя каласы ў паўтары далоні велічынёй стаялі адзін пры адным. Краўчанка.

Адзін у адзін (адна ў адну, адно ў адно) — адборныя, падабраныя па аднолькавая велічыні, якасці. Кідаліся ў вочы, распальвалі апетыт белыя грыбкі, адзін у адзін, маленькія, цвёрдыя. Шамякін.

Адзін час гл. час.

Адзін чорт гл. чорт.

Адзін як кол; адзін як колас; адзін як палец; адзін як пень — адзінокі, зусім адзін.

Адна нага тут, другая там гл. нага.

Адна (толькі) назва гл. назва.

Адна трасца гл. трасца.

Адна, як былінка ў полі — толькі адна, больш нікога; без блізкіх.

Аднаго поля ягадкі гл. ягадка.

Аднаго разу гл. раз.

Адно за адным — пра шэраг падзей, непрыемнасцей і пад., якія ідуць адна за другой.

Адно што — толькі. Не вераць сябрукі, чаму ён з сіняком, — На довады — адно што рагаталі. Корбан.

Адной нагой у магіле (стаяць) гл. нага.

Адны гады; у адных гадах гл. год.

Адны косці гл. косць.

Адным вокам (глянуць, паглядзець, зірнуць і пад.) гл. вока.

Адным вухам чуць гл. чуць.

Адным дыхам (духам) гл. дых.

Адным заходам гл. заход.

Адным махам; за адным махам гл. мах.

Адным мірам мазаны гл. мазаны.

Адным словам гл. слова.

За адным — за адным разам.

За адным скрыпам гл. скрып.

Іграць у адну дудку гл. іграць.

На адзін зуб гл. зуб.

На адзін капыл гл. капыл.

На адзін лад гл. лад.

На адзін манер гл. манер.

На адзін твар гл. твар.

На адной назе гл. нага.

Па адным — не ўсе разам, адзін за адным.

Пад адным дахам гл. дах.

Ставіць на адну дошку гл. ставіць.

Стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень гл. стрыгчы.

У адзін голас гл. голас.

У адзін міг (момант, імгненне) гл. міг.

У адно слова гл. слова.

У адной меры гл. мера.

У адну дарогу гл. дарога.

У адных гадах гл. год.

Усе да аднаго — абсалютна усе.

(Усе) як адзін — усе аднадушна; усе да аднаго. Возьмуць стрэльбы самі, як адзін паўстануць на ворагаў. Купала.

Усё адно — ніякай розніцы, аднолькава.

Усё (усе) на адзін капыл гл. капыл.

Як адну капейку гл. капейка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

до́бры, ‑ая, ‑ае; дабёр, дабра.

1. Чулы да людзей; спагадлівы, сардэчны. Варвара, па натуры добрая і мяккая жанчына — на слова была вострая і рэзкая. Васілевіч. Благі абразіць, а добры разважыць ды яшчэ і парадзіць. З нар. // Які выражае чуласць, спагаду, прыхільнасць. Голас у .. [жанчыны] мяккі, пявучы, добры. Здавалася, што голас гэты гучыць там, дзе пануе шчасце. Чорны. Чалавек глядзеў.. вясёлымі вачамі, і ўвесь яго твар.. поўніўся добрай прыязнай усмешкай. Лынькоў. // Ужываецца як сталы эпітэт пры словах «людзі», «чалавек». — Асвятленне ў вашых палацах такое, што добрага чалавека адразу і не пазнаеш. Лынькоў. / У зваротку. — Братцы! Адкуль вы? — З-пад Бягомля, добры чалавек! — адказаў дзядзька Мікалай. Ставер. — Дапамажы мне, добры чалавек, выбрацца адсюль. Якімовіч.

2. Заснаваны на жаданні дабра, прыхільнасці да людзей. Успомніць добрым словам. Зрабіць добрую справу. □ [Надзя:] За два тыдні добрага слова ад вас не пачула. Крапіва.

3. Які прадказвае ўдачу, прыносіць радасць; шчаслівы, прыемны. Добрая прымета. Добрая адзнака. Добрая навіна. □ Давай лепш класціся спаць, ды няхай прысняцца табе добрыя сны. Лынькоў. // Які вызначаецца бесклапотнасцю, весялосцю (пра настрой, гумор і пад.). Гэта здарэнне з Галасам крыху парушыла той добры настрой, у якім быў я, выходзячы з дому. Колас. / У пажаданнях, прывітаннях і пад. Добры дзень. Добры вечар. Добрай ночы. Добрага здароўя. У добры час.

4. Такі, якім павінен быць; з дадатнымі якасцямі або ўласцівасцямі; проціл. дрэнны. Добрая зямля. Добры тавар. Добрыя ўмовы. Добры апетыт. Добры слых. Добрая кніжка. □ Коні ў вусатага добрыя. У момант праскочыць ён з мястэчка на хутар. Чорны. Большы брат згатаваў добры абед, нават два скруткі каўбасы на стол палажыў. Якімовіч. І яшчэ чаго папросіць для сябе дзед Талаш, гэта — добрую.. салдацкую стрэльбу. Колас. // Які адпавядае прынятым маральным нормам; варты пераймання. Добрыя традыцыі. Добры густ. Добры тон. □ Абедалі .. [Маеўскія] па-дамашняму — усе разам, паважна, не спяшаючыся, без лішніх размоў, як і належыць у добрай сялянскай сям’і. Шамякін. // Прыгодны для ужывання, карыстання. Добрыя яшчэ боты. Добры грыб.

5. Умелы, старанны ў рабоце; здольны, дбайны. Добры майстар. Добры выкладчык: Добры рабочы. □ — Добры гаспадар заўсёды загадзя пра тое думае, што наперадзе перад ім стаіць. Чорны. Бяда старога, што ён не мае добрага памочніка, які мог бы заўсёды сказаць праўду ў вочы. Гурскі.

6. у знач. наз. до́брае, ‑ага, н. Тое, што мае дадатныя ўласцівасці або якасці, заслугоўвае адабрэння. Сэрца маткі заўсёды чуе і кепскае і добрае. Бядуля. — Не трэба думаць.. пра тое, што было і больш не вернецца ніколі. Калі добрае, дык можна ўспомніць і пацешыцца, а калі дрэннае, дык забыцца на яго трэба. Чорны.

7. Звязаны ўзаемнай сімпатыяй з кім‑н., блізкі. Гэта быў мой добры знаёмы, сын аднавяскоўца Мірона. Якімовіч. // Заснаваны на ўзаемнай прыхільнасці. [Карнейчык:] Нашы пачуцці не абмяжоўваюцца ні спальняй, ні сям’ёй, ні добрым суседствам. Крапіва.

8. Чысты, слаўны, не зганьбаваны. Пакінуць пра сябе добрую памяць. Аб ім ідзе добрая слава. Ганьбіць добрае імя.

9. Разм. Дастаткова вялікі, значны па колькасці, велічыні. Добры заработак. □ — Я пайду ў матросы, там, людзі мне казалі, можна лёгка зарабіць добрыя грошы. Самуйлёнак. // Вялікі, здаровы, ладны. Санька забег у хату і вынес некалькі бульбін і добрую лусту хлеба. Ваданосаў. Ручка ўпала на паперу, пасадзіўшы на ёй добрую кляксу. Лынькоў. // Моцны, значны, дастаткова адчувальны. Добры мароз. □ Шынель быў заляпаны граззю, запылены, відаць, трапіў пан камендант у добрую перапалку ноччу. Лынькоў.

10. Разм. Цэлы, поўны, з лішкам (пра колькасць, велічыню). Ісці было з добрыя тры кіламетры. Дуброўскі. — Войска, брат, ёсць. Узвод — не узвод, а аддзяленне добрае збярэцца. Брыль. // Сапраўдны; глыбокі. Праз колькі часу, ужо ў добрую восень, у хмурны сівер, мы, дзеці, убачылі .. парабчышынага сына. Чорны.

•••

Бюро добрых паслуг гл. бюро.

Дзень добры!; Добры дзень! гл. дзень.

Добрага здароўя гл. здароўе.

Добрая ласка гл. ласка.

Добры вечар гл. вечар.

Добры геній гл. геній.

Людзі добрай волі гл. людзі.

На добры лад гл. лад.

На добры розум; пры добрым розуме гл. розум.

Не ад добрага жыцця гл. жыццё.

Па добрай волі гл. воля.

Па-добраму — мірна, без сваркі.

У добры час гл. час.

Усяго добрага — развітальнае нежаданне.

Чаго добрага (у знач. пабочн.) — бадай, магчыма (пры чаканні чаго‑н. непрыемнага).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

стары́, ‑ая, ‑ое.

1. Які пражыў шмат год, дасягнуў старасці; проціл. малады. Стары мужчына. □ То ж стары чалавек, яму [дзеду Нупрэю] год дзевяноста, ён дапаможа, параіць. Лынькоў. Праўда, Вера Мікалаеўна ніяк не магла пагадзіцца, што ў свае сорак сем гадоў яна ўжо старая. Арабей. Старога вераб’я на мякіне не падманеш. З нар. / у знач. наз. стары́, ‑ога, м.; стара́я, ‑ой, ж. — Цяпер маладыя не сядзяць дома. — Стары памаўчаў. — А мне от і не да[с]падобы горад. Парахневіч. // Разм. Які дасягнуў такога ўзросту, у якім позна што‑н. рабіць; які не падыходзіць па ўзросту да чаго‑н. Актрыса старая для гэтай ролі. // Які налічвае шмат гадоў (пра дрэвы). Шумяць над гасцінцам Старыя бярозы. Зарыцкі. Ад усяго двара засталася старая абгарэлая груша. Лынькоў. // Уласцівы пажылому, у гадах чалавеку. Жанчына старым, няроўным голасам зашушукала. Чорны. Стары твар маці зморшчаны. Бядуля.

2. Які даўно ўзнік, з’явіўся, існуе доўгі час. Стары горад. Кварталы старога Мінска. Старая прывычка. □ Як калісьці, на змярканні, зноў прыйду я на спатканне У парк стары, зачараваны, Дзе назваў мяне каханай. Валасевіч. — А-а, стары знаёмы, — сказала Часлава Карлаўна, мусіць, з радасцю, што ўбачыла мяне. Адамчык. Стары друг лепей за новых двух. Прыказка. // Які даўно займаецца якой‑н. дзейнасцю; вопытны, бывалы. Стары камуніст. □ Як ні сачыў я за ім, як ні перасякаў яго хітрыя петлі, праз нейкія паўгадзіны і след гэтага старога грыбніка прастыў. Шамякін. // Які адбыўся даўно. Звычайна чалавек, баючыся паўтарыць старую памылку, робіць новую, яшчэ глыбейшую. Чарнышэвіч. // Даўно вядомы. Старая прыказка. □ Тады Сяргей рашыў выкарыстаць свой стары спосаб, як хутчэй заснуць: думаць пра што-небудзь прыемнае. Шыцік.

3. Якім доўга карысталіся; паношаны. Старая мэбля. Старыя туфлі. □ Гаспадар прынёс мне старую світку і бялізну з грубага сялянскага палатна. Анісаў. // Які стаў нясвежым ад доўгага захоўвання, страціў свае якасці (пра прадукты харчавання). Старое сала. □ Хутка на ўсю хату запахла варанай капустай, запраўленай старым здорам. Ваданосаў. // Непрыгодны, які стаў несапраўдным пасля пэўнага тэрміну або пасля выкарыстання. Стары трамвайны білет. Стары пропуск.

4. Які даўно прайшоў, які даўно мінуў; мінулы (пра час). Сегенецкі ў старыя часы не смеў дамагацца дружбы з «панам Зямковічам». Чорны. За старым, даўнейшым часам елі людзі рэдзьку з квасам. Дубоўка. Толькі б навек адышоў у нябыт Веку старога гнілы рэквізіт. Кірэенка. // Характэрны для гэтага часу, уласцівы яму. Казік — тыповы беларускі інтэлігент старой закваскі. Машара. // Несучасны, устарэлы. Старая мода.

5. Такі, які быў раней, папярэднічаў каму‑, чаму‑н.; былы. Старое рэчышча ракі. Стары адрас. □ Аднак праз некалькі дзён [Чарнавус] адчуў, што яго стары аўтарытэт яшчэ можа мець сякі-такі поспех. Кулакоўскі. / Пра перыядычныя выданні, пісьмы і пад. ранейшых гадоў. Старая газета. / Пра мінулы, прайшоўшы год. Стары год. // Які мае адносіны да ўраджаю або прыпасаў мінулага года. Старая бульба.

6. Які мае адносіны да ранейшага ладу, рэжыму, уласцівы яму. Старая армія. Старыя вытворчыя адносіны. □ Маці .. сказала сыну: — Добра, што я за брыгадзіра згадзілася быць. Гэта ж застацца адной, як .. у старыя часы, — загінуць можна. А так я з людзьмі заўсёды. Дуброўскі. Таму, што бабка чалавек старога веку і верыць у забабоны, дык і хрысціцца. Якімовіч. // у знач. наз. старо́е, ‑ста, н. Тое, што было раней, у мінулыя часы. Яны [сяляне] прыраслі к старому, усё мераюць старым аршынам! Мележ. Старое аджывае свой век, на яго месца прыходзіць новае. Арабей. [Гарошка:] — Ну, што вы скажаце, якія людзі! Колькі яшчэ перажыткаў старога ў іх на гарбу вісіць. Краўчанка.

7. Зроблены, створаны даўней і які захаваўся да гэтага, нашага часу; даўнейшы. Старая бронза. // Які знаходзіўся ва ўжытку раней. [Падбярэцкі:] — Я ў месяц на старыя па пяць тысяч, а то яшчэ з гакам, выганяў. Прагрэсіўка, прэмія — надбаўка... Пташнікаў.

•••

Стары завет гл. завет.

Стары свет гл. свет.

Стары стыль гл. стыль ​2.

Стары халасцяк гл. халасцяк.

Голы як стары венік гл. голы.

І стары і малы — усе без выключэння, усе да аднаго, усе без разбору.

Мераць на стары аршын гл. мераць.

Па старой памяці гл. памяць.

Старая песня гл. песня.

Старое карыта гл. карыта.

Стары верабей гл. верабей.

Стары як свет — вельмі даўні, спрадвечны.

Як старой бабе сесці гл. сесці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ра́ла1 ’адгалінаванне ствала дрэва’, ’тоўсты сук’, ’вілападобны ствол дрэва’, ’дрэва з адным коранем і двума стваламі’ (ТСБМ, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.), ра́ло ’адгалінаванне, пасынак (у дрэве і інш.)’ (ТС), ’раздвоены ствол дрэва’ (ПСл, ТС, ЛА, 1; пін., лунін., Шатал.), ра́ла мн. л. ’калкі для падвешвання калыскі ў полі’, ’раздвоены ўверсе слуп у студні з жоравам’ (ганц., лях., Сл. ПЗБ), ’рагаціна, рагуліна’ (Нар. Гом.), ралі́на ’галіна, сук’ (Сцяшк. Сл.), ра́лья ’тоўстыя разгалістыя сукі’ (капыл., Сл. ПЗБ), ра́лы мн. л. ’вілкі ў рагатцы’ (ПСл), рала́чыкі ’тс’ (пін., Сл. ПЗБ). Насуперак прынятай этымалогіі, як і для рала2 (гл.), *ra + dlo < *or + dlo, хутчэй за ўсё да *ork‑ > *rak‑ > *raklo, параўн. славен. rakla/rahla ’апорны кіёк для фасолі на агародзе’, серб. ра̏кље ’вілы’, ’зубцы’, серб., харв. ра̏кља ’развілка’, ’вілы’, ра̏кљаст ’раздвоены, з развілінай, вілападобны’, балг. ра́кля ’сукаватая дзеравіна, уторкнутая ў зямлю, на якую вешаюць сякеры’ (большасць без надзейнай этымалогіі, гл. Бязлай, 3, 148; БЕР, 6, 171; Скок, 3, 103; апошні адносіць сюды rȁšlje ’вілкі, якімі ставяць гаршчок у печ’, якое разам з rȁklja узводзіць да rak ’рак’ або да крак ’нага’ (гл. там жа, 94), параўн. таксама літ. arklas ’рала, саха, плуг’, лат. arkls ’тс’, якія разглядаюцца як аддзеяслоўныя ўтварэнні з суфіксам *‑tlo (гл. БЕР, 6, 173, з літ-рай). Узыходзіць да і.-е. асновы *er‑/*or‑/*ar‑, прадстаўленай у прасл. *oriti (гл. разарыць), з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць’, і захоўвае першасную семантыку ’нешта раздвоенае’. Гл. таксама рак1; хутчэй за ўсё пераформленае пад уплывам рала2 (гл.) або ў выніку атаясамлівання фіналі ‑klo з ‑tlo.

Ра́ла2 ’частка прыстасавання для арання, што вырабляецца з хвойных дрэў, на яе накладаецца сашнік’ (Выг., Шатал.), ра́ло ’старажытная саха’: рало ораць землю было ўсе дзерэўянэ (ТС), сюды ж ’калок, якім утрымліваюць плыт з берага’ (там жа), ст.-бел. радлица ’сашнік, лямеш’ (Сл. Скар.). Параўн. укр., рус. ра́ло ’саха і лямеш’, ст.-рус. орало ’тс’, польск. radło ’плуг’, палабск. rådlü ’тс’, в.-, н.-луж. radło, чэш. rádlo ’плуг’, славац. radlo, славен. rálo, харв. rȁlo, серб. ра̏ло ’тс’, балг. ра́ло ’сошка’, макед. рало ’тс’, ст.-слав. рало ’плуг’. Традыцыйна ўзводзіцца да прасл. *ordlo (з суфіксам ‑dlo ад *orati ’араць’ (гл. араць) і значыла ’прылада для арання’, што да і.-е. *ar‑ ’апрацоўваць зямлю’, роднаснае літ. árklas ’саха’ (< і.-е. *arə‑tlo‑m, параўн. *arə‑dlo‑m > прасл. *ordlo > рала) (Фасмер, 3, 439; Бязлай, 3, 149; БЕР, 6, 173; Глухак, 456; Шустар-Шэўц, 2, 1201). Адзначаецца, што рала ў выглядзе раздвоенай галіны было балта-славяна-германскім прыстасаваннем для апрацоўкі зямлі (Бенвяніст, Словарь, 13). Па назіраннях Смулковай, беларускія гаворкі рэдка захоўваюць рала ў значэнні ’плуг’, яно часцей выступае ў значэнні ’тоўсты расахаты кій’ ці як сінонім слова ’саха’ ў яго першасным значэнні (Смул.). Можна казаць пра захаванне ў беларускіх гаворках старэйшай семантыкі рала ’раздвоеная галіна’, што магла выконваць функцыю не толькі прыстасавання для арання, але і іншай гаспадарчай прылады, параўн. ра́ла4 ’ткацкі станок’ (гл.), польск. жарг. rodło/radło ’вілы’. Адсюль у першасным значэнні рала — ’раздвоеная галіна’, што пазней развіваецца ў ’прылада, зробленная з раздвоенай галіны’, і толькі варыятыўна як ’прылада для апрацоўкі зямлі, арання’. У якасці версіі, што тлумачыць такое развіццё, можна дапусціць рэканструкцыю прасл. *ork‑, параўн. літ. arklas ’плуг, саха’, лат. arkls ’тс’, імаверна, з варыянтам *ort‑, што магло азванчыцца да *ord‑, параўн. літ. ardýti ’раздзяляць’. Тады роднаснае з рак1 (гл.). Прышлая і.-е. база: *ar‑ ’араць’ суадносіцца з і.-е. *er‑/*or‑/*ar‑ з шырокай семантыкай ’раздзяляць, распорваць, рваць, драпаць, прарэзваць’.

Ра́ла3 ’прамежнасць між капытоў каровы’ (Сл. ПЗБ, ЛА, 1). Форма пацвярджае: рала нясе перш за ўсё семантыку ’пэўнай рэчы раздвоенага кшталту’ і магло ўтварыцца ад *raklo/*ratlo — з зыходным коранем *rak‑, (гл.) рак1, параўн. рала1 (гл.), што не пярэчыць роднасці з араць ’праразаць зямлю пад засеў’. Тут рала даслоўна азначае ’прарэз ’.

*Ра́ла4, ра́ло ’ткацкі станок’, ’прымітыўныя кросны’: колісь поўкотваюць у хаты ра́ла, а ето ўжэ цепер <…> поробілі ста́ва (ПСл). Не зусім ясна. Відавочна, дадзенае выкарыстанне слова пацвярджае, што з вілападобнай галіны рабіліся розныя гаспадарчыя прыстасаванні. Гл. рала1.

*Ра́ла5, ра́ло ’прамежнасць, ніжняя частка тулава’: угразнеш [у балоце] по рала (пін., Сл. ПЗБ). Выкарыстанне слова пацвярджае, што слова рала ў асноўнай семантыцы мела семантыку ’раздвоенасці’. Раздвоенае рала, ў дадзеным выпадку, уяўляюць сабой дзве нагі чалавека і прамежнасць. Гл. рала1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

трыма́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Узяўшы ў рукі (зубы, рот і пад.), не даваць выпасці. Трымаць лыжку. Каршун трымаў у дзюбе кураня. □ Настаўніца трымала ў руцэ бліскучы цыркуль. Даніленка. Ён кол маланкаю хапае: — Тхор! тхор! Дзяржы яго! — галосіць, Гарачка дзядзьку так і носіць, Бяжыць, тхара ён даганяе, Напагатове кол трымае. Колас. // Браць, атрымліваць што‑н. — Быў Хвядос у нас у атрадзе, дык ён яму [бандыту] вінтоўку ў зубы, трымай, кажа. Галавач. // Мець сілы, магчы рабіць што‑н. [Сымон:] — Дні ўжо мае мін[у]лі. Рукі не так ужо моцна Вёслы трымаюць. Танк. А ўсе, хто мог трымаць у руках рыдлёўку, ад цямна да цямна працавалі на балоце. Паслядовіч. // Умець карыстацца якім‑н. інструментам, прыладай і пад. Васіль таксама ездзіў з маткаю, прывучаўся трымаць плуг, праганяць разору. Кулакоўскі. // Схапіўшы за што‑н., не адпускаць ад сябе або перашкаджаць руху. Воддаль слуга трымаў за павады пару асядланых коней. Крапіва. // Абняўшы рукамі, утрымліваць каго‑, што‑н. Трымаць дзіця на руках. □ Бо гэта вельмі цяжка — трымаць у абдымках маці, гаварыць ёй пяшчотныя словы, што бярог доўгія гады, і бачыць, што яна іх не чуе. Мехаў.

2. перан. Захоўваць за сабою; утрымліваць у сябе. За добрую работу калектыў .. трымае пераходны Чырвоны сцяг. «Маладосць». Так, нялёгка трымаць званне першага футбаліста ў вёсцы! Гамолка. // Захоўваць некаторы час. Іх [сосен] цёмна-зялёны кажух яшчэ трымае ўчарашняе нагрэтае сонцам паветра. Федасеенка. Пра Хмару нават гутаркі няма, яе слядоў я [Вецер] не пакіну ў небе. А Сонца жар не здолее трымаць, я прахалоду дам людзям і глебе. Дубоўка. // Утрымліваць, абараняць што‑н. ад непрыяцеля. Кустамі, пералескамі прабіралася Настачка да лініі абароны, якую мужна трымалі партызаны. Кавалёў. // Утрымліваць у асадным становішчы. Трымаць ворага ў асадзе. // Стрымліваць, спыняць каго‑, што‑н. Дамба трымае ваду. □ Няспынна, цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор; Шахцёры мужнасцю адною Трымаюць іх круты напор. Глебка.

3. Прымушаць знаходзіцца, пакідаць дзе‑н. супраць волі, не выпускаць. Трымаць пад арыштам. Трымаць у палоне. Трымаць у турме. □ [Салдат:] — Было страшна, калі білі, калі ў пакаранне па цэлых сутках трымалі без яды, калі саджалі ў карцэр — сыры цёмны склеп, дзе вяліся пацукі і кажаны. Васілевіч.

4. Мець у сябе, у сваёй уладзе; кіраваць кім‑, чым. Трымаць у руках дзяржаўную ўладу. □ Трымаюць людзі катоў не так за іх работу, як з ласкі: жывому ж недзе жыць трэба. Калюга. [Паасобныя галасы:] — Тут трэба так, як па статуту належыць, а ты сабе хоць і карову трымай. Скрыган. // Мець у сябе ў якасці работніка. [Бабрук:] — Парабкаў, кажа, ды наймічак трымаў. Час быў такі, не я адзін трымаў. Брыль.

5. перан. Мець у духоўным падпарадкаванні. [Сцёпка:] — Бог, рай, той свет — усё гэта выдумкі, каб трымаць народ у страху і паслушэнстве. Колас. // Мець пад наглядам, пад прыцэлам. Сам прыстаў трымаў .. [Адася Гушку] перад сабою нешта гадзін са тры, а пасля пусціў, загадаўшы сваім людзям не спускаць яго залішне з вока. Чорны. // Разм. Абыходзіцца з кім‑н., адносіцца да каго‑н. нейкім чынам. [Гаспадыня:] — [Трахім] мне што казаў? Тое ж самае: трымай Гараньку ў строгасці. Савіцкі. // Мець пастаянна пры сабе (у якасці паклонніка, сімпатыі і пад.). [Анна Паўлаўна:] Нашто табе наогул трымаць яе [Зёлкіну] каля сябе? [Гарлахвацкі:] Як жа каля сябе? Проста яна працуе ва ўстанове, як і ўсе. Крапіва.

6. Надаўшы чаму‑н. якое‑н. становішча, захоўваць яго на некаторы час. Трымаць дзверы адчыненымі. // Падтрымліваць, захоўваць у якім‑н. становішчы, парадку. Трымаць кватэру ў чысціні. □ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. // Падтрымліваць, прытрымлівацца, выконваць. Трымай нагу ў паходны такт. Гарніст, іграй, звіні! Броўка.

7. Быць, служыць апорай чаму‑н.; падтрымліваць. Страху трымаюць кроквы і латы. □ Намеснікавы ногі, відаць, трымалі свайго гаспадара не дужа надзейна, бо ён абедзвюма рукамі ўхапіўся за лаўкі. Навуменка.

8. Аддаваць куды‑н. на які‑н. час; захоўваць дзе‑н. Трымаць грошы ў ашчаднай касе. Трымаць сшыткі ў шафе. // Мець пры сабе. [Скіба:] Дакументаў я вам не пакажу, бо пры сабе іх не трымаю. Крапіва. Недарэмна ён [камуніст] дбае, працуе як след, Каля сэрца трымае партыйны білет. Куляшоў. // Пакідаць што‑н. у сябе, не аддаваць. Тварыцкі трымаў у сябе ўкрадзеныя ў банку дзяржаўныя грошы. Чорны.

9. Забяспечваць сродкамі на жыццё. З жалем зірнуў Андрэй на маці і зразумеў, што яна больш не работніца. Ён павінен замяніць яе, каб трымаць сям’ю, а думаць пра вышэйшую адукацыю няма чаго... Чарнышэвіч. Праца чалавека трымае і ўзбагачае, а гультайства псуе. Прыказка. // Мець у рэзерве што‑н. Трымаць канцэнтраваны фураж на пасяўную. // Мець на продаж або для іншага выкарыстання. Трымаць качак і курэй. // Уст. Мець якое‑н. прадпрыемства. [Юрый:] — Мой бацька паравы млын трымаў, быў першым чалавекам на ўсё сяло. Навуменка. [Савулеску:] — Я і Андрыяна пераехалі ў Канстанцу. Там Андрыяніна цётка карчму трымала. Хомчанка.

10. Разм. Здаваць каму‑н. за плату памяшканне. [Старая:] — А .. [падчарыца з мужам] сабе, як панкі, — усё па курортах ездзяць. Дзіва: гэтулькі кватарантаў трымаюць, а ён, яшчэ ў нейкай канторы за начальніка. Вышынскі.

11. Разм. Рухацца ў якім‑н. напрамку. На Варшаву шлях трымалі. Бядуля. Пазняку спадабаўся такі рэцэпт, і ён амаль кожны дзень, скончыўшы службовыя справы, садзіўся на веласіпед і трымаў кірунак за горад, у лес. Дуброўскі. — Трымай, Бажэнка, правым бокам, На ворага ў абход! Броўка.

12. Мець кантакты з кім‑, чым‑н. Загадчыца бібліятэкі Аляксандра Панцюхова трымае цесную сувязь з мясцовай школай. «ЛіМ».

13. перан. Наводзіць сябе адпаведным чынам. Умець трымаць сябе сярод людзей.

14. перан. Не выпускаць з памяці, з думак; не забываць пра каго‑, што‑н. Трымаць у памяці наказ сяброў.

15. Утрымліваць, трымацца (пра мароз і пад.). Лёд трашчыць, але трымае. □ Раніцамі трымаў марозік, днём свяціла сонца. Чарнышэвіч.

16. У спалучэнні з некаторымі назоўнікамі азначае: ажыццяўляць, выконваць, здзяйсняць тое, аб чым гаворыць назоўнік. Трымаць экзамен. Трымаць ініцыятыву. Трымаць адказ.

•••

Ногі не трымаюць гл. нага.

Так трымаць! — а) каманда рулявому трымаць курс; б) працягваць работу, як і пачалі.

Трымаць банк — паставіўшы грошы на кон, весці гульню супраць партнёраў.

Трымаць вуха востра — не быць вельмі даверлівым, быць асцярожным, пільным.

Трымаць вуха трубкай — пільна прыслухоўвацца да чаго‑н., сачыць за чым‑н., каб не наклікаць бяды на сябе.

Трымаць высока сцяг — з годнасцю прадаўжаць і развіваць што‑н.

Трымаць галаву высока — паводзіць сябе горда, з пачуццём уласнай годнасці.

Трымаць за язык — не дазваляць гаварыць каму‑н.

Трымаць камень за пазухай — тое, што і насіць камень за пазухай (гл. насіць).

Трымаць курс (кірунак) — рухацца ў пэўным напрамку.

Трымаць лейцы ў руках — мець у сваіх руках уладу, кіраўніцтва.

Трымаць (вытрымліваць) марку — падтрымліваць сваю рэпутацыю, годнасць.

Трымаць на аброці — трымаць у пэўных рамках, у паслушэнстве. [Лукавіцын] умеў трымаць сэрца сваё на аброці, прыкрываючы яго .. панцырам практычнага розуму ад небяспечных стрэл амура. Крапіва.

Трымаць на адлегласці — пазбягаць блізкіх адносін, сувязей з кім‑н.

Трымаць на ланцугу; трымаць на прывязі каго — не даваць каму‑н. свабоды ў дзеяннях, учынках і пад.

Трымаць на мушцы — пазіраць, сачыць за кім‑, чым‑н.

Трымаць нос па ветры — прыстасоўвацца да абставін, беспрынцыпова мяняць свае паводзіны, свае погляды.

Трымаць пад замком каго-што — а) не выпускаць з памяшкання (арыштаванага, злачынца і пад.); б) не даваць карыстацца чым‑н.

Трымаць пад сваім крылом каго-што — апекаваць каго‑, што‑н., заступацца за каго‑, што‑н.

Трымаць пад сукном — не даваць ходу чаму‑н.; неаператыўна вырашаць якую‑н. справу.

Трымаць порах сухім — быць заўсёды гатовым да абароны.

Трымаць пры сабе (думкі, погляды) — не выказваць уголас, публічна.

Трымаць рукі па швах — слухаць і не пярэчыць.

Трымаць руку каго, чыю — заступацца за каго‑н., быць на чыім‑н. баку, адстойваць думку каго‑н. Па судзе я буду трымаць тваю руку. Скрыган.

Трымаць слова — выконваць абяцанне.

Трымаць сябе ў руках — стрымліваць свае пачуцці, падпарадкоўваць іх сваёй волі, валодаць сабой, захоўваць вытрымку.

Трымаць у галаве (у думках, у памяці, наўме) — пастаянна думаць, помніць пра каго‑, што‑н.

Трымаць у кулаку — а) трымаць у поўным падпарадкаванні. Валя таксама засмяялася: вельмі ж непадобна было, што такога чалавека, як Пятро Аляксеевіч, трэба трымаць у кулаку. Шамякін; б) сабраць разам каго‑, што‑н. Было нешта і станоўчае ў тым, што Гаруноў усё [справы, людзей] трымаў у сваім кулаку. Дуброўскі.

Трымаць у полі зроку — наглядаць за кім‑, чым‑н., не спускаць з вачэй каго‑н.

Трымаць у сабе — не выказваць, стрымліваць свае пачуцці.

Трымаць у сакрэце — не выдаваць таго, што павінна захоўвацца ўпотай.

Трымаць у сваіх руках — мець у сваім падпарадкаванні каго‑н., не даваць волі каму‑н.

Трымаць у струне — не распускаць, трымаць вельмі строга. Антон трымаў унука ў струне. Вітка.

Трымаць у шорах — прымушаць паводзіць каго‑н. пэўным чынам; абмяжоўваць свабоду дзеянняў каго‑н.

Трымаць у чорным целе — сурова, строга абыходзіцца з кім‑н.

Трымаць фасон — а) прытрымлівацца адпаведных норм паводзін; б) трымацца з шыкам; фарсіць.

Трымаць язык за зубамі — маўчаць, не гаварыць лішняга, быць асцярожным у выказваннях.

Трымаць язык на прывязі — маўчаць, не гаварыць лішняга.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сла́бы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае невялікую фізічную сілу, недастаткова дужы фізічна. Слабы барэц. Слабы конь. / у знач. наз. сла́бы, ‑ага, м. — Чуў, што ваўкі — санітары? Лес ачышчаюць ад хворых і слабых? — гэта ўмяшаўся Левановіч. Пташнікаў. / Пра мышцы, рукі, ногі. Слабай, з сінімі пражылкамі ў пальцах рукой старая адвяла ад сябе працягнутую сынаву руку. Каршукоў. // Кволы, хілы, хваравіты. Слабыя грудзі. Слабыя нервы. Слабае здароўе. Слабае дзіця. □ [Дзед:] — А я якраз і быў такі — стары і з выгляду слабы... Шуцько. Пайшоў бядняк на рэчку па ваду. Аж бачыць — ляжыць у кустах цялушачка. Ды такая слабая, лядашчая, што сама і не ўстане. Якімовіч. / на што, чым. Разм. Слабы па ногі. Слабы розумам. □ Слабы... [Яначка] па выпіўку. У галаве ад першай чаркі лёгкі туман. Крапіва. Душой і целам я — не слабы, Узяў ад бацькі моц лясную. І. Калеснік. // Знясілены, абяссілены (ад хваробы, стомы і пад.). Яшчэ хворы, слабы, як ён пойдзе дамоў? Куляшоў. Вакол... [Вані] на нарах ляжалі людзі. Яны былі слабыя, як мухі. Бядуля. // З аслабленым успрыманнем; прытуплены (пра зрок, слых, памяць і пад.). Слабыя здольнасці. Слабая памяць. □ [Чмаруцька:] — На грамату патрэбны добрыя вочы. А вочы ў мяне слабыя. Лынькоў. // Які робіцца з малым фізічным намаганнем. Слабы рух рукі.

2. Пазбаўлены стойкасці, цвёрдасці; які не вызначаецца цвёрдым характарам. Слабы характар. Слабая воля. □ Ён быў слабы, змучаны і бязвольны, гэты чалавек. Чорны. Цяпер Міця слабы, разгублены, а такі ён ісці да Сюзанны не хоча. Навуменка. // Які мае схільнасць, цягу да чаго‑н. (звычайна адмоўнага). Слабы да выпіўкі. Слабы да азартных гульняў. Слабы да жаночага полу.

3. Нетрывалы, нямоцны. Слабы плот. Слабы замок. Слабая загарадка. Слабыя сцены. □ У далёкія рэйсы шафёры пускаліся неахвотна — шыны былі слабыя, маторы працавалі з перабоямі, як сэрца ў хворага чалавека. Шахавец.

4. Нізкі па якасці і колькасці, марны, мізэрны. Слабы ўраджай. Слабы ўрадзіўся лён.

5. Не здольны наступаць ці абараняцца; дрэнна ўзброены. Слабы праціўнік. Слабы тыл. Слабая абарона.

6. Які не мае моцнай улады, аўтарытэту, не можа аказаць вялікага ўплыву на што‑н. Слабы кіраўнік. Слабая арганізацыя.

7. Які мае невялікую магутнасць, сілу, энергію. Слабы ток. Слабы матор. □ [Алёшка:] — Я не хачу старцёрам заводзіць — акумулятар ужо слабы. Лобан.

8. Не здольны аказаць моцнае дзеянне на каго‑, што‑н. Слабы яд. Слабае лякарства. // Ненасычаны, нямоцны. Слабы раствор еду. Слабы тытунь.

9. Нязначны па сіле праяўлення, напружанасці. Слабы штуршок. Слабае цячэнне. □ Пажоўклая лістота таполяў дробна трымцела на слабым ветры. Савіцкі. [Коркія] хацелася плакаць слабымі старымі слязамі. Самуйлёнак. // Нягучны (пра шум, крыкі, гукі і пад.). Пясок шоргае аб жалеза, за кармой чуюцца слабыя ўсплёскі. Каршукоў. Голас данёсся слабы, дрыготкі, ледзь не з плачам. Кулакоўскі. Аднойчы ліпеньскім ранкам за дошкамі пачуўся слабы піск. Гарбук. // Няяркі, цьмяны (пра святло). Удалечыні паказаліся слабыя агеньчыкі. Гурскі. // Недастаткова выразны, неглыбокі, няясны. Слабы след. Слабыя абрысы. □ — Можа, у вас есці няма чаго? — спытаў Юрка. — Не-е-е... — слабая ўсмешка асвятліла бледны Рыгоркаў твар. Курто.

10. Недастаткова абгрунтаваны, малапераканальны. Слабая падстава. □ — Гэта слабы доказ. Рыгор Апанасавіч, — заўважыў дырэктар. Якімовіч.

11. Нязначны, малы. Слабая дапамога. □ А ці ён [Данілка] вернецца? Хто знае — Надзея слабая ў самой. Колас. Рыгор Пятровіч, адарваўшыся ад кулямёта, радасна працягнуў Лубяну рукі. — Яўген Сяргеевіч! Падмога? — Слабая. Я адзін. Шамякін. // Які не адпавядае патрабаванням; недастатковы. Слабая спартыўная падрыхтоўка вучняў. Слабае валоданне замежнай мовай. Слабая распрацаванасць тэхнікі эксперыменту. // Які не дасягнуў належнага ўзроўню развіцця; адсталы. Распачалася спрэчка, які калгас лічыць слабым і цяжкім. Шахавец. // Недасканалы па мастацкай форме і па зместу. Слабая к Слабае апавяданне. Слабы канцэрт. Слабая карціна. □ Трапіў слабы вершык Дзесьці ў друк насценны. Памяркоўны крытык Працадзіў: — Не дрэнна! Лужанін. Чытаю ўсю маладую паэзію, часта з добрай зайздрасцю, часам прыдзірліва падкрэсліваючы надуманы і слабы радок. Грахоўскі.

12. Які дрэнна ведае ці выконвае сваю работу, сваю справу. Слабы інжынер. Слабая студэнта. Слабы клас. // у чым, па чым. Разм. Які дрэнна ведае што‑н., недастаткова ўмелы ў чым‑н. Слабы ў матэматыцы. Слабы па музыцы. □ [Люба] ў вучобе слаба, засталася на другі год на тым жа курсе ў медыцынскім інстытуце. Лынькоў.

13. Не цвёрды, не тугі, не густы. Слабы грунт. Слабая горкая парода. □ Падняўся вецер і разагнаў слабыя, мокрыя хмары. Нікановіч.

14. Нямоцна зацягнуты. Слабая папруга.

•••

Слабае месца (слабы бок) каго-чаго — недахоп чый‑н. або чаго‑н.

Слабая струнка (струна) каго гл. струнка.

Слабы на язык — балбатлівы.

Слабы пол гл. пол.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ка́ліва ’асобна ўзятая расліна, сцябліна, саломіна і інш.’ (БРС, ТСБМ, Кліх; КЭС, лаг., Сержп., Прымхі: … вырываюць яго адно каліво ці цыэлы куст…; Федар. Рук.; Шат., Яруш.), сюды ж, відаць, каліва ў Каспяровіча, нягледзячы на яго дэфініцыю ’маладая расліна’, параўн. ілюстрацыю: «Дай мне каліва расады», с. 150, каліва ’адно гняздо бульбы, адзін корч’ (Сцяшк. МГ), адно зернетка (збожжа, маку, якога-н. насення і інш.)’ (БРС, ТСБМ, Бяльк., Касп., Нас.). Сержп. Прымхі: семь каліў гароху, тры каліва перцу…; Федар. Рук., Шат.; барыс., Шн., 2, 68: «Разъ пошла баба воды браць у колодзись, зачарпнула вядромъ ды и паглядзела: ци поўно зачарпнула?.. видзиць — каливо гороху y‑вы днѣ ляжиць…» ’невялікая колькасць чаго-н.; трошкі, крыху’ (БРС, ТСБМ, Жд. 3, Касп., Мядзв., Нас., Яўс.). Апошняе значэнне звычайна характэрна для памяншальнай формы слова: каліўка ’вельмі мала, трошкі і да т. п.’ (Бяльк., Мат. Гом., Нас.), апрача гэтага, фіксуюць каліўку ’тс’ (Мат. Маг.), каліўка ’зерня’ (Бяльк.; навагр., КЭС; Нас.). Насовіч (228) таксама адзначае: «Самая мелочь в сходстве. И каливки бацькины подобравъ». Далей адзначаюць вытворныя каліўцаБРС як памянш.-ласк. да каліва ў асноўных значэннях), Насовіч дае каливцо ’дробнае зерне’, Каспяровіч і Палявой фіксуюць значэнне ’трошкі’. Пашыраны такі дэрыват, як каліўе ’сцёблы траў або збожжавых злакаў’ (ТСБМ, Шат.), ’бульбоўнік (націна)’ (ДАБМ, Жд. 3; КЭС, лаг., Ян., Мат. Гом.), каліўе ’тс’ (Сцяшк.). Апрача гэтых, ДАБМ падае каліўнік, каліўянік ’тс’, а Мат. Гом.каліўнік, калівашнік, каліўяшнік ’тс’. У новых слоўніках каліва, кальва, кальво, каліва ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (даўг., віл.), ’асобная расліна’ (в.-дзвін., шальч., віл., іўеў., шчуч., крын., зэльв., гродз.), ’націна аднаго клубня’ (паст., круп., барыс., смарг., маст., шчуч.), ’малая колькасць, трошкі чаго-н.’ (рас., лаг., пруж., Сл. паўн.-зах.), паст., віл. каліўца, каляўца ’асобная сцяблінка, галінка гародніны і інш.’ (Сл. паўн.-зах.), каліўя ’націна бульбы’, калівіна ’каліва, адна сцябліна’, каліво ’сцябло расліны’ (ТС), ’корч, куст (гародніны)’ (Ян.), каліўе ’націна бульбы, буракоў’ (Ян.). Апрача бел. мовы, адзначана ва ўкр. усх.-палес. гаворках: каліва, каліванне, калівʼе, калівʼя ’націна бульбы’, калівешнік ’тс’ і ’націна морквы, гароху’, чарніг. каліво ’корч бульбы’ і ’пра каноплі, лён — палову «повесма»’. У рус. калуж. адзначана каливина ’трошкі; кропелька’, каливо ’націна агародных раслін’, бран. ’корч бульбы’, вялікал. каливье ’націна бручкі’, сіб. каливья ’націна бульбы’, зах.-бран. калева ’корч бульбы’, бран. калева і каліва ’нейкая расліна’, смал. калива ’сцябліна’, калевка, калёвка і каливка ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калуж., смал., зах.-бран. калевка; смал. калевка, калуж., смал. калёвка, пуціўльск., курск. каливка, таксама арл., бран. каливка ’пацерачка (адна)’, росл., смал. ’дружочак, міленькі і да т. п.’, зах.-бран. калево і каливо ’найменшая колькасць чаго-н.; кропелька’: калево, росл., смал., калуж. каливо ’дробнае зерне (адно)’, смал. калево, смал., іркуцк. каливо, калуж., смал. калёвочка ’найменшая колькасць чаго-н., кропелечка’, пск., смал. каливочка ’тс’; колево, коливо ’парастак, расток, сцябліна’ (зах. паводле Даля), колево ’аўсяны колас, «бронь».’ Ёсць таксама пск. коливистый, колевистый ’зярністы, каласісты (збожжа, авёс і да т. п.)’. Гэтыя прыклады дазваляюць з вялікай дакладнасцю меркаваць аб лінгвагеаграфіі слова. Праўда, СРНГ у якасці паралелі прыводзіць яшчэ польск. kaliwo, аднак з гэтым нельга пагадзіцца. Найбольшая колькасць прыкладаў«польскага» слова у значэннях, адэкватных беларускім, падаецца Карловічам: kaliwa, kaliwo, kaliwko, адносна якога можна з упэўненасцю гаварыць, што гэта беларускае слова. Слаўскі наогул не разглядае гэтай лексемы, хоць форма kaliwek фіксуецца ў Ліндэ. Дарашэўскі ў слоўніку літаратурнай мовы ўказвае бел. крыніцу. Аналіз геаграфіі слова сведчыць, што, па-першае, гэта ўсх.-слав. лексема; па-другое, распаўсюджана яна або ў бел. гаворках, або ў тых рус. і ўкр., якія гістарычна ці геаграфічна суадносяцца з бел. Далейшы статус яго (запазычанне, інавацыя, архаізм) паводле гэтага крытэрыю вызначыць цяжэй. Не выключана (параўн. прыклады з рус. гаворак) рэканструкцыя формы калево; бел. лексіка дэманструе галосны ў пазіцыі пасля націску. Спроба дастаткова надзейнай этымалагізацыі на слав. глебе належыць Безлаю, 2, 10, які параўноўвае бел. каліва з шэрагам слав. лексем. Сюды славен. kȃl ’расток, парастак’ (адзначаны формы муж. і жан. роду), kȃla, далей kȃlec, kȃlcek, kȃlíca ’расліна чарнушка, Nigella sativa (матывацыя назвы няясная)’, таксама kaliv, kálast і kalíti, kalí, vzkalíti, якія суадносяцца з (vz‑)klíti, (vz‑)klije, напрыклад seme kali, seme vzklije iz zemblje. Для гэтых форм прапануецца прасл. рэканструкцыя *kōlъ, паралельная да *kъlъ. Паводле Безлая, сюды можна аднесці в.-луж. kał, якое традыцыйна, услед за Мукай, 1, 565, лічылі запазычаннем з ням. kohl або н.-ням. kal (так Більфельд, Lehnwörter, 153). Значэнне луж. слова ’капуста, Brassica oleracea’ супадае з ням. (аб іншых значэннях і формах гл. падрабязна Шустэр–Шэўц, 7, 483), што сапраўды як быццам падтрымлівае версію аб запазычанні слова. Але Шустэр–Шэўц (7, 483–484) звяртае ўвагу на тое, што ні па фармальнаму, ні па лінгвагеаграфічнаму крытэрыю такая версія не можа быць прынята. Фанетыка луж. лексікі не адпавядае мяркуемай ням. крыніцы.

Ка́ліва2 ’памінальная куцця’ (Мядзв.). Дакладных адпаведнікаў у бел. крыніцах не адзначана. З магчымых рус. паралелей звяртае на сябе ўвагу калуж. калево задать ’памерці’, прыклад, аднак, вельмі двухсэнсоўны (магчыма, пад уплывам калець ’здыхаць’). Па гэтай прычыне можна думаць, што тут змяненне фанетыкі аналагічна каліва1, паколькі ў запазычаным коливо (рус., укр., ц.-слав.), якое з грэч. κόλλυβον першы галосны пад націскам. Зыходзячы з формы — з н.-грэч., праз царкоўную лексіку.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)