Жвінда ’чалавек, які бурчыць і ные’ (навагр., Нар. сл., 9), жвіндыць ’абаграваць’ (усх.-маг., Бяльк.), жві́ндзіць ’бедаваць’ (карэліц., Марц.). Укр. жви́ндіти ’бубнець’, жміндати ’скупіцца’ (Жэлях.). Параўн. жміндзіць ’бубнець; есці’, жмінда ’скупы’, жвянькаць ’надакучаць размовамі’. Форма і семантыка слова — вынік узаемадзеяння формы і семантыкі шэрагу каранёў, у тым ліку žьv‑ (жаваць, жвякаць, жвяліць), gov‑ (гаварыць) з чаргаваннем галоснага, žьm‑ (жмінда, жаць 2), якое стала магчымым у сувязі з эмацыянальна-экспрэсіўнымі адценнямі ў значэнні. Параўн. Лаўчутэ, Сл. балт., 109.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Паўпры́ца, попрыца, парпліца, поўпрыца, поўпрыца, драг. пупрыця ’металічная пята з воссю, жалезным шворанем, на якім круціцца верхні камень жорнаў, і якая рэгулюе, мяльчэй ці буйней малоць’ (Дразд., Сержп. Грам., Сцяшк., Бір., Ян., ТС, Сл. ПЗБ, Мат. Гом.; КЭС, лаг.; асіп., Шатал.), ’млён’ (Янк. 3.), хоц. ’упарты чалавек’ (Мат. Маг.), ’дэталь у ветраку’ (Маш.). Балтызм. Параўн. літ. pumpure, pumpure ’паўпрыца’ (Зданцэвіч, LP, 8, 1960, 347). Лаўчутэ (Балтизмы, 49) удакладняе: крыніцай запазычання з’явіліся дэмінутыўныя формы pumpurikėy pumpurytė ’тс’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Русьць, рюсьсць ’раўці, плакаць’ (Бяльк.), рюсть ’голасна плакаць’ (Растарг.), рюсь ’тс’ (віц., Мат.), параўн. укр. гуц. рю́сти ’рычаць, крычаць ад болю’, стараж.-рус. рюти ’раўці’, славен. rjúti, чэш. řúti, польск. rzuć ’тс’, ст.-слав. рюти. Першаснае прасл. *rʼuti, *rovǫ яшчэ ў праславянскую эпоху трансфармавалася ў *reuti, *revǫ, гл. раўці (Сной₂, 625; ESJSt, 13, 771, 785 з літ-рай). Гл. таксама Карскі, 1, 182; 2–3, 58 (звяртае ўвагу на паралельныя формы раве́ць, раўсці́, раўці́, рюсь у беларускай мове).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Слёзкі ‘дрыжнік, Briza L.’ (ТСБМ, Касп., Гарэц., Сл. ПЗБ, Кіс.), ‘расіца, Drosera rotundifolia L.’, слёзка ‘чорнагалоў, Prunella L.’ (Нас.), ‘фуксія’ (ушац., Жыв. сл.; ТС). Часта ў складаных назвах тыпу зязюліны слёзкі, параўн. слёзкі божэй ма́церы ‘гваздзік палявы’ (ТС), божыя слёзкі ‘тс’ (Кіс.), слёзкі авечыя ‘сачавіца’ (Сл. ПЗБ) і г. д. Аналагічна і ў іншых славянскіх мовах: рус. слёзки ‘гваздзіка, Dianthus deltoides’, кукушкины слёзки ‘дрыжнік’, чэш. slzy Panny Marie ‘тс’. Да сляза (гл.), мабыць, паводле формы каласкоў, круглявых або яйкападобных.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Спракуве́ку (спраку‑веку, спра́ку ве́ку) ‘спрадвеку, здаўна’ (Сержп., Ян.; карм., Сл. нар. фраз.; асіп., ваўк., чэрв., слуц., Сл. ПЗБ). Адваротны дэрыват ад спракаве́чны ‘старадаўні, шматвяковы’ (калінк., Арх. ГУ, Сцяшк. Сл., ТС), што да пракавечны ‘тс’ ад прок (гл.), параўн. ад праку ве́ку ‘здаўна’. Бузук (гл. Буз., 257) бачыў тут цікавы прыклад змены слова ў выніку ўтварэння рыфмы. З прычыны дээтымалагізацыі ўзніклі формы спрадка́ ‘спрадвеку’ (Ян.) ад продак (гл.), спрако́н ‘спрадвеку’ (Ласт.) — кантамінацыя спакон (гл.) і спракавечны, спракувеку.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Сталя́р ‘спецыяліст па тонкай апрацоўцы драўніны’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Байк. і Некр., Сцяшк., Сл. ПЗБ), сто́ляр ‘тс’ (Байк. і Некр., Бяльк., Сцяшк.), ст.-бел. столяръ ‘тс’; сюды ж сталя́рскі, сталя́рства (ТСБМ, Шат.). Укр. сто́ляр, рус. столя́р, разм. сто́ляр. З польск. stolarz ‘тс’, якое ўтворана ад stół ‘стол’ і калькуе ням. Tischler ‘тс’ ад ням. Tisch ‘стол’; гл. Фасмер, 3, 766 з літ-рай; Брукнер, 517. Карскі (1, 414) непасрэдным запазычаннем з польскай лічыць формы з націскам на першым складзе.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Таму́ ’па гэтай прычыне, вось чаму’, ’з гэтай (такой) мэтай’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Ласт.), ’з той прычыны’ (Бяльк.), том ’тс’ (гродз., Рам. Мат. Гр. 1). Укр. тому́, рус. потому́, ст.-польск. temu. З прасл. *tomu — адвербіялізаванай формы Д. скл. (т. зв. давальны прычыны і мэты) указальнага займенніка *tъ ’той’. Параўн. адвербіялізаваную форму М. скл. *ро tomъ, гл. по́тым (ESSJ SG, 2, 683; ЕСУМ, 5, 596). Скарочаная форма, паводле Карскага (2–3, 420), пад уплывам чом, гл.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Тата́к ’нібыта, быццам’ (Сцяшк. Сл.), ’так як’ (Бузук, Паўдн.-бел.), та́тык ’як бы, нібы’ (мін., навагр., Стан.), татэ́к ’як’: рыжы, татэ́к я́годка (ПСл). Параўн. балг. та́тък ’там’, дыял. та́така ’далей, туды’. Са спалучэння та і так (гл.), або так як з прыпадабненнем к > т у пачатку слова, параўн. таек, гл. Балгарскія формы не зусім пераканальна разглядаюцца як спалучэнне часціцы і злучніка ta (гл. та) з падвойнай партыкулай t‑k (як у тутака), гл. ESSJ SG, 2, 647.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
*Ташне́ць, тошне́ць ’ныць, млець’: тошняць мое ногі (ТС), сюды ж ташні́ць ’нудзіць, гідзіць’ (ЛА, 3), тошны́ты ’тс’ (Арх. Вяр.), тошніт ’цягне на ваніты’ (Вруб.), н.-луж. tešniś ’трывожыць, маркоціць’, у аснове якіх прасл. *tъšьnъ‑jь (гл. тошна), адносна пераходу sk > š гл. Шустар-Шэўц, 1572, параўн. таскніць, таска, гл. Шырокае распаўсюджанне формы ташні́ць і пад., якая на ўсёй тэрыторыі Беларусі сустракаецца побач з ну́дзіць, гі́дзіць, сведчыць аб уплыве рускай мовы, параўн. рус. тошни́ть ’цягнуць на ваніты’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Трыпе́рсніца ‘гусялапка, Alchemilla vulgaris L.’ (Некр. і Байк., Яруш., Гарэц., Байк. і Некр., Кіс.), трыпе́рстнік ‘кураслеп дуброўны, Anemone nemorosa L.’ (Бейл.), трыпе́рсціца ‘герань балотная, Geranium palustre L.’ (Касп., Дэмб. 1; маг., Кіс.). Фармальна ўсе выводзяцца з тры (гл.) і ⁺перст ‘палец’ (гл. пярсцёнак), уключаючы і трыперсніца (у якім ‑т‑ выпала), хаця лісты іх — паводле формы якіх названы расліны — могуць мець не толькі тры, але і іншую колькасць долей, аднак лічбе тры прыпісваецца асаблівая магічная сіла (Коласава, Лексика, 128).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)